Па iнiцыятыве МУС у тэставым рэжыме запрацаваў сайт, якi дапаможа нарказалежным пачаць новае жыццё

Адмiнiстратар уключыў рэсурс

Людзі, якія ўжываюць наркотыкі, і іх блізкія часта баяцца ўсеагульнага асуджэння, не ведаюць, дзе шукаць дапамогі. Па ініцыятыве МУС створаны інфармацыйны рэсурс – кансультатыўная пляцоўка, якая аб’яднае рэабілітацыйныя цэнтры, грамадскія арганізацыі, куды могуць звярнуцца з любым пытаннем і нарказалежныя, і іх блізкія, і проста тыя, каго хвалюе праблема наркаманіі.

Часта тыя, хто ўжывае наркотыкі, не ведаюць, куды звярнуцца са сваімі праблемамі

Карэспандэнт «Р» высвятляла, якую дапамогу і каму прапануюць на сайце pomogut.by.

Барацьба з наркотыкамі ў нашай краіне вядзецца даволі паспяхова: у параўнанні з мінулым годам стала на 45% менш выпадкаў перадазіровак, а сярод падлеткаў гэты паказчык зменшыўся ў 9 разоў. Штогод змяншаецца колькасць нарказалежных, якія знаходзяцца на дыспансерных або прафілактычных уліках. Значна меншай стала колькасць злачынстваў, звязаных з наркотыкамі. Нягледзячы на гэта, у галоўным упраўленні па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС лічаць малаэфектыўнымі існуючыя метады прафілактыкі наркаманіі і папярэджання нарказлачынстваў.

— Калі мы пагутарылі з нарказалежнымі, са спецыялістамі, з прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый, каб высветліць, чаму тыя, хто ўжывае наркотыкі, хаваюцца ў цень, то прыйшлі да высновы, што вялікі аб’ём інфармацыі аб праблеме наркаманіі, якая сёння даступная для людзей, вельмі разрознены. Многія не ведаюць, куды звяр-нуцца са сваёй праблемай, баяцца агалоскі, крымінальнай адказнасці. У сувязі з гэтам МУС выступіла ініцыя-тарам стварэння новага інфармацыйнага рэсурсу, арыентаванага на пэўную аўдыторыю: залежныя і сузалежныя, дзеці і падлеткі, нераўнадушныя грамадзяне. Інфармацыйны рэсурс можа ў рэжыме рэальнага часу — шляхам тэлефоннай размовы або інтэрнэт-перапіскі — забяспечыць кожнага з тых, хто звярнуўся да яго, ведамі па канкрэтнай праблеме, — патлумачыла Кацярына Шэлегава, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС. — Пакуль што рэсурс працуе ў тэставым рэжыме. Такім чынам мы спадзяёмся вывесці прафілактыку і папярэджанне на якасна новы ўзровень.

Новы інфармацыйны рэсурс дапаможа наркаманам і іх блізкім
Фота Паўла ЧУЙКО

Ужо зараз на сайце pomogut.by можна даведацца, якую экстранную дапамогу трэба аказаць у чаканні хуткай дапамогі пры атручэннях наркотыкамі. У стадыі напаўнення знаходяцца рубрыкі «Прававая інфармацыя», «ВІЧ і гепатыт», а таксама «Зрыў». На адной інтэрнэт-старонцы размешчаны пералік арганізацый, да якіх можна звярнуцца за дапамогай. У ім — медыцынскія ўстановы, рэабілітацыйныя цэнтры і фонды, дабрачынныя і грамадскія арганізацыі. Мяркуецца, што гэты спіс будзе пашырацца. У міністэрстве падкрэсліваюць, што зносіны з кансультантамі кол-цэнтра і спецыялістамі — ананімныя, канфідэнцыяльныя і бясплатныя.

Цікавую і карысную інфармацыю на сайце знойдуць розныя катэгорыі наведвальнікаў. Тым, хто ўжывае наркотыкі і не збіраецца ад іх адмаўляцца, падкажуць, дзе можна абмяняць выкарыстаныя шпрыцы і іголкі, атрымаць прэзерватывы, дэзінфіцыруючыя сродкі, кансультацыю па медыцынскіх і псіхалагічных пытаннях, а таксама прайсці экспрэс-тэсціраванне на ВІЧ і вірусныя гепатыты В і С. Нарказалежныя ў стадыі рэмісіі даведаюцца на гэтым рэсурсе, куды звярнуцца за працаўладкаваннем, дапамогай у аднаўленні дакументаў.

У асабліва цяжкім становішчы пастаяннага стрэсу і страху знаходзяцца сузалежныя людзі — блізкія тых, хто ўжывае наркотыкі. Ім самім патрэбны дапамога, падтрымка, а таксама рэабілітацыя. Лепш за ўсё гэту праблему дапамагаюць вырашыць групы ўзаемадапамогі, інфармацыю аб якіх таксама змяшчае сайт pomogut.by.

Звязацца з кансультантамі кол-цэнтра можна па тэлефоне, праз анлайн-чат, месенджар Telegram, а таксама з дапамогай SMS-паведамленняў.

nevmer@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter