Калі быць фізічна актыўнымі ды ўжываць прадукты, якія дае родная зямля, можна жыць доўга і шчасліва

Адметныя звычкі доўгажыхароў

Што такое блакітная зона і чаму 150 гадоў — не мяжа для жыцця чалавека, расказваў на семінары-лекцыі ў Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі прэзідэнт Сусветнай супольнасці даўгалецця доктар Раберта Пілі

Калі быць фізічна актыўнымі ды ўжываць прадукты, якія дае родная зямля, можна жыць доўга і шчасліва. Пра гэта казаў на семінары ў Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі прэзідэнт Сусветнай супольнасці даўгалецця доктар Раберта Пілі. Дарэчы, сустрэча ладзілася пры ўдзеле Ганаровага консульства Беларусі ў Кальяры (Сардзінія) і Італа-беларускага цэнтра супрацоўніцтва і адукацыі “Сардзінія”.


Дактары з Інстытута генетыкі ды цыталогіі НАН Беларусі, Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, а таксама спецыялісты Універсітэта Кальяры і Сусветнай супольнасці даўгалецця разам спрабавалі знайсці адказы на пытанні: як захаваць на ўсё жыццё яснасць розуму і якія галоўныя кампаненты рэцэпта даўгалецця.

Раберта Пілі казаў, што адзінага сакрэту для гэтага не існуе. Затое, калі прытрымлівацца адразу некалькіх прынцыпаў здаровага ладу жыцця, то можна дасягнуць 100-гадовага ўзросту. Дый нават пераступіць яго. “Навуковыя даследаванні паказваюць, — казаў Раберта Пілі, — чалавек можа жыць і да 150 гадоў. Усё залежыць ад таго, якія прадукты выкарыстоўвае ён у ежу, наколькі актыўны лад жыцця вядзе. Але ўсё гэта, як ні дзіўна, павінна быць у гармоніі з метабалізмам, ці, па-простаму, абменам рэчываў чалавека”.

А ці падыдзе беларусам міжзем­наморская дыета? Дарэчы, гэта сістэма харчавання мае фенаменальную рэпутацыю: яна прызнана ЮНЕСКА нацыянальнай культурнай спадчынай Грэцыі, Італіі, Марока, Іспаніі, Харватыі, Кіпра, Партугаліі. Аказваецца, пры дапамозе ежы, багатай на вугляводы, аліўкавага алею ды чырвонага сухога віна можна не толькі схуднець, але і ўмацаваць здароўе, абараніць сябе ад сіндрому Альцгеймера, дыябету, хвароб сэрца. Аднак Раберта Пілі ўпэўнены: “Лепш прытрымлівацца тых кулінарных традыцый, якія склаліся ў рэгіёне. Калі спытаць каго з доўгажыхароў Беларусі, а іх у краіне каля 500, то, думаю, кожны адкажа: трэба харчавацца тымі прадуктамі, якія дае родная зямля”. Прычым важна ўлічваць сезоннасць: кавун ды вінаград узімку на карысць не пойдуць.  

Найлепшай сістэмай хар­чавання Раберта Пілі лічыць — біяразнастайную. Абавязкова на 60 працэнтаў дыета павінна складацца з гародніны ды фруктаў, для тлушчаў расліннага паходжання адводзіцца ў ёй 20 працэнтаў. Нельга забываць й пра мяса ды рыбу. Менавіта ў гэтых прадуктах утрымліваюцца мікраэлементы, якіх няма ў іншых.

Дарэчы, ва ўсіх пяці блакітных зонах свету, рэгіёнаў з найбольшай колькасцю доўгажыхароў, да якіх адносіцца і Сардзінія, насельніцтва вядзе актыўны лад жыцця. Людзі штодзень бегаюць, ездзяць на веласіпедах. Фізічныя нагрузкі ў іх — як добрыя звычкі.

А Ганаровы консул Беларусі на Сардзініі Джузэпэ Карбоні лічыць, што для таго каб стаць доўгажыхаром, неабходна яшчэ й быць шчаслівым. “Самая вялікая мая каштоўнасць — сям’я. Шчаслівы я й ад таго, што займаюся любімай справай: прадстаўляю ў Кальяры інтарэсы Беларусі, краіны, дзе я вучыўся і адкуль родам мая жонка. Дый я сам адчуваю сябе напалову беларусам. Мне вельмі камфортна знаходзіцца як у Італіі, так і ў Беларусі”.

Кацярына Мядзведская

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter