Паводле мінулагодняга рэйтынга Сусветнага банка “Вядзенне бізнесу” (Doing Business), наша краіна палепшыла сваю пазіцыю на 13 пунктаў, падняўшыся з 57-га месцы на 44-е

Адметнасці аднаго рэйтынга

Паводле мінулагодняга рэйтынга Сусветнага банка “Вядзенне бізнесу” (Doing Business), наша краіна палепшыла сваю пазіцыю на 13 пунктаў, падняўшыся з 57-га месцы на 44-е
Паводле мінулагодняга рэйтынга Сусветнага банка “Вядзенне бізнесу” (Doing Business), наша краіна палепшыла сваю пазіцыю на 13 пунктаў, падняўшыся з 57-га месцы на 44-е. З гэтым вынікам сярод краін СНД Беларусь абышла Расію, Малдову, Азербайджан, Украіну, Таджыкістан.


Своеасаблівы прарыў удалося здзейсніць па некалькіх пазіцыях. У прыватнасці, краіна перамясцілася з 40-га месца адразу на 12-е па паказчыку “Складанасць рэгістрацыі новага бізнесу”. “Атрыманне дазволу на будаўніцтва” зрабіла крок з 51-га месца на 34-е. Істотна ўдалося палепшыць паказчык “Падключэнне да сістэмы электразабеспячэння”. Па ім некалькі гадоў запар Беларусь займала самыя нізкія месцы. У цяперашнім рэйтынгу па гэтым пункце мы сышлі з “ганебнага”, як гаварылі раней у Міністэрстве энергетыкі, 148-га месца на 89-е. Намеснік галоўнага інжынера аб’яднання “Белэнерга” Валерый Поршнеў перакананы: у наступным годзе мы можам яшчэ палепшыць гэты паказчык. Праўда, для гэтага ёсць дзве ўмовы. Перш за ўсё эксперты Сусветнага банка ўлічаць змены і паляпшэнні, якія з’явіліся сёлета. І другое — бізнес не будзе ўскладняць сабе жыццё і пачне вырашаць пытанні сумесна з энергетыкамі. Пакуль кансэнсусу тут няма.


— Мы стварылі ўсе ўмовы для тэхналагічнага падключэння, выйшаў нават Указ № 397, які дазваляе па прынцыпе адной заявы ўвесь комплекс паслуг выканаць нам. Пакуль жа многія прадпрымальнікі, — наракае Валерый Поршнеў, — працуюць па старой схеме: атрымліваюць у нас тэхнічную ўмову, а далей ідуць “налева”, вяртаючыся толькі па падключэнне. Магчыма, тут іх бянтэжыць фінансавае пытанне...

Да рэйтынгаў можна ставіцца па-рознаму. Некаторыя краіны на справаздачу “Вядзенне бізнесу” зусім не звяртаюць увагі. Летась незалежны камітэт, створаны Сусветным банкам для сачэння за значнасцю даклада Doing Business, і зусім заявіў аб неабходнасці перастаць падлічваць гэты рэйтынг, паколькі ён можа быць недакладным. Тым не менш для многіх ацэнка ў гэтай справаздачы застаецца даволі важнай. Так, Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін ставіць канкрэтную задачу перад урадам — апынуцца ў першай дваццатцы да 2018 года. Наша мэта больш сціплая — не ніжэйшая за 30-ю пазіцыя. І цяперашняя ацэнка ўжо да таго блізкая.

Паліна Кавалеўская
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter