Тэатр імя Янкі Купалы адкрыў “Школу падаткаплацельшчыкаў”

Адлічэнні на добры настрой

Сярод лаўрэатаў спецыяльнай прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва па выніках 2016 года калектыў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Ён атрымаў гэтую ўзнагароду за значны ўклад у развіццё беларускага тэатральнага мастацтва, у тым ліку за прапаганду творчасці сучасных драматургаў. Прыемна здзіўляць гледача купалаўцы таксама ўмеюць. Вось і першая ў гэтым годзе прэм’ера мае ярка выражаны французскі “прысмак”. Мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Пінігін паставіў п’есу Луі Вернэя і Жоржа Бэра “Школа падаткаплацельшчыкаў” у перакладзе вядомага паэта Андрэя Хадановіча.

Фота прадстаўлена прэс-службай тэатра

Урэшце рэшт М. Пінігін сабраў добрую каманду аднадумцаў: ужо каторы раз касцюмы для яго спектакля зрабіла таленавітая Алена Ігруша, аўтарам канцэптуальнай сцэнаграфіі, якая мяняецца тройчы (такое зараз рэдкасць, усе стараюцца абысціся мінімумам сродкаў), стаў мастак Руслан Вашкевіч.

Дарэчы, Р. Вашкевічу было дзе разгуляцца. Першая дзея праходзіць у загарадным доме дырэктара дэпартамента падаходнага падатку Эміля Фромантэля (Віктар Манаеў). Дом зроблены ў гламурных танах, як і павінна быць на Блакітным узбярэжжы, але і тут Фромантэль, як пакажа далейшае дзеянне, не забываецца пра свае прафесійныя абавязкі. У другой дзеі Руслан Вашкевіч будуе на сцэне тыповую парыжскую кантору з адпаведнай мэбляй, крэсламі і вялікай картатэкай. У трэцяй увасабляе на сцэне, напэўна, перш за ўсё ўяўленні абывацеля аб тым, як павінна выглядаць тыповае буржуазнае жыллё. Кіч гэта ці ідэальная “дольчэ віта”, кожны глядач вырашае для сябе сам. Ёсць тут і пудзіла белага мядзведзя, і чырвоны дыван, і бліскучая Эйфелева вежа...

Канешне, французская камедыя не прадугледжвае пагружэння ў вялікі псіхалагізм. Яго тут і няма, у чым і крыецца хараство камедыйнага жанру. Усё дзеянне адбываецца імкліва і рытмічна, французскі дыялог выдаецца амаль кулямётнай чаргой.

Яшчэ адна рэдкасць для сённяшняга тэатра — спектакль ідзе з двума антрактамі. Але глядач не сыходзіць. Здаецца, Мікалай Пінігін упэўнены, што ўсім захочацца даведацца, чым жа скончыцца гэтая гісторыя. Такая рэжысёрская ўпэўненасць падкупляе.

Можна ўспомніць, што “Школа падаткаплацельшчыкаў” — не першая французская п’еса ў кар’еры рэжысёра. Раней Мікалай Пінігін паспяхова паставіў п’есу Франсіса Вэбера “Вячэра з прыдуркам”, якая выпала з рэпертуару тэатра толькі таму, что пасля раптоўнай смерці выканаўцы галоўнай ролі Сяргея Жураўля Пінігін не захацеў шукаць яму замену. Таксама французскую п’есу “Арт” рэжысёр ставіў нават два разы. У апошняй версіі, якая ідзе зараз у Купалаўскім тэатры, заняты як вопытныя акцёры (Алег Гарбуз, Павел Харланчук), так і маладыя (Аляксандр Казела). “Школа падаткаплацельшчыкаў” — яшчэ адна спроба зразумець французскі менталітэт.

ЦІКАВЫЯ ФАКТЫ

Луі Вернэй і Жорж Бэр напісалі “Школу падаткаплацельшчыкаў” у 1934 годзе — у самы разгар Вялікай дэпрэсіі. П’есу хутка пераклалі на некалькі моў, дабралася яна і да Савецкага Саюза. Ужо праз год яе паставілі ў Маскве ў студыі Юрыя Завадскага пад назвай “Школа неплацельшчыкаў”. Галоўныя ролі выконвалі Вера Марэцкая і Расціслаў Плят. У 1995 годзе, да стагоддзя Юрыя Завадскага, гэтая назва зноў з’явілася на афішы Тэатра імя Массавета.

У 2010 годзе Мікалай Пінігін ставіў п’есу “Школа падаткаплацельшчыкаў” на вялікай сцэне БДТ імя Таўстаногава.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter