Адкуль пайшлі мядзведзі?

У тых казках, якія захавалі старажытную міфалагічную аснову, мядзведзь заўсёды выступае заснавальнікам роду і дапамагае яго прадстаўнікам. Напрыклад, малаком мядзведзіхі вылечваюць ад цяжкай хваробы дзіця. Аднак у больш позніх казках, асабліва цесна знітаваных з легендамі, адбываецца пераасэнсаванне адносін паміж чалавекам і зверам: не мядзведзь паўстае заснавальнікам роду, а, наадварот, род мядзведзяў паходзіць ад чалавека.

У фальклорнай спадчыне беларусаў даволі выразна прасочваецца лінія стасункаў мядзведзя з жанчынай, які прыводзіў да нараджэння  незвычайнага хлопчыка, які хутка станавіўся самым дужым на свеце. Абавязковай рысай дзяцей, народжаных ад мядзведзя, было “мядзведжае вушка”.
Другая лінія “мядзведзь — чалавек” узнікла ў казачным эпасе ўжо, відаць, з прыходам хрысціянства. У корпусе беларускіх легенд захаваліся тэксты, у якіх прасочваецца лінія паходжання мядзведзяў ад чалавека. “Мядзведзь быў чалавекам, як яшчэ Бог хадзіў па зямлі. Хадзіў там бог гэтак старэнькім  старычком, старцом. Вот другей старац увідзеў яго ды думаець: “Дай-ка я яго спужаю, каб ён не хадзіў тут па маёй акрузе. Ды ўзяў ды пад мост і падлез. На тэй дарозе мост быў. Толькі Бог на мост, а старэц:
— Э-гэ! — і зароў, пужаць стаў.
А Бог кажа:
— Будзеш жа ты раўці ўвесь свой век.
Так той старац і стаў мядзведзем, толькі ступні чалавечыя”.
Яшчэ ў адной легендзе матыў ператварэння чалавека ў мядзведзя напаўняецца вострым сацыяльным зместам. Адзін чалавек так разгультаіўся, што перастаў працаваць, адно толькі гарэлку піў. Аднойчы мясцовыя мужыкі  сабраліся і купілі яму пляшку гарэлкі,  каб ён пацешыў іх душы “сваімі штукамі”. “Выпіў той мо з пляшку да й пачаў вычвараць розныя штукі. Але ось ідуць якіясь старцы. Пабачыў той п’яніца, апрануўся ў кажух, вывернуўшы яго ўверх шэрсцю, да й пабег пужаць  тых убогіх. Але то былі не простыя старцы, а сам Бог з анёламі. Зірнуў Бог на таго чалавека да й абярнуў яго ў мядзведзя”. Паспрабаваў той небарака кажух зняць, а ён прырос. Пацёгся ён у лес і да гэтага часу там жыве. “От затым у мядзведзя чалавечыя ногі і ён вельмі любіць гарэлку да салодзенькі мядок”. 
У другой легендзе сквапнага да мёду чалавека ў мядзведзя ператварае “калдун, што ўсё мог рабіць”. Матыў ператварэння чалавека ў мядзведзя гучыць яшчэ ў адной старой легендзе, але ўжо з элементамі хрысціянскай традыцыі: “Калі Хрыстос хадзіў па зямлі, то адзін чалавек хацеў напалохаць яго: вывернуўшы кажух поўсцю наверх, апрануў на сябе і пайшоў на карачках насустрач Хрысту. Хрыстос пазнаў, што гэта  чалавек, пазнаў і намеры яго, што ён хоча напалохаць яго, і таму сказаў яму: “Ну хадзі так заўсёды — векі вечныя”. Вывернуты кажух прырос да цела ў чалавека. А што гэта праўда, то кажуць: у мядзведзя лапы, як чалавечыя рукі”.
Шматлікія назіранні паляўнічых сведчаць, што сабакі брэшуць на мядзведзя, як на чалавека. Аб чалавечым паходжанні мядзведзя сведчаць і народныя ўяўленні аб тым, што Бог забараніў яму нападаць на чалавека. А калі такое адбывалася, то казалі, што гэта пакаранне чалавеку за здзейснены грэх.
Такім чынам, фальклорная спадчына беларусаў утрымлівае ў сабе два пласты светапоглядных уяўленняў адносна паходжання мядзведзя і яго стасункаў з чалавекам. З аднаго боку, архаічная традыцыя асэнсоўвае лінію паходжання асобнага роду людзей ад мядзведзя-першапродка, а з другога — ужо больш позняга, сфарміраванага  пад уплывам хрысціянскіх ідэй і каштоўнасцей; Бог ператварае ў мядзведзя чалавека, які парушае прынятыя правілы гарманічнага суіснавання.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter