Адкрыйце для сябе “Нечаканую Беларусь”

Вiктарына закончылася, але адкрыццi толькi пачынаюцца! У сумеснай вiктарыны “НГ” i выдавецтва “Рыфтур” “Нечаканая Беларусь” адразу тры пераможцы!

“Мяркуем, што на здымку, змешчаным 4 лiстапада, адно з азёр Браслаўскай групы, у басейне ракi Друйка, — пiша сям’я Палiўкаў з Iванаўскага раёна. — Браслаўская група азёр налiчвае каля 50 вадаёмаў. На возеры Струста сем астравоў: Чайчын, Шоша, Яленя i iншыя. На пясчанай касе вострава Чайчын гняздуецца вялiкая колькасць птушак. На возеры Снуды выдзяляецца 16 астравоў. Вада ў азёрах чыстая i празрыстая, таму падводныя раслiны пранiкаюць на глыбiню да 6 метраў. Мы думаем, што на здымку возера Струста”.
“А на здымку ад 11 лiстапада — горад Пiнск, — паведамляе Людмiла Жук з Нясвiжа. — Размешчаны ён у маляўнiчай мясцовасцi ў сутоках рэк Пiна i Прыпяць. Пiнск — адзiн з самых старажытных гарадоў Беларусi. У пiсьмовых крынiцах ён упершыню згадваецца пад 1097 г. у “Аповесцi мiнулых гадоў”. Летапiсная яго назва Пiнеск, Пiньск. Назва, вiдавочна, пайшла ад назвы ракi Пiна. У ХVI стагоддзi на месцы старажытнага дзядзiнца стаяў драўляны замак старасты, а на месцы вакольнага горада ўтварылiся два паўкальцы: унутранае i вонкавае, якое было абнесена землянымi ўмацаваннямi”.
“Неаднойчы даводзiлася бываць тут па працы, i кожны раз упэўнiвалiся, што нiякiя архiтэктурныя ўпрыгожаннi, нiякiя вiдарысы не заменяць шчырых i сардэчных людзей, якiя жывуць у палескiм краi”, — дадае Iрына СЯДОВА i ўся яе сям’я з Пружанаў.
“Нават крыху шкада развiтвацца з вашай вiктарынай, — прызнаецца ў сваiм лiсце Iрына Сядова. — Было вельмi прыемна ў ёй паўдзельнiчаць, пазнаёмiцца з незнаёмай Беларуссю. Але, ведаеце, за час, пакуль гарталi альбомы з прыгожымi вiдамi, усё больш упэўнiвалiся, што няма на свеце месца больш блiзкага, роднага i любiмага, чым наша малая радзiма. Месца, куды вяртаешся з паездак i падарожжаў, кожны куточак якога ведаеш не па здымках i тлумачэннях экскурсаводаў.
Каб не выбiвацца з тэмы, дасылаем вам вiд Пружан з вышынi птушынага палёту. Чырвоны дах справа — сядзiба Швыкоўскага ў гарадскiм старым парку, цяпер тут знаходзiцца музей”...
Нам таксама шкада развiтвацца з вамi, паважаныя ўдзельнiкi! Але мы цвёрда верым: людзей, якiя ўмеюць узнiмацца над будзённасцю, чакае яшчэ вялiкае мноства адкрыццяў. I таму развiтваемся з вамi толькi ў гэтым конкурсе. Вiктарына паказала, што нашы чытачы — захопленыя, нераўнадушныя да гiсторыi роднага краю, да прыгажосцi самай лепшай на свеце краiны людзi. Таму не спяшайцеся засмучацца, а кiньце сваiм уважлiвым пiльным вокам на суседнюю публiкацыю. Усё толькi пачынаецца!

Тры згаданыя ўдзельнiкi бездакорна цi амаль бездакорна прайшлi ўсе дзесяць этапаў вiктарыны. За такую любоў i цiкавасць да гiсторыi роднага краю яны атрымаюць падарункi ад выдавецтва “Рыфтур”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter