Адкрыйце для сябе “Нечаканую Беларусь”!

Самыя пiльныя i неабыякавыя да сваёй краiны чытачы далi правiльны адказ: на другiм здымку (змешчаны 16.09.2006) ратуша ў Вiцебску.

Акрамя адказаў на конкурсныя пытаннi, рэдакцыя атрымлiвае шмат цёплых слоў на свой адрас.
“Спачатку не думалi ўдзельнiчаць у новай вiктарыне, але пасля апублiкавання другога здымка вырашылi паспрабаваць, — пiша сям’я Палiўкаў з Iванаўскага раёна Брэсцкай вобласцi. — Бо вiктарына прымушае паглядзець на нашу краiну зусiм iнакш: абуджаецца цiкавасць да тых мясцiн, што мы бачым на фота, хочацца даведацца пра iх гiсторыю, знакамiтых людзей, з iмёнамi якiх яны звязаныя.
Хочацца трошкi расказаць пра гiсторыю нашай вёскi, першае ўпамiнанне пра якую было ў 1509 годзе. Яна носiць назву Яечкавiчы, якая паходзiць ад слова “яйка”. Справа ў тым, што вёска ўзнiкла на беразе Пiны, якая вясной разлiвалася i падыходзiла да самых хат. Мясцовасць вакол вёскi была забалочаная, на выспачках сярод балот гнездавалiся вадаплаўныя птушкi. Вясною, калi птушкi рабiлi кладкi, людзi плавалi ў лодках-пласкадонках i збiралi яйкi, якiя затым ужывалi ў ежу, а можа, i прадавалi ў суседнiм Пiнску. Праз нашу мясцовасць пралягаў шлях “з вараг у грэкi” па рацэ Пiне. Зараз каля нашай вёскi працякае Дняпроўска-Бугскi канал, якi звязвае Чарнаморскi басейн з Балтыйскiм, а ад Пiны засталiся толькi невялiкiя вадаёмы, пасля таго як яе русла было выпрамлена.”
“Я мяркую, што на фотаздымку — Вiцебская ратуша, помнiк архiтэктуры позняга барока i класiцызму, — паведамiла ўдзельнiца з Нясвiжа Людмiла Жук. — Пабудавана ў 1775 годзе ў Вiцебску на месцы драўлянай ратушы 16-га стагоддзя, якая згарэла. Сёння ў будынку размешчаны Вiцебскi абласны краязнаўчы музей”.
“Каб пазнаць тое, што нiколi не бачылi ўжывую, давялося нават пакорпацца ў даведнiках, — прызнаюцца Iрына Сядова, Юрый Сямашкiн i iх унучка Лiза Зайнудзiнава з Пружанаў. — Так што смела адказваем: на здымку ў газеце за 16 верасня — гарадская ратуша ў Вiцебску.
Мы з сям’ёй вырашылi працягваць удзел у вiктарыне. Тым больш што сапраўды захапiлiся. Аказваецца, мясцiны вакол сябе мы яшчэ сяк-так ведаем, а ад’едзь крыху ўбок — бяда!”
Сёння — чарговы, чацвёрты тур i новае заданне. Якiя мясцiны гэтым разам сфатаграфаваў для вас фотамастак Сяргей Плыткевiч?
Глядзiце, пазнавайце, адкрывайце для сябе нечаканую Беларусь!
Чакаем вашых лiстоў з адказамi i аповедам пра свае мясцiны на працягу двух тыдняў з моманту апублiкавання здымка. Лепшыя занатоўкi будуць апублiкаваны, актыўнасць удзельнiкаў будзе адзначана арганiзатарамi вiктарыны — рэдакцыяй “НГ” i выдавецтвам “Рыфтур”.
Пiшыце нам: 220013, г. Мiнск, вул. Б.Хмяльнiцкага, 10 а, “Народная газета”, з пазнакай “Нечаканая Беларусь”, цi на электронную скрыню info@ng-daily.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter