В БГУ запустили новый проект: студенты переводят с древних языков надписи в храмах страны

Адкрыты ўрок па латыні

У Год малой радзімы кожны з нас імкнецца зрабіць што-небудзь карыснае для сваёй вёскі, горада, краіны. Новы праект БДУ — якраз таму пацвярджэнне. Студэнты ўнівер-сітэта ездзяць па краіне, каб знайсці ў нашых храмах надпісы на лацінскай мове — пасланні нашчадкам, біблейскія цытаты, што засталіся на стагоддзі. Карэспандэнт «Р» сустрэлася з энтузіястамі і іх настаўнікамі, каб даведацца ўсе падрабязнасці.

Кіраўнік праекта Вольга Пракапчук (у цэнтры здымка): «Я і сама ўклала нямала сіл для рэалізацыі гэтай ідэі».

У кабінеце кафедры класічнай філалогіі паліцы ад падлогі да столі застаўлены энцыклапедыямі і слоўнікамі. Большасць кніг выглядае пашарпанымі — і не таму, што яны старыя. Справа ў тым, што студэнты штодня перагортваюць іх старонкі. Пераклад са старажытных моў — карпатлівая праца. За ёй застаю студэнтку Арыну Лаўрыновіч:

— Разам з аднагрупніцай абышлі ўсе мінскія каталіцкія храмы. Здымалі ўсё на камеру, а потым збіраліся ў чытальнай зале бібліятэкі або тут, на кафедры. Доўга і скрупулёзна вывучалі фота, перакладалі, аналізавалі. Камусьці можа здацца, што гэта сумная, руцінная праца. Але не для нас: я б сказала, што гэта вельмі цікава. І мы абавязкова працягнем справу!

Валерыя Скарабагатая, калега Арыны, прызнаецца: раней яна праходзіла міма старадаўніх храмаў і не заўважала ніякіх адметных дэталяў. Але цяпер усё па-іншаму:

— Не затрымацца ля надпісу на латыні зараз проста немагчыма. Мы збіраем матэрыял адусюль, каб скласці поўную карціну надпісаў у храмавай культуры краіны. Праца расцягнецца не на адзін год, але і сёння зроблена нямала.

Уседлівасць у гэтай справе не перашкодзіць. Назіраю і дзіўлюся: Кацярына Пашукевіч на маіх вачах хутка перакладае фразы, якія асабіста я адразу зразумець не змагу. Прызнаецца: ужо налаўчылася так, што праца са слоўнікамі і іншай літаратурай не займае шмат часу:

— Я родам з Магілёўскай вобласці, надпісы ў храмах перакладала менавіта там. Але на гэтым не спынюся — планую паездку ў Гродна, дзе нявывучанага матэрыялу яшчэ шмат. У перспектыве і замежныя паездкі: напрыклад, у Ватыкан, дзе можна набрацца вопыту, а потым выкарыстоўваць веды ў нашай краіне.

Ідэю далей працягваць праект падтрымлівае і студэнтка Юлія Парфёнава:

— Для паўнаты карціны трэба вывучыць лацінамоўныя надпісы не толькі ў нашых буйных гарадах, але і ў невялікіх населеных пунктах. Нават у маленькіх вёсачках. Зоймемся гэтым у самы бліжэйшы час. Дарэчы, мы вывучаем таксама надпісы на іншай старажытнай мове — грэчаскай. Яна ёсць і ў каталіцкіх храмах, але часцей за ўсё сустракаецца ў праваслаўных цэрквах, якіх у нашай краіне каля 1500.

Пераклад пасланняў нашчадкам і біблейскіх цытат са старажытных моў — руцінная, але важная праца. 
Фота Паўла ШНІПА

Пакуль дзяўчаты працуюць, разглядаю стэлажы і заўважаю шмат цікавага. Погляд чапляецца за надпіс Sursum corda, зроблены ля ўвахода ў Кафедральны сабор Святога Францыска Ксаверыя. Фарны касцёл знаходзіцца ў самым сэрцы Гродна, штодня міма яго праходзяць тысячы гараджан і турыстаў. І мала хто здагадваецца, што ў перакладзе са старажытнай мовы надпіс азначае «Узнясём сэрцы» — гэта заклік, з якім святар звяртаецца ў першай частцы каталіцкай літургіі.

А вось яшчэ адно адкрыццё для мяне: медальён у гонар 2000-годдзя Раства Хрыстова я бачыла ў мінскім архікафедральным саборы, размешчаным у Верхнім горадзе, але надпіс на медальёне перакласці не магла. Цяпер ведаю: там выгравіравана «Хрыстос учора, сёння, заўсёды».

Але бывае, мастакі дапускаюць памылкі, якія мы з вамі не адразу заўважаем.

— Возьмем, да прыкладу, надпіс на арцы ў Архікафедральным саборы Святога Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Там прапушчана літара, і промах выправілі ўжо пазней — проста напісалі яе зверху, — дзеляцца назіраннямі студэнткі.

Кіраўнік праекта Вольга Пракапчук праводзіць мяне да справаздачнага стэнда — прамежкавага выніку праведзенай працы. Дацэнт, кандыдат філалагічных навук, яна і сама ўклала нямала сіл для рэалізацыі гэтай ідэі:

— Лацінскую мову на беларускіх землях выкарыстоўвалі не толькі ў царкоўнай практыцы, літаратуры, юрыспрудэнцыі, дыпламатыі, але і ў іншых сферах дзейнасці, у тым ліку і ў архітэктуры. Усё гэта важна вывучаць і сістэматызаваць. У планах выдаць каталог лацінамоўных надпісаў у нашых храмах. Зборнік будзе карысны не толькі гісто-рыкам і культуролагам, але спатрэбіцца і экскурсаводам, турыстам. Госці павінны ведаць, што трапілі ў краіну з глыбокімі традыцыямі.

Дарэчы, у планах навукоўцаў і студэнтаў БДУ таксама супрацоўніцтва з Нацыянальным гістарычным музеем. Там каманда мовазнаўцаў зможа выкарыстаць свае веды для перакладу ўнікальных карт часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Вынікі апублікуюць у спецыяльных буклетах, якімі змогуць карыстацца наведвальнікі музея.

ypopko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter