Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Адкрыцці, якія ўражваюць

Дзякуючы найноўшым навуковым распрацоўкам у Беларусі ўжо вырошчваюць фрукты, ягады ды агародніну, якія раней былі экзотыкай

Яшчэ некалькі гадоў таму рэдкія для нашых шырот пекінская і брусэльская капуста, цыбуля-парэй, кавуны і дыні былі экзотыкай. Сёння гэтымі заморскімі прысмакамі нікога не здзівіш. Мы не толькі самі спажываем іх удосталь, але і “частуем” суседзяў. Шмат у чым такі поспех стаў магчымы дзякуючы дасягненням навукоўцаў — мікрабіёлагаў, генетыкаў, селекцыянераў.

Жнівень — час збору ўраджаю

Вядома, што 2017 год аб’яўлены ў Беларусі Годам навукі. На працягу года вучоныя, не стамляючыся, паказваюць і расказваюць нам, як іх навуковыя тэхналогіі ўкараняюцца ў вытворчасць, прыносяць эканоміцы сапраўдную практычную карысць. На нядаўняй прэс-канферэнцыі ў Прэс-цэнтры Дома прэсы пра новыя распрацоўкі для сельскай гаспадаркі расказвалі кіраўнікі вядучых навукова-практычных цэнтраў краіны. Гаварылі на ёй і пра новыя аграпрамысловыя тэхналогіі, і ўклад навукоўцаў у развіццё сельскай гаспадарцы.

Па словах намесніка дырэктара Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па земляробстве Эромы Урбана,  за апошні час супрацоўнікамі ўстановы распрацавана дзесяць новых гатункаў збожжавых культур. Усяго ж селекцыянерамі цэнтра створана больш за трыста шэсцьдзясят гатункаў збожжавых, зернебабовых, кармавых культур. Семдзясят з іх выкарыстоўваюцца ў Расіі, ва Украіне, у Літве, Латвіі, Германіі, Малдове, Кыргызстане. Дарэчы, гэта вядучая навукова-даследчая ўстанова ў аграрнай галіне Беларусі. Нядаўна цэнтр адзначыў 90-гадовы юбілей. І сваімі распрацоўкамі ён сапраўды ўносіць значны ўклад у забеспячэнне харчовай бяспекі краіны.

Намеснік дырэктара Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі Дзмітры Комлач паведаміў, што за апошнія пяць гадоў навукоўцамі цэнтра было распрацавана больш за сто розных машын і абсталявання для сельскай гаспадаркі. Пятнаццаць з іх за апошні год былі пастаўлены на серыйную вытворчасць. Так, ужо прайшоў усе выпрабаванні 12-корпусны абаротны плуг. Ён дазваляе якасна апрацаваць да 50 гектараў глебы ў дзень. Ёсць яшчэ адна распрацоўка навукоўцаў: шматфункцыянальны глебаўтваральны агрэгат шырынёй захопу 6 метраў. Хуткая змена яго модуляў дазваляе апрацоўваць глебу па ўсіх існуючых сёння тэхналогіях. Увогуле гэтая ўстанова як злучальнае звяно паміж сельскагаспадарчай вытворчасцю і машынабудаваннем. Навукоўцы яго ствараюць высокапрадукцыйную тэхніку, механізмы і матэрыялы на падставе найноўшых перадавых тэхналогій. 
Першы беларускі камбайн па зборы ягад
Фота БелТА

Спецыяліст расказваў і пра вытворчасць машын, якія распрацаваныя па праграме Саюзнай дзяржавы і дазваляюць па новай тэхналогіі атрымліваць высокія ўраджаі бульбы. Сярод апошніх распрацовак беларускіх вучоных — і машына для ўнясення цвёрдых мінеральных угнаенняў. Цяпер уносіць насенне траў і мінеральныя ўгнаенні можна прама ў іржышча.

Здзіўляюць і распрацоўкі спецыялістаў Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па харчаванні. Сярод апошніх — сокі для дзяцей, узбагачаныя вітамінамі хлебабулачныя і мучныя кандытарскія вырабы, безцукровы шакалад, печыва, мюслі. А новы перспектыўны кірунак работы цэнтра — перапрацоўка бульбы на крухмал. Так, распрацаваны летась мадыфікаваны крухмал для бурэння цалкам забяспечыў патрэбы буравой і нафтаздабываючай прамысловасці Беларусі. Сёння такі крухмал пастаўляецца на рынкі Германіі і Расіі.

Канешне, мы, журналісты, не можам ацаніць працу таго або іншага агрэгата. Але на прылаўках магазінаў, сапраўды, шмат прадуктаў, і дэфіцыту іх няма. І ў гэтым заслуга не толькі работнікаў харчовай ці сельскагаспадарчай вытворчасці, але і навукоўцаў, якія здзіўляюць нас сваімі адкрыццямі.

Дарэчы, месяц таму вучоныя НАН прадставілі першы беларускі камбайн па зборы ягад. Цяпер з яго дапамогай можна не толькі збіраць парэчкі, маліны ды іншыя ягады, але і адмовіцца ад выкарыстання каштоўнай імпартнай тэхнікі. 

Іна Ганчаровіч

Голас Радзімы № 31 (3535), чацвер, 17 жніўня, 2017 у PDF

Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?
Новости
Все новости