Фотамастак Валерый Вядрэнка дбае пра будучыню Лошыцкага сядзібна-паркавага комплексу

Адкрыццi Лошыцкага дзённiка

Вясной у Лошыцкім сядзібна-паркавым комплексе што ні выхадныя — суботнікі і акцыі па навядзенні парадку. Уклад у прыгажосць мінчане робяць не толькі рыдлёўкай і венікам — сваё прысвячэнне гэтым мясцінам зрабіў фотамастак Валерый Вядрэнка, знакаміты сваёй любоўю і ўвагай да краявідаў Беларусі і яе старажытных помнікаў архітэктуры. 

Валерый ВЯДРЭНКА марыў здымаць кіно, але знайшоў сябе як фотамастак

Калі дакладней, то «Лошыцкі дыярыуш» («Лошыцкі дзённік») — праект, які мастак рыхтуе з дзясятак гадоў. Здымаць Лошыцу Вядрэнка пачаў тады, калі яна стаяла закінутая і разбураная:

— Калі шчыра, я ўсё жыццё прыглядаўся да Лошыцы. Мяркую, кожны мінчанін любога ўзросту неабыякавы да гэтага месца. Як мастак я бачыў яго вельмі прывабным — такі зайздросны аб’ём архітэктуры і ландшафту. Рамантычнае месца, поўнае паданняў. Я доўга думаў, як «падкрасціся» да яго. Здымкаў назбіралася шмат, і толькі калі з’явілася лічбавае фота, я сказаў сабе: «Эўрыка!» Я стаў імправізаваць з рэальнымі выявамі, аб’ектамі, але дадумваў сюжэт, выкарыстоўваў фотапластыку, сумяшчаў на першы погляд несумяшчальнае, і ўсё гэта ў чорна-белай з залацістымі адценнямі гаме. 

Атрымалася крыху сумнае, настальгічнае, але пераканаўчае рэтра. Такое не зробіш звычайным плёначным фотаапаратам.

Зрэшты, ён марыў пра кіно. Бачыў сябе стваральнікам фільмаў. З мастацтвам «сінема» ў Вядрэнкі не заладзілася, але мару пра разгорнуты сюжэт мастак увасобіў у фота. На выставе-прысвячэнні Лошыцкай сядзібе кожнае фота — асобная гісторыя, напоўненая фантазіяй, персанажамі і ўнутранай дзеяй. З аднаго боку, тут знаёмыя пейзажы, архітэктурныя пабудовы і звычайныя людзі. З іншага — мастак дзеліцца сваімі прыдумкамі: як усё магло выглядаць стагоддзі таму, як бавілі час гаспадары сядзібы Прушынскія і Любанскія і іх госці.

— Я захапіўся не толькі мінуўшчынай Лошыцы. Я думаю пра яе будучыню. Добра, што сядзібна-паркавы комплекс адноўлены і рэканструяваны з дапамогай дзяржавы. Але самі людзі, самі мы... Вядома, час і прыродныя стыхіі не спыніць: напрыклад, мінулагодняя летняя бура загубіла шмат унікальных дрэў, у тым ліку адзін са славутых трохсотгадовых «заручальных» дубоў. Але шмат мы знішчаем і самі, сваімі рукамі.

Лошыцу Вядрэнка ўвасобіў не толькі ў выставе, але і ў аўтарскім фотаальбоме

Хачу прывесці прыклад шматлікіх піўных свят, якія з вясны і да восені «селяцца» на тэрыторыі парку. Па-першае, пасля такіх разгулаў гарантаваны сметнік. Па-другое: няўжо нельга знайсці для такіх забаў іншае месца, не гістарычную частку Мінска? Ці настолькі важна адпачываць з келіхамі піва менавіта паміж сядзібай і Свіслаччу? На мой погляд, гэта культура чалавека — уменне сказаць самому сабе «не», нават калі вельмі гэтага хочацца, — абураецца фотамайстар.

Лошыцу дагледжаную і прыгожую Вядрэнка ўвасобіў не толькі ў выставе, але і ў аўтарскім фотаальбоме. На сотнях яго старонак — пейзажы і тэкставыя апісанні. Вядрэнка ў кнізе выступіў не толькі як майстар кадра, але і як пісьменнік. Альбом — гэта скарочаны і таніраваны варыянт выставы, ён падзелены на некалькі раздзелаў, і кожны прысвечаны той ці іншай загадцы Лошыцы, яе героям і розным этапам часу. 

Зрэшты, сам мастак менавіта кніжную версію лічыць найвялікшым сваім поспехам. Згадзіцеся, погляд на выставачную экспазіцыю залежыць ад масы ўмоў: асвятлення, ракурсу, пад якім размешчаны работы. А ў альбоме ўсё проста і адначасова дакладна. Ён у прамым сэнсе больш даступны да дакранання рукамі і вачамі.  

На старонках альбома і на выставе Валерыя Вядрэнкі вы не ўбачыце інтэр’ераў Лошыцкай сядзібы. Мастак завяршыў свой здымачны працэс да таго, як можна было ўвайсці ў адноўленыя лошыцкія пабудовы. А яны, між іншым, цудоўныя. Так, пасля рэстаўрацыі графскі дом захаваў арыгінальныя кафельныя печы ручной работы, ляпніну на столі, некалькі інтэр’ерных дробязей. Не-

аўтэнтычныя ж часткі двухпавярховага дома адноўлены з поўным улікам таго, як усё і было стагоддзе-два таму. Афарбоўка сцен, мэбля, дываны — сучасныя, але ў стылі мінулай эпохі. Калісьці дом беларускіх арыстакратаў, сёння — музей.

Алеся УЛАДЗІМІРАВА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter