Адкрытасць і непрадузятасць вітаюцца

З асаблівым пачуццём зайшла на свой выбарчы ўчастак на вуліцы Чэхава
З асаблівым пачуццём зайшла на свой выбарчы ўчастак на вуліцы Чэхава — менавіта ў гэтай школе, дзе ён размяшчаецца, вучыўся мой сын. А значыць, усе лепшыя і светлыя пачуцці звязаны са сценамі, дзе ў гэты дзень рабілі выбар і многія іншыя мае суграмадзяне. Выканаўшы свой грамадзянскі абавязак, пагутарыўшы са знаёмымі настаўнікамі, вырашыла не аддавацца доўгай настальгіі і наведацца на суседні ўчастак на вуліцы Грыбаедава, адкуль даносіліся заклікальныя гукі даволі прафесійнай жывой музыкі, — у Мінскі дзяржаўны музычны каледж. Яго навучэнцам пад сілу выканаць оду “Да радасці” Бетховена, якая з’яўляецца гімнам Еўрапейскага саюза і Савета Еўропы...


Кент Харстэд і Джэймс Уолш
Фота: Артур Прупас


Такая думка прыйшла не выпадкова — калегі паведамілі, што менавіта на гэты ўчастак павінны наведацца назіральнікі з Парламенцкай асамблеі АБСЕ. І так атрымалася, што практычна на парозе я сутыкнулася з кіраўніком дэлегацыі Парламенцкай асамблеі АБСЕ спадаром Джэймсам Уолшам, а таксама спецыяльным каардынатарам, які ўзначальвае каманду кароткатэрміновых назіральнікаў місіі АБСЕ, Кентам Харстэдам.

“Як вам наша свята?” — з усмешкай пытаюся ўслед за прывітаннем.

І атрымліваю такі ж просты, добразычлівы адказ ад кіраўніка дэлегацыі Джэймса Уолша: “Не было магчымасці паглядзець увесь горад, але ўсё, што бачылі, цудоўна. Вельмі шмат праходзіць сходаў, сустрэч, у тым ліку і з прадстаўнікамі масмедыя ды іншых арганізацый. Так, сапраўды, людзі выглядалі вельмі расслабленымі, спакойнымі”.

Зрэшты, палітыкі такога ўзроўню не тыя людзі, з якімі можна мець зносіны на хаду. А таму ветліва прашу ўдзяліць мне пару хвілін, каб адказаць на мае пытанні. І насуперак суровым папярэджанням, якія суправаджалі прэс-афіцэраў аб тым, што, маўляў, усе адказы журналісты атрымаюць на прэс-канферэнцыі ў панядзелак, спадар Джэймс Уолш з калегам Кентам Харстэдам дэманструюць адкрытасць да зносінаў.

Гэты эпізод мне здаўся вельмі важным. Так, еўрапейскія назіральнікі яшчэ спішуць гару паперы, адзначыўшы ўсе асаблівасці і тонкасці праведзеных выбараў. Але манускрыпты мёртвыя, калі за імі не стаіць еўрапейская душа. Тая самая, якая апета ў одзе “Да радасці” і якая сёння павінна праявіць сябе ў агульнаеўрапейскай салідарнасці. Асабліва ўлічваючы тыя ўзрушэнні, якія перажывае наш агульны еўрапейскі дом. Гэтае галоўнае пытанне я і адрасую маім суразмоўцам:

— Дзякуй вялікі за магчымасць задаць пытанні. Парламенцкая асамблея АБСЕ — гэта вельмі важная структура ў ажыццяўленні агульнаеўрапейскага дыялогу. Скажыце, калі ласка, як вы ацэньваеце сёння гэты працэс і наколькі мінскі мірны працэс палепшыў гэты дыялог?

Кент Харстэд, спецыяльны каардынатар, які ўзначальвае каманду кароткатэрміновых назіральнікаў місіі АБСЕ:

— Гэта вельмі вялікае пытанне, можна вітаць тую ролю, якую Мінск адыграў у якасці пляцоўкі для мірных перагавораў. Вядома, мы знаходзімся тут таму, што праходзяць выбары. Але я думаю, ніхто не будзе пярэчыць, калі я скажу, што роля, якую адыграла Беларусь як краіна, якая прымала гэтыя перагаворы, вялікая. І вядома, для Беларусі многае знаходзіцца на кану, каб у рэгіёне, які яе акружае, наступілі мір і спакой.

— Ці можна гаварыць пра ўзаемную адкрытасць?

— Вядома. Я думаю, што еўрапейскія краіны хочуць быць адкрытыя не толькі для Беларусі, але і для многіх іншых дзяржаў. Але гэта павінна быць нешта, што грунтуецца на асноватворных прынцыпах. Але я не буду ўдавацца ў дэталі, бо знаходжуся тут для назірання за выбарамі і мы не абмяркоўваем палітыку. Я думаю, людзі ў Еўропе хочуць бачыць добрае жыццё людзей у Беларусі.

Джэймс Уолш, кіраўнік дэлегацыі Парламенцкай асамблеі АБСЕ:

— Я думаю, што ў Еўропе мы бачылі наступствы многіх канфліктаў і на Блізкім Усходзе, і ва Украіне, таму і вельмі заклапочаныя гэтым. Мы вітаем пазітыўны крок з боку Беларусі, каб прыняць мірныя перагаворы. Вядома, Беларусь прыцягнула шмат грамадскай увагі, правёўшы такія перагаворы, разам з тым важна сказаць, што цяпер увага да Беларусі прыкавана ў сувязі з выбарамі. Мы хочам, каб выбары прайшлі такім чынам, каб мы маглі расказаць нешта добрае ў выніку і каб пазбегнуць тых падзей, якія адбыліся ў 2010 годзе... Таму ўвагай, якую Беларусь цяпер атрымала, нікому нельга пагарджаць.

— Дзякуй, мы сходзімся ў тым, што хочам сказаць адзін аднаму толькі добрае.

Ніна Раманава


За што вы галасавалі?


Вадзім Здышчук, механізатар ААТ “Камароўка”, Брэсцкі раён:

— Я аддаў свой голас за перамены, якія адбываюцца на вёсцы. У нашым аграгарадку Камароўка, на радзіме першага беларускага касманаўта двойчы Героя Савецкага Саюза Пятра Клімука, яны прыкметныя асабліва. Пасля капітальнага рамонту мясцовая сярэдняя школа стала адной з лепшых у вобласці. Тут пабудавалі выдатны спарткомплекс з двума басейнамі, стадыёнам, тэнісным кортам, увялі ў строй два гатэлі, рэстаран і іншыя аб’екты. Гаспадарка, у якой я працую, мае шмат сучаснай тэхнікі. На беларускім камбайне КЗС-1218 кожны год удзельнічаю ў жніве. Неаднаразова выходзіў у пераможцы і прызёры абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў на ўборцы ўраджаю. Калісьці пра такое тэхнічнае забеспячэнне можна было толькі марыць. Я за тое, каб вёска і далей адраджалася.

Ірына Мікуцкая, студэнтка філфака ВДУ імя Машэрава, Віцебск:


— Як філолагу, які вывучае беларускую мову, мне важна, каб родная мова ў нашай краіне стала больш папулярнай. Каб у грамадстве яна ўжывалася шырока і актыўна. Усё гэта ўлічвала, аддаючы свой голас на выбарах.

Вольга Фаміна, Брэст:

— Галасавала ўпершыню. Хвалявалася. Хоць усё арганізавана дакладна і зразумела. За што галасавала? Я жыву ў цудоўнай краіне і нікуды не хачу з’язджаць. Таму аддала свой голас за стабільнасць. Банальна? Не, і ў цяперашняй няпростай абстаноўцы гэта разумеюць усе — не толькі людзі дасведчаныя, але і мы, моладзь.

Валянціна Сацінава, пенсіянерка, Брэст:

— Меркаванне маё сфарміравана даўно. Я — за мір, за развіццё, за цывілізаванае вырашэнне як эканамічных, так і палітычных пытанняў. Не хачу, каб у нас было, як ва Украіне.

Чый прагноз больш дакладны

Апытанне на выхадзе — менавіта так з англійскай мовы перакладаецца словазлучэнне exit poll. Сістэму апытання грамадзян на выхадзе з выбарчых участкаў сацыёлагі прыдумалі для таго, каб атрымаць аператыўныя прагнозы вынікаў галасавання яшчэ да таго, як будуць аб’яўлены афіцыйныя папярэднія дадзеныя. І гэтая методыка спрацоўвае, можна сказаць, на ўсе сто, у чым пераканаўся і наш карэспандэнт.


У фізкультурна-спартыўным цэнтры дзяцей і моладзі Фрунзенскага раёна Мінска працавалі адразу тры выбарчыя ўчасткі. А таму з самай раніцы тут было асабліва ажыўлена.

Студэнты БДУ Арцём Сапрыка, Ліна Равенская і Юлія Кузьміч прадстаўлялі Інстытут параўнальных сацыяльных даследаванняў “Еўразійскі барометр”, штаб-кватэра якога знаходзіцца ў Вене. Гэта адна з трох арганізацый, якая ўпаўнаважана праводзіць экзітполы ў цяперашняй выбарчай кампаніі. Большасць выбаршчыкаў ахвотна ішла насустрач інтэрв’юерам. А тыя кожную гадзіну адпраўлялі атрыманую інфармацыю ў офіс для апрацоўкі. Туды ж паступалі дадзеныя з астатніх участкаў. Прафесар Крысціян Херпфер, дырэктар Інстытута параўнальных сацыяльных даследаванняў “Еўразійскі барометр”, асабіста кантраляваў работу сваіх падначаленых. Спецыялісты выбралі 303 участкі ва ўсіх рэгіёнах, на кожным працавалі па тры чалавекі.

— Гэта наш першы экзітпол у Беларусі, — расказаў мне Крысціян Херпфер. — У нашай арганізацыі тут даволі моцная каманда, мы супрацоўнічаем з 13 ВНУ, працуем з 17 вядучымі прафесарамі. Вынікі нашых апытанняў — адны з самых дакладных у Еўропе. Разыходжанне з афіцыйнымі дадзенымі ў межах статыстычнай хібнасці. Гэта значыць плюс-мінус тры працэнты.

Дзелячыся ўражаннямі аб выбарчым працэсе ў цэлым, Крысціян Херпфер, у прыватнасці, адзначыў:

— Мне імпануе, што выбарчая кампанія ў вас праходзіць мірна. Выбаршчыкі настроены спакойна і пазітыўна, адчуваюць сябе ўпэўнена і свабодна могуць выказаць сваё меркаванне.

Акрамя “Еўразійскага барометра”, экзітполы сёлета праводзілі Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук і Маладзёжная лабараторыя сацыялагічных даследаванняў Беларускага камітэта маладзёжных арганізацый.

— Усе лічбы з участкаў паступаюць да нас у закадзіраваным выглядзе. Гэта значыць экзітполаўцы не называюць участак, а называюць пэўную кадзіроўку. Ключ да яе ёсць толькі ў некалькіх чалавек. Гэта кіраўнікі лабараторыі, якія ажыццяўляюць падлік, — прыадкрыла кухню экзітпола Алеся Віннік, намеснік кіраўніка Маладзёжнай лабараторыі.

Такія строгія правілы цалкам абгрунтаваныя. Яны выключаюць усялякія злоўжыванні і маніпуляцыі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter