Адкрытае сэрца Зіновія Бабія

У 60—70-х Зіновій Бабій быў самай яркай зоркай нашага опернага тэатра
У 60—70-х Зіновій Бабій быў самай яркай зоркай нашага опернага тэатра. «Беларускі Арфей», «Наш Каруза» — якіх толькі кампліментаў не чуў ён у час сваіх выступленняў. Публіка яго абагаўляла, яна літаральна закідвала кіраўніцтва тэатра лістамі з удзячнасцю за запрашэнне спевака ў Беларусь. А ў Кіеве і Львове тым часам кусалі локці, што не здолелі затрымаць артыста ў сябе. Напярэдадні 80-годдзя Зіновія Бабія вядомага спевака ўзгадвае яго малодшы брат Уладзімір.

Шлях да вялікай сцэны і глядацкага захаплення ў Зіновія быў дастаткова доўгім. Ён нарадзіўся ў звычайнай сялянскай сям’і ў дваццаці кіламетрах ад Львова. Бацька захапляўся музыкай, нават меў патэфон. Сыны яго сталелі, слухаючы Шаляпіна і Каруза. 

Але калі прыйшоў час выбіраць будучую прафесію, Зіновій пайшоў вучыцца ў тэхнікум савецкага гандлю. Чаму не ў музычнае вучылішча? Гэтае пытанне яму задавалі ўсе аднавяскоўцы, якія чулі, як хлопец спявае, пасвячы кароў. Музыкай шмат не заробіш, тлумачыў ён, трэба атрымаць сапраўдную прафесію. Але хутка прыйшлося забыць не толькі пра песні, але і пра гандаль. 

Аднойчы, вяртаючыся з тэхнікума ў вёску, Зіновій пачуў грукат цягніка і з усяе сілы пабег да станцыі, каб паспець. Дабег, але аказалася, што гэта не яго цягнік. Хлопец яшчэ некалькі гадзін прасядзеў на марозе, а тэмпература скокнула пад сорак градусаў, дыягназ — запаленне лёгкіх. 

— Менавіта тады бацькі задумаліся аб тым, каб займець яшчэ адно дзіця, так на свет з’явіўся я, — Уладзімір Бабій далікатна апускае падрабязнасці той хваробы, але і так зразумела, што Зіновія ледзь выцягнулі з таго свету.

Калі малодшы брат нарадзіўся, старэйшы ўжо вылечыўся, толькі час ад часу нылі суставы, тахкала сэрца. Ён кінуў тэхнікум, але ў вёску вяртацца не хацеў. У Львове дзядзька ўладкаваў яго рабочым у домакіраўніцтве. Але вось яна, іронія лёсу: па суседстве жыў бандурыст, ён навучыў хлопца іграць на інструменце, і неўзабаве той пайшоў паступаць у музычнае вучылішча. Яго прынялі і вельмі хутка параілі перайсці на іншае аддзяленне — вакальнае. Гэта якраз было тое, аб чым ён з дзяцінства марыў. І вось калі да вялікай сцэны заставалася літаральна пару крокаў, Бабія прызвалі ў армію.

Факт малавядомы: Зіновій павестку атрымаў, але на прызыўны пункт не з’явіўся. Хлопец хацеў спяваць і ведаў, што тры гады ў арміі (яго чакаў Паўночны флот) перакрэсляць усе мары. Здольнаму вучню дапамог педагог, які дамовіўся, каб хлопца ўзялі ў ансамбль Прыкарпацкай ваеннай акругі. На адным з канцэртаў яго ўбачыў маршал Конеў. «Такія таленты павінны зіхацець на вялікай сцэне», — нешта падобнае да гэтага сказаў ён і дазволіў звольніцца з арміі, каб працягнуць вучобу.

Раніцай Зіновій ішоў у Кіеўскую кансерваторыю (якую, дарэчы, так і не скончыў), вечарам бег у оперны тэатр. «Кармэн», «Аіда», «Трубадур», «Рыгалета», «Тоска» — гэта толькі за два гады, і амаль усюды галоўныя ролі. Тады ж яго пачуў вялікі Іван Казлоўскі. «Гэты голас — дзяржаўная каштоўнасць. Беражыце яго!» — сказаў ён.

У Кіеўскім тэатры, дарэчы, тады было шмат зорак, у Львоўскім — наадварот. Таму, калі кіраўніцтва апошняга запрасіла да сябе Бабія, ён адразу згадзіўся. Там стаў вядучым салістам, атрымаў кватэру, пазнаёміўся са студэнткай Стэлай і ажаніўся з ёй. Але хутка стала зразумела, што такі спявак не можа належаць толькі адной сцэне, аднаму гораду. Аднойчы пабываўшы ў якім-небудзь горадзе, ён амаль адразу атрымліваў запрашэнне выступіць там яшчэ. Больш таго, некаторыя тэатры прапаноўвалі яму пастаянную работу. 

— У Мінск клічуць, — прыехаў да бацькоў з навіной Зіновій. — Абяцаюць паставіць «Атэла». 

Галоўная партыя ў гэтай оперы была яго марай, а ў Беларусі абяцалі грандыёзную пастаноўку. Ад такога ён не змог адмовіцца, тым больш што прапанаваныя жыллёвыя ўмовы былі нават лепшымі, чым у Львове. У пачатку 1963 года Бабій разам з цяжарнай жонкай прыязджае ў Мінск, некалькі месяцаў рэпетыцый, і ў красавіку — трыумфальная прэм’ера «Атэла». Хутка атрыманае званне народнага артыста БССР — не толькі ўдзячнасць за талент і аншлагі ў тэатры, гэта яшчэ і крок, каб затрымаць Бабія ў Беларусі.

Ён не абмяжоўваўся тэатральным рэпертуарам, рабіў сольныя праграмы, запісваў дыскі. Пастаянныя эфіры на радыё і тэлебачанні вельмі хутка зрабілі яго папулярным. Гастролі выйшлі далёка за межы Саюза, у Маскве ён наогул быў частым госцем. Вось што пісаў часопіс «Савецкі Саюз» пасля першага ж канцэрта ў сталіцы: «2500 білетаў былі прададзены за некалькі гадзін. Так сустрэла Масква першы сольны канцэрт 28-гадовага спевака Зіновія Бабія. Шумны і заслужаны поспех артысту прынеслі незвычайна прыгожы па тэмбры і моцы голас, выдатныя сцэнічныя даныя».

— У 1964-м Зіновій даваў канцэрт у Вялікай зале Маскоўскай кансерваторыі, — узгадвае Уладзімір. — Гэта ўжо было традыцыяй: ён прыязджаў туды кожны год з новай праграмай. У той жа час там гастраляваў міланскі «Ла Скала». Калі яго прадстаўнікі ўбачылі афішу брата з яго складаным рэпертуарам, вырашылі прыйсці на канцэрт. А пасля адразу прапанавалі Зіновію адправіцца з імі на гастролі і выконваць партыі ў «Трубадуры» і «Аідзе».

Бабій быў згодны, што зусім не дзіўна. Варта яшчэ раз узгадаць яго творчы шлях: ён ніколі не трымаўся за месца, ехаў туды, куды клікала музыка. Але калі ў межах Саюза гэта было зрабіць нескладана, то з замежжам узнікалі пэўныя праблемы, бо падобныя пытанні вырашаліся толькі праз Дзяржканцэрт. Прадстаўнікам «Ла Скала» там адразу сказалі «не», маўляў, у Бабія іншы маршрут. Так, у спевака сапраўды гастролі былі распісаны на некалькі месяцаў, але дзеля такой справы іх можна было пасунуць. Толькі ў Дзяржканцэрце баяліся, што ён наогул застанецца ў Італіі. 

Калегі ўспамінаюць Бабія як чалавека інтэлігентнага, але прамалінейнага. Ён не глядзеў у рот чыноўнікам, гаварыў, што думаў. Але ў той раз, відаць, вырашыў не шукаць праўды. Работы было сапраўды дастаткова. Уладзімір, які пражыў у брата чатыры гады, гаворыць, што вольнага часу ў старэйшага Бабія амаль не было, ён заўсёды рэпеціраваў, толькі зрэдку перапыняўся на хакейныя трансляцыі.

Таццяна Цехановіч, сям’я якой жыла ў тым самым доме творчай інтэлігенцыі каля батанічнага саду, узгадвае, што ў суседніх кватэрах было добра чуваць арыі Бабія. Але людзі з разуменнем ставіліся да гэтых нязручнасцей, даравалі яму за талент і чалавечыя адносіны:

— Гэта быў чалавек незвычайнай дабрыні і галантнасці. Калі мы, дзяўчынкі, сустракаліся з ім у дзвярах пад’езда, ён абавязкова вяртаўся і праводзіў нас да самай кватэры. Справа ў тым, што ў хлопцаў тады была звычка тузаць нас за косы, за што Зіновій Іосіфавіч круціў ім вушы і абараняў нас. У мяне пра гэтага чалавека толькі светлыя ўспаміны.

Але 1971-ы стаў адлікам іншага жыцця Бабія. Пачало балець сэрца — водгукі той падлеткавай пнеўманіі. Дактары раілі кінуць сцэну, а ён проста збавіў абароты, менш гастраляваў, з Вялікага тэатра перайшоў у філармонію, стаў выступаць як камерны спявак.

— Калі скончу спяваць, куплю сабе люльку і буду паліць па дзве на дзень, — гаварыў ён брату, але ўсяляк адцягваў гэтую сваю мару, бо без сцэны жыць не мог.

Ён і на аперацыю пагадзіўся толькі дзеля таго, каб потым мець магчымасць спяваць. Кардыёлагі Маскоўскага інстытута сардэчна-сасудзістай хірургіі некалькі гадзін варажылі над адкрытым сэрцам Бабія. Па тых часах гэта была звышскладаная аперацыя. 

Зіновій Іосіфавіч папраўляўся доўга, пакрыху спрабаваў спяваць. Пра оперную сцэну размовы ўжо не было. Запісваўся на радыё, выдаў на «Мелодыі» чатыры дыскі-гіганты. Пастаянным жа месцам працы стаў Мінскі інстытут культуры. Дзеля гэтага, праўда, прыйшлося атрымаць дыплом Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (у залік пайшлі і два гады ў Кіеўскай).

— Выкладанне яму падабалася, — гаворыць Уладзімір Бабій. — Ён добра разумеў, што з такой хваробай гэта лепшы спосаб застацца ў музыцы. Пачаў распрацоўваць сваю сістэму выкладання. І гаварыў: «Мы абавязкова спяём з табой на маім юбілеі «Атэла». Не спелі. Сэрца брата спынілася за некалькі месяцаў да яго пяцідзесяцігоддзя.

Наталля СТЯПУРА

stepuro@rambler.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter