Адкрылася выстава “Сакральная культура Касцёла Беларусі”

Артэфакты з беларускіх касцёлаў прэзентавалі ў Нацыянальным гістарычным музеі.


Мэта выставы — прадставіць асноўныя традыцыі Касцёла на Беларусі, пазнаёміць наведвальнікаў з найбольш значнымі святамі літургічнага году, культурнымі звычаямі, а таксама з надзвычайнымі артэфактамі, перанесенымі з сакральнай прасторы касцёлаў у прастору свецкую. Адкрылася выстава пад урачысты спеў хору з касцёлу святога Роха на Залатой Горцы.





- Мастацтва, якое нарадзiлася на нашай зямлi, заўсёды мела стваральны характар. З лацінскай мовы слова cultura перакладаецца як выхаванне, адукацыя, развіццё. Культура узбагачае нас духоўна, - адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. – Сённяшняя выстава гэта пацвярджае. У сучасным свеце галоўная задача Касцёла – новая евангелізацыя. Спадзяюся, што выстава дапаможа людзям прыйсці да Бога, да Евангелля. Чалавек не павінен адрывацца ад каранёў духоўнага жыцця, бо інакш мы назіраем на нашай зямлі такія жудасныя трагедыі, як у Стоўбцах . Выстава – гэта таксама вынік плённых узаемаадносін паміж касцёлам і дзяржавай. Мы ганарымся тым, што сёлета прэмія «За духоўнае адраджэнне» прысуджана за пераклад і выданне кніг Новага Запавету на беларускай мове. Паняцце «духоўнае адраджэнне» для нашага народа не павінна быць проста прыгожай метафарай. Ва ўмовах, калi свет губляе духоўныя арыенцiры, мы павінны імкнуцца да Бога і захоўваць унутраную чысцiню.




Экспанаты - сапраўдныя носьбіты гісторыі. Сярод іх літургічны посуд з касцёлаў вёсак Вынішчы і Замосце Слуцкага раёна, а таксама з касцёла Святога Роха на Залатой Горцы, лаўка для малітвы, якую выкарыстоўвалі сёстры-назарэтанкі, расстраляныя нацыстамі ў Навагрудку ў 1943 і беатыфікаванымі ў 2000-м годзе, манстранцыя (прадмет для выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту), зробленая да асвячэння касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе напрыканцы XVIII стагоддзя, літаграфіі Напалеона Орды, рукапісны нотны зборнік другой паловы XVIII стагоддзя, ампулы для віна і вады, каптурок (банэт) для хрышчэння немаўляці і шмат іншых рэчаў.



У зале музея таксама можна пабачыць рэчы з прыватнай калекцыі Ігара Сурмачэўскага, які на працягу многіх гадоў збірае і рэстаўруе прадметы, звязаныя ў тым ліку і з рэлігійнай тэматыкай. Сярод іх – грамата Жыгімонта Вазы на будаўніцтва царквы Святога Духа пры базыльянскім кляштары пачатку XVII стагоддзя, карта кляштараў францысканцаў на тэрыторыі Рэчы Паспалітай сярэдзіны XVIII стагоддзя, слуцкі пояс, іконы, узоры беларускага драўлянага дойлідства і гэтак далей. Найстарэйшы прадмет – маленькая скульптура са слановай косці “Маці Божая з дзіцяткам Ісусам” ХVI стагоддзя.




Асобная частка выставы – старажытныя рукапісы, кнігі з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, іконы з Нацыянальнага мастацкага музея, прадметы з прыватнай калекцыі Святланы Шэйпы.

- Храм і кніга звязаны неразрыўна, - падкрэсліў Раман Матульскі, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. – Першыя бібліятэкі ствараліся менавіта ў храмах. Самыя магутныя кніжныя зборы былі ў рыма-каталіцкіх манастыроў. Мы разам з калегамі працуем над тым, каб сёння вярнуць страчаныя каштоўнасці, вярнуць нашу памяць.

Таксама ў музеі прадстаўлены вялікі фотапраект Сяргея Плыткевіча “Планета Беларусь. Касцёлы”. У сваю чаргу Павел Сапоцька, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея нагадаў, што праект здзейсніўся дзякуючы мемарандуму аб супрацоўніцтве, падпісаным паміж музеем і курыяй Мінска-Магілёўскай архіепархіі.

Пазнаёміцца з сакральнай культурай Касцёла Беларусі можна ў Нацыянальным гістарычным музеі да 20 сакавіка,



Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter