Адкройце для сябе "Нечаканую Беларусь"

Горад асветнiцы Ефрасiннi, цудоўны Полацк пазналi пастаянныя ўдзельнiкi сумеснай вiктарыны “НГ” i выдавецтва “Рыфтур” “Нечаканая Беларусь”

Здымак фотамастака Сяргея Плыткевiча быў змешчаны 14 кастрычнiка.
“Гэта таксама адзiн з самых старажытных гарадоў Беларусi: першае ўпамiнанне аб iм датавана ажно 862 годам, колiшнi цэнтр Полацкага княства, — пiша Iрына Сядова i ўся яе сям’я з Пружанаў. — Цяпер Полацк звычайна звязваюць з iмем вялiкай асветнiцы Ефрасiннi. У асноўныя турысцкiя i паломнiцкiя маршруты ўваходзiць Спаса-Ефрасiннеўскi манастыр з комплексам яго цэркваў. Не абыходзяць турысты ўвагай i Сафiйскi сабор.
А Богаяўленская царква i манастыр, якiя глядзяцца, як у люстэрка, у воды Заходняй Дзвiны, пабудаваны пазней, у 18-м стагоддзi, i звязаны з iмем Сiмяона Полацкага, якi выкладаў у брацкай школе. Адзiн з карпусоў манастыра так i называецца: “Дом Сiмяона Полацкага”.
Сёння чарговы тур вiктарыны. Спадзяёмся, вам спадабалася глядзець на свет з вышынi птушынага палёту — не зважаючы на дробязi жыцця.
Чакаем вашых лiстоў з адказамi i занатоўкамi пра родныя мясцiны на працягу двух тыдняў.
Пiшыце нам: 220013, г.Мiнск, вул.Б.Хмяльнiцкага, 10а, “Народная газета”, з пазнакай “Нечаканая Беларусь”, цi на электронную скрыню info@ng-daily.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter