Адкройце для сябе "Нечаканую Беларусь"

Старажытны Навагрудак пазналi ўдзельнiкi сумеснай вiктарыны “НГ” i выдавецтва “Рыфтур”.

Здымак быў змешчаны 7 кастрычнiка

“На здымку на гэты раз Гродзенская вобласць, горад Навагрудак: вiд на руiны замка i Фарны касцёл, — пiша сям’я Палiўкаў з Iванаўскага раёна. — Замак — старажытны цэнтр Навагрудка, рэзiдэнцыя заходнерускiх i лiтоўскiх князёў. Будаваўся ў ХIII—ХVI ст.
Гiсторыя Навагрудка вельмi цiкавая i насычаная падзеямi. У 13—14 ст. гэта быў цэнтр удзельнага княства. У Навагрудку каранаваўся кароль лiтоўскi Мiндоўг. Пазней сын Мiндоўга — Войшалк — аб’яднаў вакол Навагрудка Пiнскую зямлю, Нальшчаны i Дзяволтву. Адсюль пачынаецца гiсторыя Вялiкага княства Лiтоўскага.
На жаль, мы вельмi дрэнна ведаем гiсторыю сваёй Радзiмы. Нашым дзецям пашанцавала, што яны вывучаюць у школе Беларусь нашмат больш, чым мы ў свой час. Наша гiсторыя вельмi багатая i цiкавая, i трэба яшчэ многа зрабiць для таго, каб мы i нашы дзецi ганарылiся сваёй краiнай: прыгожай, самабытнай, яе багатай на падзеi гiсторыяй”.
Сёння — чарговы тур i новая загадка, якую прапануе чытачам “НГ” фотамастак Сяргей Плыткевiч. Глядзiце, здзiўляйцеся, пазнавайце нечаканую Беларусь!

Чакаем вашых лiстоў з адказамi, а таксама занатоўкамi пра родны кут. Мастацкiя вартасцi лiстоў будуць улiчаны.
Пiшыце нам: 220013, г.Мiнск, вул. Б.Хмяльнiцкага, 10а, “Народная газета”, з пазнакай “Нечаканая Беларусь”, цi на электронную скрыню info@ng-daily.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter