Новосады — берега души для белорусской писательницы Елены Стельмах

Адказная за радзіму

Новая кніжка Алены Стэльмах кранае шчырасцю і вяртае чытача да сваіх каранёў

У Дзяржынскім раёне ёсць невялікая, але вельмі дарагая для мясцовых людзей вёсачка Навасады. Менавіта адтуль паходзіць першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена СТЭЛЬМАХ. У Год гістарычнай памяці, што сімвалічна, Алена Анатольеўна прысвяціла роднаму куточку кнігу, якая так і называецца — «Навасады». Выданне пабачыла свет зусім нядаўна, а ўжо займела шырокае грамадскае гучанне. Невыпадкова, бо тэма вельмі хвалюючая і блізкая кожнаму. 

Аўтар разварушвае ў чытацкай душы любоў да радзімы, каб гэта пачуццё ніколі не знікала і кожны ведаў свой радавод. Здаецца, такія кнігі збіраюцца проста — з успамінаў родных, сваякоў, суседзяў. Але толькі на першы погляд. Бо факты тут пададзены па-мастацку, з украпваннем замалёвак, асабістых гісторый. Ведаць сваё імя і з гонарам несці яго праз жыццё — вось чаму вучыць кніга.


Зачараваныя Беларуссю

«Навасады» — ужо не першае выданне патрыятычнай серыі, распачатай у 2016-м Аленай Стэльмах і Уладзіславам Цыдзікам, фотаработы якога ўпрыгожылі гэтыя кніжкі. «Зачараваны Беларуссю», «Бачу Беларусь такой», «Мая радзіма» з вершамі і празаічнымі замалёўкамі, пейзажамі, выявамі велічнай архітэктуры, старажытных пабудоў роднай Беларусі.

— «Навасады» выйшлі ў серыі «Малая радзіма», якую заснавала сталічнае выдавецтва «Чатыры чвэрці». Я старалася падаць кнігу ў адпаведнасці з гучаннем Года гістарычнай памяці. Мая родная вёска, як і многія іншыя, складае аснову нацыі, адсюль ідзе выток беларускай мовы, — пераканана Алена Стэльмах.

Першае слова ў сваёй прадмове пра кнігу сказаў лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзімір Саламаха: «Стыхія жыцця продкаў, сённяшніх жыхароў вёскі, і не толькі канкрэтна Навасадаў, а ў цэлым беларускай вёскі, і стыхія жыцця Алены Стэльмах годна спалучаюцца ў кнізе, калі яе ўласнае ўваходзіць у агульнае, калі творца з сучасных рэалій нашага жыцця ўглядаецца ў мінулае і заўважае, што святло продкаў, нязгаснае на працягу дзесяцігоддзяў і стагоддзяў, і сёння асвятляе шлях нашчадкаў».


З першых слоў, якімі звяртаецца да чытача Алена Стэльмах, становіцца зразумела, што змест кнігі закране самыя патаемныя струны душы чалавечай: «Як сонечныя праменьчыкі з высокага неба імкнуцца прабіцца ў глыбінныя куточкі зямлі, так і нам хочацца звярнуцца да самых патаемных вузельчыкаў сваёй памяці. Гэта цяпер ты — асоба, што ўсведамляе, з якіх крупінак-крышаноў змяшаны, з якога цеста злеплены яе лёс. Караскаўся, тужыўся, каб узабрацца на вяршыню высокай гары, праўда нікім не пазначанай на геаграфічнай карце. І тым не менш разумеў: ёсць яна, твая вышыня, і назва яе такая інтрыгуючая і ўсёабдымная — жыццё».

Вёсцы Навасады, як апавядае аўтар, каля 300 гадоў. Гэта незвычайная для Беларусі мясцовасць, узгорыстая — ледавік пастараўся. У гары, як у каўказскім каньёне, цячэ крынічка — рэспубліканскі гідралагічны помнік. На працягу стагоддзяў тутэйшыя называлі яе Сцюдзянцом. Набіралі гаючую ваду, якая, па мясцовых згадках, дапамагала. Да крыніцы з малітвай прыходзіў хросны ход.

Паводле метрычных кніг 1773 года, у Навасадах была Свята-Успенская царква, таму сюды хіліліся ўсе навакольныя вёскі. Аднак у 1930-я храм разбурылі. Алена Стэльмах расказвае, як у іх вясковай хаце на самым бачным месцы вісеў абраз… Для хаты ён быў занадта вялікі, таму, па ўсім відаць, — з мясцовага храма. Людзі вынеслі на захаванне, пакуль святыню разбуралі.

— Пра многія старажытныя факты даведвалася з метрычных кніг, — прыкмячае Алена Стэльмах. — Там пазначана, хто ў вёсцы нарадзіўся, уступіў у шлюб, адышоў у іншы свет. Цэлы вясковы радавод. Шмат імён і прозвішчаў, традыцыйных для нашай мясцовасці. І сваю радню знайшла. Запіс 1860 года — «нарадзіўся Фама Сантаровіч». Дакладна ведаю, што майго прадзеда, народжанага ў 1886-м, звалі Фама Фаміч. А дзед Віталь Фаміч з'явіўся на свет у 1911 годзе. Звесткі пра свой род яшчэ больш натхнілі на працу.

Дуб і крумкач

У кнізе бачым побыт старажытнай вясковай хаты ў Навасадах. Гэту экспазіцыю стварылі вучні і настаўнікі Дзямідавіцкай школы, што непадалёк. Па сутнасці, антураж падобны ва ўсіх вясковых хатах, як і парадак, чысціня, белыя накрухмаленыя абрусы, ручнікі. Але як без асаблівых побытавых зручнасцей людзі ўсё паспявалі: і дзяцей гадаваць, вялікі агарод і статак даглядаць, з ранку да ночы працаваць у калгасе?

У 1956 годзе ў вёсцы пасадзілі вялікі сад. Мястэчка ўецца, як змейка. Побач з кожнай хатай дрэвы. Ці то беластвольная бярозка, ці то клёнік у зялёным шынялі… Пасярэдзіне дуб, якому не менш за 300 гадоў. Нездарма ў Алены Стэльмах нарадзілася казка-прытча «Дуб і крумкач» па мясцовых матывах. Гэта дрэва-волат асацыіруецца перш за ўсё з нашай Беларуссю, яе моцай. Крумкач, наляцеўшы на дуб, хацеў яго знішчыць, папракаў і прыніжаў. Ды дубовая мудрасць, сіла непераможныя, дапамаглі перажыць ваеннае ліхалецце (дуб хаваў за сваім камлём нашых абаронцаў). У вайну Навасады былі партызанскай вёскай. Немцы тут палілі хаты, стралялі ў жыхароў, а мястэчкі, што побач, былі дашчэнту спаленыя.

Трапляем у раздзелы кнігі пра дзяцінства. Аўтар прыгадвае, як выхоўвалася ў бабулі — мясцовай настаўніцы, — вельмі сябравалі, усюды хадзілі побач, цікава бавілі час: «Бабуля часам хітравата пыталася ў мяне: «Куды зараз пойдуць Пат з Паташонкам?» Я сапраўды паўсюль цягнулася за ёй. Як вяртлявы хвосцік. Але на гэты раз толькі паціснула плячыма. І не таму, што не ведала, куды мне хацелася б пайсці. Мне не зусім было зразумела, хто такія гэтыя Пат і Паташонак».


Аказваецца, гэта дацкі дуэт акцёраў-комікаў эпохі нямога кіно. Пат быў высокі і худы, Паташонак — маленькі і вяртлявы. Усё бабуля ведала! А самы непасрэдны, бадай, першы ліст, які дзяўчо пісала ў Дзяржынск браціку і сястрычцы. Ён захаваўся скрозь гады: «Якая ж гэта нялёгкая справа! Не проста мурзаць алоўкам па паперы, а акуратна выводзіць літары, складаць з іх словы! Чаму ж ён, гэты аловак, такі ж хуліганісты, як суседскі хлопчык Сярожка?! Хістае маю руку ў розныя бакі, блытае мяне. «Здрастуйте, Ина и Юра. Мама и Папа» Пишит вам Лэна», — усё, на што мяне, узмакрэлай и стомленай, хапае». 

Хата, дзе выхоўвалася Алена Стэльмах, перайшла ёй у спадчыну. Невыпадкова пісьменніца адчувае сябе цяпер адказнай за радзіму. Вёсачка Навасады, дарэчы, жыве. Тут правялі прыродны газ, і нават купляе хаты моладзь. Зручна, бо недалёка ад сталіцы, і жыллё ўласнае.

«Навасады» на Міжнароднай кніжнай выставе

Прэзентацыя новай кнігі запланавана на Міжнароднай кніжнай выставе, якая пачынаецца ў Мінску 23 сакавіка і адпаведна Году гістарычнай памяці пройдзе пад дэвізам «Рака часу — Бацькаўшчына». 

— На выставе будзе многа прэзентацый на патрыятычную тэматыку. Віктар Іванчыкаў прадставіць кнігу «Без права на забвение» пра падзеі Афганскай вайны, выступяць члены Ваенна-навуковага грамадскага аб'яднання Уладзімір Макараў, Барыс Далгатовіч, Уладзімір Тулінаў. Сваё слова скажуць і маладыя пісьменнікі Кацярына Роўда, Таццяна Купрыянец, Кацярына Стройлава, Алесь Бараноўскі, Максім Кішчанка і многія іншыя. Каля ста беларускіх аўтараў паўдзельнічаюць у выставе, у тым ліку з розных абласцей і сталіцы. У рамках Года гістарычнай памяці заключаем многа дамоў аб супрацоўніцтве. Напрыклад, з воінскімі часцямі Пагранкамітэта, бібліятэчнай сістэмай. З Саюзам пісьменнікаў Казахстана арганізуем агульны праект па перакладзе творчасці нашых класікаў на казахскую мову. Усё для таго, каб захаваць родную літаратуру і пазнаёміць з ёй іншыя народы, — канкрэтызуе Алена Стэльмах.

basikirskaya@sb.by

Фота Уладзіслава ЦЫДЗІКА і аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter