Адказная за настрой ў Бачэйкава

З СУСЕДНЯГА Лепельскага раёна Святлана КАДУКОВА пераехала на радзіму мужа ў Бешанковіцкі раён. Разам з маці Антанінай Галавенка на жывёлаводчай ферме саўгаса “Бачэйкава” даглядала цялят, даіла кароў. Ад гаспадаркі маладая сям’я Кадуковых атрымала кватэру. Старэйшая дачка Аксана дапамагала маці і бабулі, а пасля заканчэння школы таксама стала жывёлаводам і цяпер працуе на ферме. Сын Аляксей паспяхова вучыцца ў Бешанковіцкай гімназіі-інтернаце і мае цвёрды намер атрымаць вышэйшую адукацыю.


ПАСЛЯ нараджэння малодшага Максіма Святлана Ула- дзіміраўна нядоўга затрымалася ў дэкрэтным адпачынку. Так сталася, што мясцоваму аддзяленню паштовай сувязі тэрмінова спатрэбіўся работнік. Адзінаццаты год Святлана Кадукова працуе паштальёнам: дастаўляе карэспандэнцыю, перыядычныя выданні, грашовыя пераводы, пенсіі. Участак вялікі. Акрамя тэрыторыі аграгарадка, у яго ўваходзіць і пасёлак меліяратараў, дзе ў асноўным жывуць работнікі Бешанковіцкай ПМС.

Памятаюць у аддзяленні паштовай сувязі Бачэйкава, як у 2010 годзе з Англіі прыйшло пісьмо ад Анджэя Станіслава Ціханавецкага. Нашчадак былых гаспадароў панскага маёнтка віншаваў жыхароў з 450-годдзем першага ўзгадвання мястэчка ў пісьмовых крыніцах і выказваў найлепшыя пажаданні тутэйшым ад роду Ціханавецкіх. Пісьмо зачытвалі на святочнай урачыстасці і надрукавалі ў раённай газеце.

Акрамя пошты, Святлана Кадукова прымае заказы на дастаўку прамысловых і харчовых тавараў, праводзіць падпіску на газеты і часопісы. Папулярная ў спецыялістаў ААТ “Бешанковічы аграсэрвіс” “Сельская газета”.

— Кожнаму з жыхароў аграгарадка імкнуся перадаць часцінку добрага настрою, — адзначае Святлана Уладзіміраўна.

За старанную працу яна неаднаразова заахвочвалася кіраўніцтвам раённага вузла сувязі.

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter