На інфармацыйным полі адбываюцца змены

Адказнасць за “віртуальнае” слова

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу адразу ў двух чытаннях прынялі папраўкі ў закон аб сродках масавай інфармацыі. Законапраект зацвердзіў і Савет Рэспублікі. Вось што наконт падзеі гаворыць Міністр інфармацыі Лілія Ананіч:

— Даступнасць інтэрнэту вывела глабальную сетку ў разрад вядучых крыніц інфармацыі. Толькі ў нашай краіне налічваецца больш за пяць мільёнаў карыстальнікаў інтэрнэту. Віртуальнае асяроддзе стала наймагутнейшым фактарам уплыву на насельніцтва, пры гэтым далёка не заўсёды інтэрнэт служыць развіццю грамадства і дзяржавы.



Міністэрства інфармацыі і сёння атрымлівае ў свой адрас шматлікія пісьмы, звароты ад грамадзян, арганізацый, органаў дзяржкіравання, якія гавораць аб тым, што ў сетцы часцяком размяшчаецца непраўдзівая інфармацыя, якая зневажае гонар і годнасць. І мы ўсе гэтыя гады адказваем: інтэрнэт не з’яўляецца сродкам масавай інфармацыі. Таму мы не можам на яго ўплываць. Па новым законапраекце на ўсе інтэрнэт-рэсурсы і іх складовыя часткі будзе распаўсюджвацца дзеянне закона аб СМІ, а значыць, і ўсе тыя правы і абавязкі, якія ўскла­дзены на друкаваныя і электронныя СМІ. Дэ-факта на інтэрнэт-рэсурсы не распаўсюджваецца закон у частцы дзяржаўнай рэгістрацыі СМІ. Але ўладальнікі інфармацыйных рэсурсаў будуць абавязаныя не дапускаць выкарыстання іх сайтаў для распаўсюджвання інфармацыі, змест якой супярэчыць патрабаванням заканадаўства. Прынцыпы дзейнасці СМІ замацаваныя базавым законам. Гэта дакладнасць, законнасць, павага правоў і свабод чалавека, разнастайнасць меркаванняў, абарона маральнасці, прытрымліванне нормаў прафесійнай этыкі журналіста і агульнапрынятых нормаў маралі. Інтэрнэт павінен таксама прызнаваць гэтыя прынцыпы. Міністэрства інфармацыі будзе мець права выносіць папярэджанне ўладальніку інтэрнэт-рэсурсу за невыкананне палажэнняў закона. Калі будзе выяўлена парушэнне, уладальнік абавязаны выдаліць супрацьпраўны матэрыял. Міністэрства інфармацыі таксама атрымае права абмяжоўваць доступ да інфармацыйных рэсурсаў, калі яны будуць размяшчаць інфармацыю, якая змяшчае заклікі да звяржэння канстытуцыйнага ладу, прапагандуе распальванне сацыяльнай розніцы, парнаграфію, культ насілля і жорсткасці, гандаль наркотыкамі і гэтак далей.

Мы дэталёва вывучылі сусветны досвед па гэтым пытанні. Кожная краіна выпрацавала дакладную і стройную сістэму рэгулявання сеткі інтэрнэт. У прыватнасці, у жніўні гэтага года ў Расіі ўступіў у сілу так званы закон аб блогерах. Ён датычыцца ўладальнікаў інтэрнэт-старонак, якія штодзень наведваюць больш за тры тысячы наведвальнікаў. Такія блогеры будуць абавязаныя правяраць праўдзівасць інфармацыі, якую размяшчаюць, не распаўсюджваць звесткі аб прыватным жыцці і экстрэмісцкія матэрыялы. За парушэнне пагражае штраф да 500 тысяч рублёў. У Вялікабрытаніі за парушэнне журналісцкай этыкі ўстаноўленыя штрафныя санкцыі да аднаго мільёна фунтаў стэрлінгаў. У Германіі закон аб сеткавых СМІ змяшчае ключавыя нормы, якія рэгулююць пытанні адказнасці ўладальнікаў сайтаў за процізаконны кантэнт. Францыя яшчэ ў 2000 годзе прыняла закон аб абавязковай рэгістрацыі ўладальнікаў усіх вэб-сайтаў і аб крымінальнай адказнасці правайдараў за прадастаўленне хостынгу ў абход заканадаўства. У Кітаі сайты, якія змяшчаюць забароненую інфармацыю, блакіруюцца без якіх-небудзь папярэджанняў і паведамленняў. Гэта значыць кожная краіна ў той ці іншай меры ажыццяўляе заканадаўчае рэгуляванне глабальнай сеткі.

Яўген Конанаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter