Да 1 сакавіка будзе створана адзіная сістэма ўліку асоб, якія спажываюць наркатычныя сродкі

Адказнасць узмацнілася

У майго сына ў свой час з-за спажывання наркотыкаў былі складаныя адно­сi­ны з супрацоўнікамі права­ахоўных органаў. З гэтага года пачаў дзейнічаць антынаркатычны дэкрэт, і я перажываю, што сын можа выпрабаваць моц новых санкцый. Скажыце, што яму пагражае?
Наталля Пятроўна, г. Мінск

На пытанне адказвае Юлія ПАНКОВА, адвакат спецыялізаванай юрыдычнай кансультацыі № 2 Мінскай абласной калегіі адвакатаў

Сапраўды, з 1 сту­дзе­ня 2015 года набыў моц Дэк­рэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 снежня 2014 г. № 6 «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў». Сітуа­цыя, звязаная з незакон­ным абаротам наркотыкаў, у краіне сапраўды крытычная, таму да­дзе­ны дэкрэт асабліва актуальны.

Дэкрэтам сярод іншых таксама ўве­дзе­­ны змены ў сас­таў пра­­ва­парушэнняў (адміні­стра­цыйных і крымінальных зла­­чынстваў), якія датычацца нар­котыкаў. Аналізуючы дадзеныя змены перш за ўсё неаб­ходна адзначыць вельмі жор­сткія санкцыі за злачын­ствы, звязаныя з наркотыкамі. Так, па пэўных злачынствах санкцыя дасягае 25 гадоў па­збаўлення волі. Уяўляецца, што строгасць дадзеных мер з`яўляецца абгрунтаванай, уліч­ваючы крытычнасць сітуацыі і колькасць смяротных зыходаў, выкліка­ных ужываннем спайсаў.

Кажучы пра новаўвядзенні ў крымінальна-прававой сферы, перш за ўсё неабходна адзначыць увядзенне мноства кваліфікуючых прыкмет у саставах злачынстваў. Так, удакладнены канструкцыі саставаў злачынстваў, якія датычацца наркотыкаў, у выпадку незаконнага з мэтай збыту вырабу, перапрацоўкі, набыцця, захоўвання, перавозкі, перасылкі або незаконнага збыту наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў на тэрыторыі ўстановы адукацыі, арганізацыі аховы здароўя, вайсковай часці, папраўчай установы, арыштнага дома, у месцах утрымання пад вартай, лячэбна-працоўных прафілакторыях, у месцы правядзення масавых мерапрыемстваў альбо заведама непаўналетняму. Санкцыя па такім злачынстве дасягае 15 гадоў пазбаўлення волі, магчыма канфіскацыя маёмасці. Такая ж санкцыя прадугле­джана за незаконныя з мэтай збыту выраб, перапрацоўку, набыццё, захоўванне, перавозку, перасылку або незаконны збыт наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў або аналагаў, учыненыя групай асоб, або службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, альбо асобай, якая раней учынiла злачынствы, звязаныя з наркотыкамі, альбо ў дачыненні да наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў у буйным памеры, альбо ў дачыненні да асабліва небяспечных наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў.

Уведзена адказнасць за арга­­­нізацыю альбо ўтрыманне пры­тонаў для вырабу, пера­працоўкі і (або) спажывання наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў або іншых сродкаў, якія выклікаюць адурманьванне. Таксама караецца прадастаўленне памяшканняў для вырабу, перапрацоўкі і (або) спажывання наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў або іншых сродкаў, якія выклікаюць адурманьванне.

Пэўныя дзеянні, якія маюць адносіны да наркотыкаў, вызначаны як адміністрацыйныя правапарушэнні. Так, каральным з`яўляецца знаходжанне ў грамадскім месцы ў стане, выклiканым ужываннем без прызначэння лекара наркатычных сродкаў або псіхатропных рэчываў ці спажываннем іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў, што абражае чалавечую годнасць і грамадскую маральнасць, а таксама спажыванне без прызначэння лекара наркатычных сродкаў або псіхатропных рэчываў у грамадскім месцы альбо спажыванне іх аналагаў у грамадскім месцы. Тыя, хто вымушаны спажываць названыя сродкі і рэчывы па прызначэнні лекара ў прапісаных урачом дозах, не падпадаюць пад адміністрацыйную адказнасць па дадзеных падставах.

У выкананне дэкрэта ў тэрмін да 1 сакавіка 2015 года будзе створана адзіная сістэма ўліку асоб, якія спажываюць наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы і іх аналагі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter