У гэтым годзе ўдзел у фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» прымуць 39 краін

Адчыняйце шырэй дзверы

У гэтым годзе ўдзел у Міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» прымуць 39 краін. Для параўнання: летась — 30. Паводле слоў першага намесніка міністра культуры Ірыны Дрыга, гэта сведчанне росту цікавасці да форуму і пацвярджэнне таго, што дзеячам культуры і мастацтва патрэбная і важная яго пляцоўка.  



Пра статус Віцебска як сусветнай сталіцы фестывальнага руху сведчыць і тое, што ўпершыню ў гэтым годзе тут пройдзе сесія Сусветнай асацыяцыі фестываляў. Мастацкі кіраўнік форуму Аляксандр Сідарэнка гаворыць, што ў «Славянскага базару» ёсць намеры ўступіць у гэтую арганізацыю, а ў яе ўдзельнікаў ёсць жаданне менавіта вакол яго аб’яднацца.

Сёлетні фестываль пройдзе з 9 па 13 ліпеня. Праграма — насычаная. Палітра — яркая і шматжанравая. У афішы — больш за 95 мерапрыемстваў. На сцэне чакаюць каля 4,5 тысячы ўдзельнікаў. І каля 150 тысяч гледачоў — на ўсіх пляцоўках форуму. Добрыя традыцыі, адзначаюць арганізатары, суседні-чаюць з новаўвядзеннямі.

Сярод прэм’ер — фестываль вулічнага мастацтва «На сямі вятрах». Ужо заяўлены каля 250 удзельнікаў — вулічныя тэатры, музыканты, мастакі, перформеры. Упершыню ўзнагароджанне пераможцаў дзіцячага і дарослага песенных конкурсаў пройдзе ў ходзе цырымоніі закрыцця форуму на яго галоўнай сцэне — у Амфітэатры. Таксама ўпершыню ў праграме — маладзёжны  канцэртны праект «Еўропа плюс» з удзелам беларускіх, расійскіх, еўрапейскіх выканаўцаў, якія займаюць вышэйшыя радкі ў хіт-парадах. Рэакцыя гледачоў на гэтую навіну была прадказальнай: апошні з 6 тысяч квіткоў на канцэрт быў набыты яшчэ 3 тыдні таму.

Дарэчы, пра білеты. Самы дарагі — на канцэрт адкрыцця фестывалю ў Амфітэатры. Яго кошт складае каля  1,5 млн рублёў. Астатнія — ад  100 тыс. Практычна распрада-дзены білеты на канцэрт Рыгора Лепса, творчы вечар Аляксандры Пахмутавай, сольнікі групы «Рукі ўгору!» і Валерыя Меладзэ. 

У цэлым боязі за нейкі з праектаў у арганізатараў фестывалю няма. Продаж у гэтым годзе пачалі, як ніколі, рана, і каля 62% квіткоў ужо рэалізаваныя. Вялікая колькасць білетаў пакуль забраніравана, але чакаецца, што 95% з іх будуць выкуплены. Асабліва папулярныя продажы праз інтэрнэт. Прайшлі часы, калі трапіць на канцэрты «Славянскага базару» можна было, толькі папярэдне наведаўшы Віцебск і выстаяўшы чаргу ля кас. Цяпер квіток лёгка набыць з любой краіны свету. І калі ў мінулым годзе праз інтэрнэт было рэалізавана 9% квіткоў, то зараз гэтая лічба, паводле папярэдніх падлікаў, складае ўжо 19%. А арганізатары тым часам падумваюць аб тым, каб у наступным годзе пачынаць рэалізацыю білетаў яшчэ раней, з лютага.

Сур’ёзная барацьба чакаецца сёлета на конкурсе маладых выканаўцаў эстраднай песні. За Гран-пры «Залатая Ліра» і прэмію ў 20 тысяч долараў будзе змагацца 21 вакаліст з розных краін, у тым ліку і наша 20-гадовая Валерыя Грыбусава. Упершыню ўсе ўдзельнікі — пераможцы нацыянальных адбораў, канкурэнцыя сур’ёзная. Артыстаў чакаюць тры конкурсныя туры: паўфінал і два фіналы, яны будуць трансліравацца па тэлебачанні. 

У складзе судзейскай калегіі — спявачка Марыя Шэрыфавіч (Сербія), кампазітар Алег Іваноў (Расія), прадстаўнікі Украіны, Латвіі, Швецыі, Вялікабрытаніі, Бразіліі. Ад нашай краіны — кампазітар Леанід Шырын. Узначаліць сёлетняе міжнароднае журы народны артыст Азербайджана, спявак і кампазітар Палад Бюль-Бюль аглы. Наогул, на фестывалі ён будзе ў цэнтры ўвагі. Чакаецца, што Палад Бюль-Бюль аглы стане ўладальнікам спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта «Праз мастацтва да міру і ўзаемаразумення»  і яго імянная зорка заззяе на Алеі лаўрэатаў каля віцебскага Летняга амфітэатра. Зрэшты, спачываць на лаўрах артысту не давядзецца. Акрамя старшынства ў журы, яго імя заяўлена ў афішах некалькіх канцэртных праграм. Не выключана таксама, што ён прадставіць гледачам і сваю новую акцёрскую работу. Два гады таму Палад Бюль-Бюль аглы зняўся ў працягу знакамітага фільма, які выйшаў на экраны ў 1981 годзе, «Не бойся, я з табой», дзе сыграў свайго колішняга героя Тэймура праз 20 гадоў пасля падзей, якія развіваліся ў першай карціне. Дарэчы, да абедзвюх стужак маэстра напісаў выдатную музыку і песні.

Ірына СВІРКО

isvirko@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter