Як нашы продкі ладзілі Калядныя святы

«Адчыняйце, каза прыйшла!»

Для нашых продкаў Каляды без перабольшання былі часам цудаў і прымірэння, бо заможныя і бедныя, арыстакраты і просты люд станавіліся бліжэй адзін да аднога, не шкадавалі дзяліцца з бліжнім радасцю і каларытам сваіх святочных традыцый. Пра іх нам распавялі супрацоўнікі Музея старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук.

Каляды ў культурна-гістарычным комплексе «Залатое кальцо Віцебска «Дзвіна».
Фота  БЕЛТА

Для беларускіх сялян сустрэць Каляды азначала завяршыць усе будзённыя клопаты і ад працы перайсці да адпачынку. Скончыліся земляробчыя турботы, спарадкаваны ўраджай, пастаўлена кропка ў вырабе тканін і пашыве адзення, таму з хаты, са двара гаспадары спяшаліся прыбраць усё, што нагадвала б аб працоўнай напрузе. Жанчыны разбіралі кросны, чыста мылі кожны вугал хаты, вымяталі падлогу — такое рабілася толькі да вялікіх святаў, да якіх і адносіліся Каляды.

«Каб свята ўдалося, кожная гаспадыня «распрацоўвала» сваё меню: яно магло быць розным, усё залежала ад дастатку — былі сем’і, дзе да зімы забівалі свінню, і тады можна было разлічваць на мясное багацце, а былі і тыя, каму нават хлеба не хапала. Але ж па традыцыі продкаў на зімовы святочны стол кожны стараўся паставіць лепшае. Павінна было быць абавязкова 12 разнастайных страў, — расказвае супрацоўнік музея Паліна Богдан. — Гаспадары крыху мянялі інтэр’ер хаты: упрыгожвалі мэблю рушнікамі, на вокнах — прыбраныя фіранкі, на стале — абавязкова святочны абрус. Пад абрус клалі сена — каб стол заўсёды «біўся» ад ежы і гаспадары былі сытыя.

Сімвалічную страву — салодную кашу са збожжа і з салодкім — ставілі не толькі на стол для сябе, але і на падваконнік. Заклікалі: «Мароз, ідзі да нас куццю есці!» Такі рытуал быў накіраваны на запрашэнне патаемных сіл, сваіх продкаў, у іх людзі прасілі поспеху на наступны год, добрага ўраджаю, багатай плоднасці хатніх жывёлін».

Мары пра будучы ўраджай у беларускай сялянскай хаце ўвасаблялі і рытуалам з удзелам дзяцей. Малым сыпалі пад стол семкі ці зерне, дзеці падбіралі іх і павінны былі квахтаць. Лічылася, што так у хату прыходзіць дабрабыт і багацце. Сяляне вельмі верылі і ў тое, што добрую будучыню ў хату прыносяць калядоўшчыкі. Адна з самых старажытных традыцый, якая жыве па сённяшні дзень, — вясёлыя пераапрананні, хаджэнне па вёсцы пад сімвалічнай Віфлеемскай зоркай, груканне ў дзверы кожнай хаты, спяванне калядак, збор пачастункаў у калядныя мяхі.

У кожным з беларускіх рэгіёнаў існавалі свае асаблівасці калядавання, але агульнае — калядоўшчыкі абавязкова пераапраналіся ў персанажаў-жывёл.

Традыцыйныя фігуры — Каза (сімвал плоднасці), Мядзьведзь — ідзе ад культу татэмных жывёл, яго ў паганскія часы лічылі лясным чалавекам, абаронцам людзей. Вобраз Бусла — таксама наш, беларускі. Са старажытнасці ідзе асаблівая павага да гэтай птушкі — яе нельга было крыўдзіць, гнаць. Месца, дзе бусел сяліўся, лічылася асабліва шчаслівым, добрым. Героямі пераапрананняў была Ліса, Анёл, Дзед з Бабай і,  канечне ж, Механоша — чалавек, якому даручалася асабліва адказная місія: збіраць пачастункі ад гаспадароў хат і насіць часам вельмі нялёгкую здабычу на сваіх плячах ці карку.

Аляксандр Галкоўскі, навуковы супрацоўнік Музея старажытнабеларускай культуры НАН:

— Раней не прыняць калядоўшчыкаў было вялікім грахом. Нават самыя бедныя людзі стараліся запрасіць сялянскіх артыстаў да стала, хоць штосьці кінуць у мех. Што кідалі? Ды ад веку адно і тое ж. Традыцыйна хлеб, соль, алкаголь. Я асабіста з групай аднадумцаў захапляюся калядаваннем і магу сведчыць: даюць ад варанага яйка і слоіка з салёнымі агуркамі да вялікіх пачкаў з гарбатай і кавай. Цікавая адметнасць частавання калядоўшчыкаў ёсць у мястэчку Гарадок Маладзечанскага раёна. Там з кожнай хаты не выпусцяць, пакуль не перакуліш класічныя «сто грам». Зрэшты, мы назіралі: на каталіцкія святы спіртнога амаль не наліваюць, а вось па-праваслаўнаму — госцю выпіць з гаспадаром абавязкова.

Ад нашых продкаў ідзе вераванне: на Шчодзер ноччу вылазяць розныя нячысцікі, таму, каб іх адпуджваць — трэба апранацца ў адзенне, як гаворыцца «шыварат-навыварат». У сенцах хат пакідалі вывернутыя мехам наверх кажухі і іншае зімовае адзенне. Былі ж і такія смельчакі, якія ў такі час браліся за варажбу.

Варажба часцей за ўсё тычылася мужчын, патэнцыяльных жаніхоў. Дарэчы, у зімовыя святы на хлопцаў не толькі варажылі. Каляды ды Шчодзер — час, калі моладзь гуляла разам, прыглядала сабе пару, каб пазней заслаць сватоў ды думаць пра вяселле. 

Расказвае дырэктар Музея старажытнабеларускай культуры НАН Барыс Лазука:

— Беларуская шляхта вельмі любіла адпачынак на свежым паветры. Пры сваіх загарадных рэзідэнцыях арыстакраты ладзілі ледзяныя каткі, горкі, каруселі, на якія не забаранялася прыходзіць простаму люду з суседніх аколіц. Можна ж уявіць, з якім задавальненнем маладыя шляхцюкі вазілі на саначках маладзенькіх сялянскіх прыгажунь. Як у вяскоўцаў, так і ў магнатаў была аднолькавая прыкмета: не пусціць калядоўшчыкаў ні ў якім разе нельга! Простых людзей арыстакраты запрашалі ў свае шыкоўныя палацы і дамы, што для сялян было незабыўным дзівам. У асноўным багацеі давалі калядоўшчыкам харчы: збожжа, бульбу, мяса, вяндліну, каўбасы. Для сялян такія падарункі былі вельмі каштоўнымі. Што тычыцца дароў паміж самімі прадстаўнікамі «кола выбраных», то славутыя слуцкія паясы таксама былі прадметамі дарэння. Больш простая шляхта дарыла каштоўныя ўпрыгажэнні, небаявую парадную зброю...

Заможныя беларусы на Каляды лічылі абавязковым абдарыць і храмы. У дамы божыя прыносілі воты (рэчы рэлігійнага ўжытку з каштоўных металаў), таксама нятанныя аправы на абразы. Былі і такія вернікі-магнаты, што адпісвалі цэрквам немалыя надзелы зямлі ці аддавалі нерухомую маёмасць, цэлыя будынкі.

Відавочна, правілы, прыкметы, сімвалы калядных свят ва ўсіх беларусаў — багатых і бедных, простых і знакамітых  — былі і застаюцца прыкладна аднолькавымі. Сярод традыцый, якія каранямі ідуць са старажытнасці, — дабрачыннасць, адкрытасць, памкненне сустрэць новы час з падарункамі, па-багатаму і ў вясёлай талацэ.  Мяняліся пакаленні, былі няпростыя часы выпрабаванняў, але ў чалавека заўсёды жыло і застаецца спадзяванне на Новы, а потым стары Новы год, на Каляды — штосьці настане лепшае, быць удачы і дабру. 

Тамара БАРЫСАВА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter