Адчыніце дзверы сваім Дзядам

Завтра и послезавтра христиане поминают пращуров

Мы адзначаем восеньскія Дзяды: каталікі — у Дзень усіх памерлых верных; праваслаўныя — у так званую Дзімітрыеўскую бацькоўскую суботу. Звычайна восеньскія Дзяды ладзіліся на трэцюю суботу пасля Пакроваў (14 кастрычніка), але ў розных рэгіёнах даты маглі мяняцца. У сучаснай Беларусі гэта свята дакладна зафіксавана дзяржавай — 2 лістапада ў нас адзначаецца Дзень памяці.


Для беларусаў характэрна адмысловая павага да сваіх продкаў. У нас дагэтуль захоўваецца архаічнае вераванне, што чалавек не памірае зусім, а ўсяго толькі пераходзіць жыць у іншы свет. І што самае цікавае: прашчуры не проста жывуць дзесьці там, а ўплываюць на людзей, якія засталіся на зямлі. Менавіта таму свята Дзядоў заклікана ўсталяваць кантакт з продкамі, каб заручыцца іх падтрымкай.

У кожным кутку краіны захоўваюцца свае адметныя асаблівасці, якія тычацца Дзядоў. Таму вызначыць нейкі агульны сцэнарый даволі праблематычна: усё вельмі лакальна, расказала “СГ” пенсіянерка з аграгарадка Сцешыцы, што на Вілейшчыне, Лідзія Язінская. Лідзія Раманаўна многа гадоў аддала культуры, з этнаграфічнымі экспедыцыямі ездзіла па Вілейшчыне, дзе жыве, і запісвала ўспаміны старажылаў. Дзякуючы такім паездкам многія абрады, у тым ліку Юр’е, вясельны абрад, зажынкі, ўдалося аднавіць у высокай ступені дакладнасці, так, як было гэта ў старадаўнія часы.

Дзяды ў Сцешыцах — традыцыя, якая жыве ў вёсцы ў сучасны век высокіх тэхналогій. Лідзія Язінская кажа, што аднолькава з павагай да свята ставяцца і каталікі, і праваслаўныя, а сцэнарый самога свята падобны ва ўсіх:

— Напярэдадні даты ўвечар было прынята збірацца за адным сталом усёй сям’ёй. Спецыяльна рабілі посную куццю з ячнай крупы, маглі выкарыстоўваць рыс. Страва гэта называецца ў нашай мясцовасці “пунцак”. Яе варылі звычайна, дадаючы ягады ці разынкі, ставілі на стол, таксама гатавалі і яшчэ дзевяць страў. У некаторых сем’ях накрывалі такую колькасць страў, колькі было ў сям’і нябожчыкаў. Вечарам усе збіраліся за сталом. Старэйшыя людзі садзіліся на баку покуці, маладзейшыя — на баку, бліжэйшым да выхада. Галава сям’і казаў самаму малому: “Ідзі, дзетка, адчыні дзверы, пазаві Дзядоў у хату, бо сёння іх свята. Заходзьце, Дзяды, у хату”. Затым чыталі ўсе малітву. Казалі словы ўдзячнасці прашчурам за абарону, каб новым пакаленням было шчасце, здароўе і дабрабыт. Куццю дзялілі паміж усімі членамі сям’і. Дарэчы, на стале не было ніякага алкаголю: пілі толькі кісель — цяпер фруктовы, а ў даўніну рабілі аўсяны.

Яшчэ адметная рыса Дзядоў у Сцешыцах — так званая “вычытка”. Справа ў тым, што ў аграгарадку ёсць толькі касцёл. Ён будаваўся у пачатку 90-х, кіраваў ім ксёндз Зыгмунд Абартух — чалавек у Сцешыцах вельмі паважаны. Ён запрашаў усіх – і каталікоў, і праваслаўных вернікаў — на “вычытку”, бо лічыў, што ўсе яны аднолькава хрысціяне. Можна было зайсці ў касцёл, напісаць на паперцы імёны сваіх продкаў-нябожчыкаў, а ксёндз за іх маліўся. На самі Дзяды вернікі ішлі на могілкі, ставілі свечкі і размаўлялі з памерлымі. Туды таксама запрашалі святара, чыталі малітвы.

Цікава, што, напрыклад, на Палессі (у прыватнасці, на Усходнім) «імпрэза» Дзядоў доўжылася два дні. Традыцыя называецца «Дзяды і Бабы»: у адзін дзень успамінаюць мужчын, якія памерлі ў тым ці іншым родзе, на наступны дзень — жанчын. У Салігорскім раёне продкаў памінаюць тры дні. Дзяды тут пачынаюць адзначаць у чацвер: у гэты дзень успамінаюць памерлых дзяцей (таму і завецца ён «дзіцячыя Дзяды»). На стол ставяць аладкі, цукеркі, іншыя смачнасці. А ў пятніцу і суботу памінаюць нябожчыкаў дарослых, старых. У Смалявіцкім раёне перасяленцы з так званых чарнобыльскіх раёнаў запрашаюць на Дзяды, акрамя родных, і сваіх землякоў-нябожчыкаў: «Мама, хадзi, тата, хадзi да нас, i з вёскi (назва), i з вёскi (назва) хадзiце…»

Падчас святочнай вячэры ўспаміналі свой род, сваіх дзядоў і прадзедаў. Распавядалі пацешныя выпадкі, звязаныя з імі. Калі вячэра падыходзіла да канца, гаспадар прамаўляў малітву, а потым тушыў свечку. Рабілася гэта або кавалачкам хлеба, або бліном. Пасля гэтага ўсё глядзелі, куды пойдзе дым. Калі ён ішоў угару, то ў сям’і ўсё павінна было быць у шчасці. А калі ён ішоў у бок, асабліва да дзвярэй, то ў хаце неўзабаве павінен быў быць нябожчык. У канцы трапезы гаспадар прамаўляў: «Дзяды, пагасцявалі, пабалявалі, а зараз сыходзьце!» Каб быць упэўненымі, што продкі сапраўды пакінулі хату, лёзамі ў гару ля парога ставілі барану.

Пасля вячэры продкаў трэба было пацешыць — скокамі, песняй. Багатыя людзі ў гэты дзень уладкоўвалі феерверкі. Казалі, што калі ў ноч на Дзядоў не легчы спаць, то можна ўбачыць продкаў. Пасля вячэры на Дзяды правілам было не прыбіраць посуд з ежай са стала (што характэрна для ўсіх раёнаў Беларусі). Лічылася, што гэтай ежай будуць сілкавацца продкі, “якія прыйшлі” на памінанне. А раніцай стол прыбіралі. Рэшткі ежы неслі на вуліцу птушкам ці ж на могілкі. Лічыцца, што птушкі, з аднаго боку, пасрэднікі паміж светам жывых і светам памерлых. З іншага пункту гледжання, птушкі — увасабленне продкаў.

uskova@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Автор фото: БелТА
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?
Новости
Все новости