Якая будучыня ў нашай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі

Адчыненыя дзверы ў космас

Пяць гадоў — нязначны ўзрост для чалавека і сур’ёзны, калі гаварыць пра спадарожнік. Беларускі касмічны апарат нядаўна адзначыў першую значную дату, пачаўшы новую эру для нашай краіны.

Сёння БКА дае неацэнную інфармацыю адзінаццаці беларускім ведамствам, у ліку якіх МНС, Белгідрамет, Мінлясгас і многія іншыя. Аднак, як кажуць спецыялісты, гэты спіс з часам можа стаць нашмат большым. Тым не менш ужо можна сказаць, што праект БКА дазваляе краіне эканоміць.

За час працы гэта ўжо больш за 8 млн долараў, якія беларускія спа­жыўцы павінны былі б выдаткаваць на атрыманне кас­мічнай інфармацыі. А даходы ад рэалізацыі тэхналогій і пра­дуктаў, створаных у праекце па Беларускай касмічнай сістэме дыстанцыйнага зан­дзіравання Зямлі, пера­высілі выдаткі на яе стварэнне на мільёны долараў. Гэта значыць, спадарожнік сябе ўжо акупіў.


Акрамя таго, шматлікія здымкі прадаюцца на экспарт: у Расійскую Федэрацыю, краіны Цэнтральнай Азіі і Лацінскай Амерыкі. У цэлым з Расіяй у галіне касмічных даследаванняў нас звязвала і будзе звязваць цеснае супрацоўніцтва. Гаворачы аб фарміраванні сумеснай групоўкі спадарожнікаў, у склад якой увайшоў БКА і «Канопус-В», намеснік кіраўніка дзяржкарпарацыі «Раскосмас» Міхаіл Хайлоў зрабіў акцэнт на станоўчых момантах такога супрацоўніцтва, а менавіта на набыцці краінамі імпартанезалежнасці.

— Я магу сказаць, што і Расія, і Беларусь з запускам гэтых касмічных апаратаў атрымалі істотную імпартанезалежнасць. Калі раней нашы дзве краіны часта вымушаны былі звяртацца да замежных касмічных апаратаў, каб атрымліваць даныя і плаціць дастаткова сур’ёзныя грошы за мяжу, то з увядзеннем у строй гэтых апаратаў і шэрага іншых мы па оптыка-электроннай апаратуры сталі цалкам імпартанезалежнымі.

Але старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч перакананы, што гэтае супрацоўніцтва можа быць яшчэ больш цесным і адкрытым, паколькі інтэграцыя паміж краінамі паглыбляецца:

— Калісьці мы планавалі стварыць паўнавартасную касмічную групоўку спадарожнікаў, у якой нашы апараты актыўна будуць працаваць пад кіраваннем ЦУП абедзвюх краін. Былі адпаведныя алгарытмы, як гэта лепш зрабіць. Партнёрства ў гэтым плане ідзе, але хацелася б, каб яно набірала абароты. У маім разуменні, эксплуатацыя групоўкі спадарожнікаў азначае больш цеснае супрацоўніцтва, калі мы пры неабходнасці можам аператыўна выкарыстоўваць расійскі спа­дарожнік, а расійскія калегі — наш.

Дарэчы, усе гэтыя аспекты патрэбна ўлічыць пры стварэнні і эксплуатацыі БКА-2, які плануецца вывесці на арбіту ў 2021 годзе. Гаворка ідзе пра новае пакаленне спадарожнікаў, расказаў Міхаіл Хайлоў:

— Гэта лагічнае развіццё нашага супрацоўніцтва, якое мы бачым у сумеснай групоўцы «Канопус», — беларускі касмічны апарат з больш высокімі тактыка-тэхнічнымі характарыстыкамі. Нядаўна паміж дзяржкарпарацыяй «Раскосмас» і Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі падпісаны мемарандум, у адпаведнасці з якім мы пачалі работы па стварэнні новага пакалення спадарожнікаў. Гэта істотны крок наперад, што дазволіць значна пашырыць магчымасці спадарожнікавых здымкаў.

У будучым годзе наша краіна стане пляцоўкай для правядзення яшчэ адной важнай касмічнай падзеі — Міжнароднага кангрэса Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў. Паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, у ліку пытанняў, якія плануецца там абмеркаваць, будуць гучаць тэмы бяспекі, перспектыўных даследаванняў космасу, уплыву Сонца, Месяца:

— Адзначу, што на кангрэсе Беларусь будзе выступаць не толькі як прымаючы бок, але і як актыўны ўдзельнік дыскусій. У нас дастаткова шмат цікавых напрацовак і ідэй, якія могуць быць карысныя для сусветнай супольнасці. Я лічу, што ў краіне, небагатай на мінеральна-сыравінныя рэсурсы, стаўку трэба рабіць на развіццё высокаінтэлектуальных галін, сярод якіх і касмічныя тэхналогіі. Для нас гэта павінна стаць прыярытэтам, паколькі не патрабуе шмат выдаткаў, выкарыстання энергарэсурсаў, вуглевадародаў, металу. У аснове ўсяго — інтэлект.

Зрэшты, сёння ўжо можна сказаць, што космас для нашай краіны становіцца асобнай і паспяхова працуючай галіной эканомікі. І справа не толькі ў пазнавальнасці. Як і многія вядучыя краіны, мы займаемся даследаваннямі калязямной прасторы, Сонечнай сістэмы, Галактыкі. Адпрацоўваем тэхналогіі, прыборы і апараты для працы ў космасе.

Яшчэ адным крокам, па словах Міхаіла Мясніковіча, можа стаць наш суайчыннiк у космасе. І гаворка не абавязкова аб цалкам беларускім касмічным апараце, а, напрыклад, пра ўваходжанне беларуса ў склад міжнароднага экіпажа і працы на МКС:

— Не выключаю, што ў будучым мы будзем мець магчымасць самастойна выйсці ў космас са сваім касмічным караблём.

Вера МІХАЙЛАВА

Па матэрыялах БЕЛТА і Інтэрфакс
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter