Адчыніце дзверы!

Паэтэса праводзіць бясплатныя творчыя вечарыны для старых

Паэтэса праводзіць бясплатныя творчыя вечарыны для старых людзей і інвалідаў

Алена ШЧЭРБАК (на здымку) — прыемны і пазітыўны чалавек. Гаворыць, што мэта яе жыцця — дарыць людзям радасць, займацца дабрачыннасцю. Не, грашыма дапамагчы яна не можа, бо мае сціплы заробак у радыётэхнічным каледжы. А вось дзяліцца сваёй творчасцю — колькі заўгодна.

Алене Канстанцінаўне ўжо за сорак, але яна — пачынаючы аўтар. Чуць вершы (яна ўжывае менавіта гэты дзеяслоў) пачала год таму, пасля таго, як перанесла сур’ёзную хваробу. Дзякуючы выдатным афтальмолагам зрок вярнулі, з ім прыйшло і натхненне. Вершы пачалі з’яўляцца адзін за адным. Калі людзі пачулі яе «Дуб», параілі выходзіць на вялікую публіку, друкавацца ў газетах і часопісах. Сама Шчэрбак крытычна адносілася да сваёй творчасці, таму звярнулася да спецыяліста. Алесь Бадак адзначыў, што паэтычны дар у Алены Канстанцінаўны ёсць. Дадаў: «Але памятайце, што калі вы сталі на гэтую дарогу — будзеце адказваць за кожнае сваё слова, коску, кропку». Гэтыя словы не спужалі жанчыну, наадварот, акрылілі. Яна і сама добра разумела, на што ідзе.

Сёння ў скарбонцы Алены Шчэрбак ужо больш за паўсотню вершаў. Радкі з’яўляюцца ў галаве ў розныя моманты. Аднойчы, гаворыць, нават выхапіла ручку з рук свайго начальніка: хутка трэба было запісаць верш. Чуе іх, калі стаіць у чарзе ў магазіне, калі варыць ежу, калі едзе ў аўтобусе. Дарэчы, менавіта ў грамадскім транспарце і на яго прыпынках у яе і ўзнікла ідэя ісці па канкрэтных адрасах. Гаворыць, што словы старых людзей і інвалідаў аб адзіноце і раўнадушшы прымусілі яе дзейнічаць актыўна.

Алена Канстанцінаўна дзялілася сваімі гумарэскамі з блізкімі людзьмі, калегамі. Ім падабалася. Дык чаму б не развесяліць тых, хто ўжо забыў, калі апошні раз усміхаўся? І пайшла жанчына па сталічных тэрытарыяльных цэнтрах, філіялах таварыства інвалідаў і іншых установах з прапановай зрабіць творчую вечарыну.

Сёння ў Алены Канстанцінаўны ўжо з дзясятак лістоў з падзякай ад кіраўнікоў розных устаноў. Яе гумарэскі ідуць на ўра. Але яна не збіраецца спыняцца. Жанчына не марыць пра кнігі і ганарары, не бяжыць у Саюз пісьменнікаў Беларусі (гаворыць, рана ёй яшчэ туды ўступаць), проста імкнецца аддаваць тое, што мае. Для яе галоўнае — каб дзверы адчыняліся.

Фота: Аляксандр ТАЛОЧКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter