Дыялог творцаў

Адчуйце рознІцу

Часта даводзіцца чуць ад беларускіх дзеячаў мастацтва, як важна ўсведамляць, што ты не працуеш у чатырох сценах сваёй кватэры, але варышся ў катле сусветнага мастацтва. Сёння не праблема набыць прафесію мастака. Быў бы талент. Толькі вось і з дыпломам мастака не ўсе гэты талент умеюць накіраваць у патрэбнае рэчышча. З якасцю твораў пачынаючых аўтараў, прызнаўся аднойчы старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца, сёння існуе вялікая праблема: “Нярэдка можна пачуць ад маладых творцаў: “Я мастак, я так бачу. Вы проста мяне не разумееце”. Каб зразумелі і пачулі, важна і самому чуць іншых”.

Знакамітыя сёння на ўвесь свет нашы землякі Шагал, Суцін, Хадасевіч-Лежэ былі свайго роду першапраходцамі — яны імкнуліся знайсці аўтарскі стыль, адкрыць нешта новае ў мастацтве. Але ў той жа час творчасць беларускіх мастакоў з рысамі нацыянальнага мастацтва развівалася ў кантэксце еўрапейскага авангарду. Пацвярджэнне таму — выстаўка “Даторы, Шагал, Суцін, Хадасевіч-Лежэ. Энергія, экспрэсія, сімволіка і сны. Погляд на мастацтва Італіі і Беларусі першай паловы ХХ стагоддзя”. Яна адкрылася на гэтым тыдні ў Нацыянальным мастацкім музеі.

Выстаўка, прымеркаваная да 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Італіяй і Беларуссю, стварае дыялог паміж прадстаўніком італьянскага авангарднага руху і трыма ўраджэнцамі нашай зямлі — майстрамі мастацтва пачатку ХХ стагоддзя. Чатырнаццаць твораў яркага італьянскага футурыста першай паловы мінулага стагоддзя Джэрарда Даторы суседнічаюць з паэтычнымі і па-дзіцячаму наіўнымі карцінамі Марка Шагала “Закаханыя” і “Гадзіннік на палымнеючым небе”, экспрэсіянісцкімі работамі Хаіма Суціна “Ева” і “Вялікія лугі ў Шартры каля віядука” і некалькімі нечаканымі абстракцыямі Надзі Хадасевіч-Лежэ. Бясспрэчна, мастакі розныя. Арганізатары выстаўкі, сярод якіх пасольства Італіі ў Мінску, Нацыянальны мастацкі музей і Белгазпрамбанк, нават выказалі здагадку, што калі б гэтыя аўтары вырашылі пры жыцці зрабіць сумесную экспазіцыю, у іх, напэўна, нічога не атрымалася б. Мастакі проста перасварыліся б, бо кожны з іх быў упэўнены ў правільнасці менавіта сваіх ідэй і выразнасці выяўленчай мовы.

Аднак вельмі важна параўноўваць і выбіраць для гэтага правільнае кола ўмоўных “сапернікаў”. Зразумець, што ты сабой уяўляеш, можна толькі тады, калі апынешся побач з іншымі вельмі годнымі людзьмі, творцамі, культурамі. І гэтая выстаўка ўпэўнівае гледача, што Беларусь заўсёды з’яўлялася часткай сусветнай культуры.

На жаль, у галовах многіх беларусаў сядзіць стэрэатып, быццам у нас усё нейкае местачковае, што наша культура будзе вечна цягнуцца ў хвасце глабалізацыйных працэсаў. Але ў нас шмат годнага. Гэта даказвалі тыя ж Шагал, Суцін, Хадасевіч-Лежэ. Гэта даказваюць і многія сучасныя беларускія мастакі. Калі адны працуюць у сваёй шкарлупіне, не маючы жадання кагосьці чуць і бачыць, то работы іншых ахвотна раскупляюцца замежнымі галерэямі і прыватнымі калекцыянерамі. Варта быць верным сабе, не баяцца паставіць сябе ў шэраг з іншымі і прыслухацца да таго, што робіцца ў свеце. Тады, напэўна, і будзе поспех. І датычыцца гэта не толькі сферы мастацтва.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter