Адчуйце розніцу

У Клімавічах пашыраюць лік кацельных на мясцовых відах паліва

У Клімавічах пашыраюць колькасць кацельных на мясцовых відах паліва і вырабляюць уласную электраэнергію

Галоўны энергетык ААТ «Клімавіцкі камбінат хлебапрадуктаў» Сяргей Дземідзенка гаворыць, што замахнуцца на ўнікальны праект па перапрацоўцы адходаў прадпрыемства прымусіла жыццё.

— Ад асноўнай сыравіны камбіната застаецца так званае шалупінне зерня. Каб яго ўтылізаваць, мы павінны былі плаціць мясцоваму «Камунальніку». Інакш выкарыстоўваць адходы вытворчасці не атрымлівалася. Напрыклад, для камбікорму жывёле яно не прыдатнае. З гэтым нешта трэба было рабіць, — падзяліўся з карэспандэнтам «Р» Сяргей Філіпавіч.

…Вядома, калі шукаеш выйсце, то яно знойдзецца. Заходнія тэхналогіі па выкарыстанні шалупіння ў якасці паліва аказаліся быццам бы спецыяльна створаныя да патрэб Клімавіцкага камбіната хлебапрадуктаў. Заставалася толькі знайсці сродкі на неабходнае абсталяванне і адаптацыю праекта да мясцовых рэалій. «Нарэшце такая кацельная напрыканцы мінулага года была запушчана ў эксплуатацыю, — расказаў галоўны энергетык. — Камбінат, як кажуць, адразу адчуў розніцу. Мала таго, што праблема ўтылізацыі знікла. За кошт уласнага паліва мы абаграваем пяціпавярховы будынак інтэрната».

Дарэчы, як сведчаць заключэнні спецыялістаў, энергаёмістасць шалупіння можна супаставіць з вугалем-антрацытам. Адходы перапрацоўкі зерня саступаюць яму ўсяго ў два разы. На камбінаце падлічылі: калі мадэрнізаваць цеплавую трасу, то атрыманай энергіі будзе дастаткова і на тое, каб падтрымліваць неабходную тэмпературу ў адміністрацыйным будынку і бытавых памяшканнях. Што і плануюць зрабіць у бліжэйшай перспектыве.

Клімавіцкі «Камунальнік» стаўку таксама робіць на мясцовыя віды паліва.

— Вось яно, наша гаручае, — майстар мясцовага УКП «Камунальнік» Васіль Дуеў не без задавальнення дэманструе гару дранкі, якая хутка пойдзе ў топку. — Згодна з праграмай мадэрнізацыі вытворчасці і эканоміі энергарэсурсаў наша прадпрыемства набыло два айчынныя катлы магутнасцю 2 мегаваты кожны. Працуюць яны на адходах драўніны, якія здрабняюцца з дапамогай спецыяльнай тэхнікі. А цяпло і гарачую ваду падаём у некалькі мікрараёнаў горада.

Дровы прадпрыемства ў асноўным нарыхтоўвае самастойна: з гэтай мэтай тут стварылі дзве брыгады. «Дзякуючы пераабсталяванню катлоў нормы расходу паліва мы скарацілі на 20 працэнтаў», — удакладніў намеснік дырэктара Клімавіцкага УКП «Камунальнік» Аляксандр Глушакоў.

— Эканоміць сродкі нам таксама дапамагае кагенерацыйная ўстаноўка, якая вырабляе энергію. Такім чынам, электрычнасць абыходзіцца ў тры разы танней, чым па дзеючых цэнах, — расказаў Аляксандр Сяргеевіч. — У мінулым годзе дзякуючы сваёй «электрастанцыі» атрымалі прыбытку на 1 мільярд рублёў. Сёлета, спадзяёмся, лічба меншай не будзе.

Значна скараціліся страты і ў выніку замены старых цепласетак на сучасныя. Яны адноўлены амаль напалову. «А ў аграгарадку Ціманава іх наогул ліквідуем. Справа ў тым, што гэтае мястэчка для перасяленцаў будавалася паскоранымі тэмпамі, пра эканомію дваццаць год таму асабліва не думалі. Трубы цеплатрасы нават не ізалявалі. І ацяпленне ў вёсцы, лічы, «залатым» стала, — падзяліўся Аляксандр Глушакоў.

Праблему вырашылі так: закупілі міні-катлы для асабістага ацяплення, затратную лінію трубаправода дэмантавалі. У цэлым яна скарацілася на 4 кіламетры, і 32 сям’і зараз градус у сваіх дамах задаюць самі. Аднак надалей праект, як кажуць, «завіс». «Частка жылля прыватызаваная, частка — не. Калі апошняй катэгорыі маем права ўстанавіць газавы кацёл за кошт бюджэту, то тым сялянам, якія выкупілі кватэры, — не. Мы звярнуліся з адпаведнымі пытаннямі ў міністэрствы ЖКГ і эканомікі. Спадзяёмся, што ў выніку зможам усё ж давесці гэтую задачу да лагічнага завяршэння», — разважае Аляксандр Глушакоў.

Пры плане мінус 5 працэнтаў паказчык першых дзевяці месяцаў бягучага года па энергазберажэнні Клімавіцкага раёна склаў мінус 6,2 працэнта. Доля мясцовых відаў паліва — звыш паловы, што таксама больш, чым планавалі.

— Хачу адзначыць: эканамічнасць у працы — не толькі дзеля паказчыкаў. Без умення лічыць, шукаць і рэалізоўваць выгадныя праекты сёння цяжка рухацца наперад, — выказаў сваю думку галоўны спецыяліст аддзела ЖКГ Клімавіцкага райвыканкама Сяргей Паўлючэнка. І дадаў: — Рэзерваў у гэтым накірунку шмат. Многія з іх ужо знайшлі сваё адлюстраванне ў раённых планах па энергазберажэнні на будучы год і далейшую перспектыву.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter