У Гомельскім гарадскім маладзёжным тэатры паставілі сучасную крымінальную драму

Адчуваць час

У Гомельскім гарадскім маладзёжным тэатры паставілі сучасную крымінальную драму.
У Гомельскім гарадскім маладзёжным тэатры паставілі сучасную крымінальную драму. Дырэктар і мастацкі кіраўнік тэатра Юрый Вута не змог абысці той факт, што ў Гомельскай вобласці знаходзяцца абедзве жаночыя калоніі Беларусі, і вырашыў паставіць драму Kopciuszek (“Папялушка”) па п’есе Януша Главацкага, польскага аўтара — дысідэнта і журналіста. Спектакль падымае праблемы здрады і маніпуляцый жанчынай. 

Трагізм ролі Папялушкі (актрыса Валянціна Ільюкевіч), законы “воўчай зграі” жанчын-зняволеных (Алеся Бардухаева-Арол, Наталля Голубева, Ірына Шапяцько і іншыя), бесцырымоннасць метадаў Намесніка калоніі (Галіна Анчышкіна) і беспрынцыповасць Рэжысёра (Андрэй Бардухаеў-Арол), што здымае свой фільм у турме, трымаюць пачуцці гледачоў напружана нацягнутымі — да слёз у фінале.

Юрый Вута падкрэслівае: “Гэтую п’есу, напісаную яшчэ ў 1978 годзе, першымі паставілі тэатры Англіі і Амерыкі. Праз 35 гадоў і я ўзяў гэты матэрыял, і ўсё па-ранейшаму актуальна. Збіраемся зрабіць сумесную акцыю з Гомельскім гарадскім аддзелам адукацыі — арганізаваць паказ спектакля для падлеткаў, у тым ліку цяжкіх. Мы — тэатр маладзёжны, і не павінны забываць пра сваю мэтавую аўдыторыю”. І дадае: “Адзін з абавязкаў рэжысёра — адчуваць час!” Юрый Вута і яго Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр яго адчуваюць.

Алена ПАРФІЯНОВІЧ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter