Яно, як лiчыць Аляксандр Багель, павiнна быць неад’емным у рабоце кiраўнiка раённай «вертыкалi»
Калi бываю ў Глуску, то са старшынёй райвыканкома Аляксандрам Багелем абавязкова выязджаем на раён. «Сустрэчы на месцах, — кажа Аляксандр Iванавiч, — падпiтваюць мяне, даюць пажытак для роздуму.
Я звяраю, як ажыццяўляюцца тыя планы, якiя намячаем, цi стасуюцца яны з рэчаiснасцю. Адчуванне глыбiнкi, таго, як там жывуць людзi, павiнна быць неад’емным у рабоце кiраўнiка раённай «вертыкалi».
У гасцях у генерала
На гэты раз трымаем курс на вёску Усцярхi, дзе знахо-дзiцца ў адпачынку адстаўны генерал Уладзiмiр Гулевiч. Па дарозе захапiлi старшыню сельскага Савета, кiраўнiка мясцовай гаспадаркi, прадстаўнiка райсельгастэхзабеспячэння. Гэткай камандай на чале з Аляксандрам Багелем укацiлi ў вёску. А насустрач – сам генерал, пры ўсёй выпраўцы, пастаўленым голасам: «Я вас чакаю!» Запрашае прайсцi ў дом. Сядзiм, размаўляем. Нам не цярпiцца спытаць, як з такой глыбiнкi – i раптам генерал!
— Я вельмi гэтага хацеў, — кажа Уладзiмiр Лявонавiч. – Не падумайце, што жартую. На ўступных экзаменах у Кiеўскае ваеннае вучылiшча передаваў шпаргалку, а мяне «засяклi»... I хоць усе экзамены здаў паспяхова, на мандатнай камiсii мне гэты факт напомнiлi: «Мы вас не прымем...» — «Не, прымеце, — настаяў я. — Я хачу стаць генералам!» I што вы думаеце, мяне залiчылi ў вучылiшча.
— Дык калi б не сказалi так, — смяёмся мы, — краiна страцiла б генерала...
— Можа, i так, — падтрымлiвае жартаўлiвы тон Уладзiмiр Лявонавiч. — Ды я не пра гэта думаў, а пра тое, як лепш службу несцi, выконваць свае абавязкi.
— А дзе служылi?
— У Беларускай ваеннай акрузе, у Прыкарпаццi, Забайкаллi, на Каўказе. У Маскве, дзе я быў намеснiкам начальнiка сувязi Узброеных сiл СССР па палiтычнай частцы. Там пасля выхаду ў адстаўку i застаўся жыць.
— На радзiму цягне?
— З гадамi ўсё болей. Пакручуся ў той Маскве – i сюды. Ганаруся сваiмi Усцярхамi, гэта вёска-герой. Бо ў вайну сюды ўсе – i партызаны, i немцы — баялiся сунуцца.
— Дык якiя ў вас праблемы, Уладзiмiр Лявонавiч? – пытае Аляксандр Багель.
— Асабiста ў мяне няма, але ў маiх землякоў ёсць: адзiн сядзiць без святла тыдзень, другому нiяк не могуць завезцi пячное палiва, трэцяму... Здаецца, дробязi, а для людзей яны самыя важныя. Ведаю, у сельсавеце, мясцовым СК новыя кiраўнiкi, але iм трэба хутчэй асвойвацца i рэагаваць на запы-таннi людзей.
— Ваша праўда, Уладзiмiр Лявонавiч. Мы пастараемся вашы заўвагi ўлiчыць, тым больш з намi тыя, да каго яны звернуты. Так што дзякуй за сустрэчу. Спадзяёмся, яна будзе не апошняй!
Потым мы ехалi i разважалi. Якiх таленавiтых людзей дала глуская зямля! Вунь у Глуску адкрыта Алея герояў, устаноўлены бюст земляка – выдатнага беларускага паэта Сяргея Грахоўскага, разгарнулiся работы па аднаўленнi сувязей з вядомымi землякамi, якiя пражываюць за межамi раёна.
— На прыкладзе вядомых землякоў, — падкрэслiвае Аляксандр Багель, — мы бу-дзем вучыць маладое пакаленне, выхоўваць у яго гордасць за Глускi раён!
За рулём матацыкла – фельчар
У вёсцы Макавiчы мы ўбачылi жанчыну, якая кiравала матацыклам. Хто яна такая? Аказалася, фельчар Калюжскага ФАПа Алена Шчэрба. Яна абслугоўвае вёскi, якiя размешчаны ў акрузе больш за пяць кiламетраў. Паспрабуй абыдзi пешкi — наўрад цi гэта атрымаецца. А калi трэба тэрмiновая дапамога? Вось i выратоўвае ўласны транспарт. Сёння фельчар адну вёску аб’едзе, заўтра другую i гэтак далей па графiку. У аўторак вядзе прыём хворых у Макавiчах. Праўда, месца для гэтых мэт не лепшае – фае мясцовай школы. Што зробiш, пакуль iншага няма... Трэба ставiць пытанне перад мясцовымi ўладамi, бо гэта здароўе людзей. Умовы медыцынскага абслугоўвання трэба паляпшаць. Гэта прымушае рабiць дэмагра-фiчная сiтуацыя. На ўчастку, якi абслугоўвае фельчар, каля чатырох соцень чалавек, а толькi адно дзiця гадавалага ўзросту!
Бярэ на заметку просьбу Шчэрбы старшыня райвыканкома. Хоць надзею, але трэба падарыць!
Хто ў Сельцах гаспадар?
Па дарозе ў вёску Сельцы мы звярнулi ўвагу на могiлкi, якiя прыцягвалi сваiм знешнiм выглядам. Хто iх дагледзеў? Аказваецца, самi мясцовыя жыхары. Яшчэ ў першыя вясновыя месяцы выйшлi сюды з сякерамi, рыдлёўкамi: ачышчалi, выраўноўвалi. Адным словам, прывялi могiлкi ў належны стан. Арганiзаваў людзей на такую грамадскую работу iх аднавясковец Фёдар Анцюшэня. Фёдар Цiмафеевiч – фiгура ў Сельцах прыкметная, яго ведаюць i паважаюць. Нездарма выбраны старастам вёскi. А калi вырашаць праблемы не атрымлiваецца, звяртаецца да старшынi сельскага Савета, у раён. Гэтакi дзейны чалавек, ад якога шмат карысцi. «Вось на такiх актыўных памочнiкаў, — гаворыць Аляксандр Багель, — мы iмкнёмся абапiрацца ў сваёй рабоце. Праўда, некаторыя кiраўнiкi сельскiх Саветаў скардзяцца: маўляў, не можам знайсцi вартай кандыдатуры. А мы кажам: «Дрэнна шукаеце, а не, пазычце Анцюшэню з Сельцаў, ён пакажа вам, як трэба працаваць!»
Мабiльнiк для Адамаўны
Вёска Бервы, куды мы неў-забаве наведалiся, невялiкая — усяго некалькi двароў. Жывуць i тут людзi. Самыя маладыя – муж i жонка Давыдоўскiя, якiм па сем дзесяткаў гадоў. Марыi Ледзян — пад дзевяноста. Яе дом стаiць якраз пры ўездзе ў населены пункт. Хлявок, нiштаватая агароджа. Гаспадыня, нягледзячы на свой далёка не малады ўзрост, трымае чатырох коз, некалькi курэй. Яшчэ i градкi засаджвае. «Праца, — кажа, — мне доўжыць гады, не дазваляе арганiзму слабець. Ды i цудоўная прырода навакол дапамагае ў гэтым. Усё, можна сказаць, добра. Аднаго нестае – тэлефоннай сувязi. Яшчэ б лепей мабiльны тэлефон займець. Толькi за свае грошы наўрад цi куплю. Можа, у раёне б дапамаглi якiя-небудзь заможныя людзi?»
Праблема, на якую нельга не адрэагаваць.
З папялiшча – у лепшым аблiччы
I вось завяршальная наша паездка – у вёску Калюга. Яна вядомая тым, што сур’ёзна пацярпела ў 1992 годзе ад пажару. Практычна ўся выгарэла, застаўся адзiн дом. Адбудоўваць населены пункт дапамагала ўся рэспублiка. Тут узвялi магазiн, ФАП, iншыя аб’екты — адным словам, не пакiнулi ў бядзе. Праз тры месяцы – нiякага следу ад пажару.
Але тая бяда засталася ў душах, ва ўспамiнах людзей. Мы гэта адчулi, калi размаўлялi з Iванам Зубкевiчам, Аляксеем Грыневiчам i iншымi жыхарамi. Ну а наконт праблем: людзi хвалявалiся аб будучынi вёскi, як утрымаць тут моладзь, забяспечыць яе працай.
Па сiлах гэта? Ва ўсякiм разе, над гэтай праблемай старшыня райвыканкома абяцаў падумаць. А яго слова, ведаю, моцнае!