Стылізаваную мадэль друкаванага прэса XVI стагоддзя стварылі ў Полацку

Адчуць сябе Скарынам

Напярэдадні 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў Полацкай дзіцячай мастацкай школе вырашылі: нашчадкі Скарыны павінны ведаць, як нараджаліся першыя друкаваныя кнігі Беларусі. І ініцыявалі арт-праект “Полацкая друкарня”. Расказалі дзецям пра разнастайныя графічныя тэхнікі. А выкладчык школы Дзмітрый Свяцкі зрабіў станок для друкавання гравюр, каб удзельнікі праекта змаглі не толькі вывучыць тэарэтычна, але і засвоіць на практыцы такія графічныя тэхнікі, як лінагравюра, гравюра на гіпсе і на кардоне, друк з дапамогай шаблонаў. Вучні і выкладчыкі ўжо надрукавалі некалькі сотняў работ. У верасні магчымасць надрукаваць невялікую кампазіцыю на мадэлі друкаванага прэса часоў Скарыны будзе і ў гасцей Дня беларускага пісьменства, які сёлета пройдзе ў Полацку.

Фота БЕЛТА

Варта адзначыць, што гэта не першая спроба аднавіць станок, на якім друкаваў кнігі Францыск Скарына. Некалькі месяцаў таму, да прыкладу, стала вядома пра вучня мінскай гімназіі № 1 Марка Кодзенева, які разам з бацькам вырабіў паменшаную копію станка часоў беларускага першадрукара. Сыну і бацьку прыйшлося даследаваць багата гістарычных матэрыялаў, каб даведацца, як выглядалі раней наборныя шрыфты і друкаваны станок, а пасля нямала папрацаваць з чарцяжамі і інструментамі, каб станок выдаў першыя літары.

А яшчэ раней, у 2014 годзе, гісторык і калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў здзівіў усіх копіяй Бібліі, надрукаванай на станку, які аднавілі па чарцяжах

XVI стагоддзя. Прыкладна на такім Францыск Скарына друкаваў свае кнігі. У Беларусі гэта адзіны асобнік, у Еўропе падобных адзінкі. Цяпер станок — часты госць на буйных мерапрыемствах кшталту Дня беларускага пісьменства ці Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу. Дарэчы, 8—9 ліпеня яго можна будзе ўбачыць і нават апрабаваць на свяце “Александрыя збірае сяброў”. У павільёне “Друкарскі двор” усім жадаючым пакажуць, як пяцьсот гадоў таму рабілася папера і друкаваліся кнігі, прапануюць уласнымі рукамі вырабіць экслібрыс, прысвечаны Купаллю.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter