Сяргей Плыткевіч паказаў нечаканыя краявіды Беларусі з вышыні птушынага палёту

Адчуць сэрцам

Сяргей Плыткевіч паказаў нечаканыя краявіды Беларусі з вышыні птушынага палёту


Беларусь знаходзіцца ў геаграфічным цэнтры Еўропы, на скрыжаванні дарог — і не толькі зямных, але і паветраных. Аднак дагэтуль краіна не пазнаная да канца, захоўвае мноства таямніц і недаступных воку прыго­жых мясцін. Беларусь заўсёды будзе загадкавай, здатнай здзіўляць. Напрыклад, мала хто любаваўся ёю з вышыні птушынага палёту. Адзін з такіх шчасліўчыкаў — журналіст і фатограф Сяргей Плыткевіч. Праляцеўшы не раз на верталёце па-над Бацькаўшчынай, здымаючы яе краявіды на фотаапарат, ён падзяліўся найцікавейшымі кадрамі з часопісам “Беларусь”.


 Замак з XV стагоддзя ў Лідзе

Можна доўга разглядваць яркія, адметныя пейзажы, якія паказваюць сапраўдную непаўторнасць краіны. Гэта і царква ў стылі готыкі XVI стагоддзя ў Сынкавічах, і замак вялікіх князёў літоўскіх XIV стагоддзя ў Лідзе. Толькі падумайце: праз Беларусь праносілася безліч войнаў, а гэтыя пабудовы выстаялі, яны і цяпер упрыгожваюць сабой наваколле.

А вось Заслаўе. Перад намі стара­жытны замак, на якім стаіць царква. У XVI стагоддзі яе будавалі ў стылі рэнесансу як пратэстанцкі збор, пасля прыстасавалі пад касцёл. У савецкі час тут быў музей. Але галоўнае: сам будынак захаваўся і сведчыць пра шматвяковую гісторыю Беларусі.

Яшчэ глыбейшую памяць мае вада, кажуць навукоўцы. Яна канцэнтруе ў сабе веды пра жыццяпіс чалавецтва і ўсёй планеты Зямля. З вады ўзнікла жыццё. І жыццё яна часам забірае… Беларусы на Палессі змушаны былі прыстасоўвацца да частых паводак, адна з якіх і стала фотатворам Сяргея Плыткевіча. Цэлая вёска адрэзана ад зямлі стыхіяй. Катастрофа! Але з вышыні вабіць вока як нешта незвычайнае. Плыткевіч дадае:



— Многія палескія вёскі падчас вялікай паводкі можна параўноўваць з Венецыяй. Вось толькі няма ў нас гандальераў. Палешукі перамяшчаюцца на чаўнах або драўляных лодках.

А вось яшчэ адна вёска — зялёны аазіс сярод узаранага поля. Праўда, глядзіцца дзівосна? Так беларусы дбаюць пра зямлю: усё, што не прыстасавана пад жыллё, аруць, засейваюць, каб збіраць ураджай. Беларуская працавітасць вядомая на ўвесь свет.

Лось, буслы — спрадвечныя жыхары на беларускіх прасторах. Яны перад вамі ў кадрах Плыткевіча таксама ў незвычайным ракурсе. Здаецца, што лось цяжка дыхае, а бусел зараз узмахне сваімі крыламі ды паляціць. Фатограф здолеў іх адлюстраваць тады, калі жывёліна і птушка яго не бачылі, а таму перад намі — іх сапраўдны выгляд у натуральным асяроддзі.


Спрадвечны жыхар нашых лясоў — лось

А як вам панарама балота ў заказніку “Казьяны”? Плыткевіч гэты краявід называе няйначай як касмічным:

— Містычнае, казачнае месца. А на балоце яшчэ многа маленькіх азёр розных формаў.

Гледзіш на гэтыя здымкі, ды так і хочацца прагаварыць словы з верша Якуба Коласа:

О, край родны, край прыгожы!
Мілы кут маіх дзядоў!
Што мілей у свеце божым
Гэтых светлых берагоў,
Дзе бруяцца срэбрам рэчкі,
Дзе бары-лясы гудуць,
Дзе мядамі пахнуць грэчкі,
Нівы гутаркі вядуць;
Гэтых гмахаў безгранічных
Балатоў тваіх, азёр,
Дзе пад гоман хваль крынічных
Думкі думае прастор…


Вот такія ёсць “мастацкія” палі на Расоншчыне

Дарэчы, у выдавецтве “Рыфтур” надоечы выйшаў фотальбом Плыткевіча “Нечаканая Беларусь”, дзе змешчана больш за 200 здымкаў краіны з неба. Сяргей ужо многа год запар выдае альбомы, якія паказваюць хараство беларускай прыроды і архітэктуры. Да чарговага тома са здымкамі прыйшоў мэтанакіравана:

— “Мая Беларусь” — так называўся мой першы аўтарскі фотаальбом, які быў выдадзены ў 2001 годзе. Потым было шмат турыстычных даведнікаў, камплектаў паштовак, а таксама альбомы “Беларуская экзотыка”, “Нечаканая Беларусь”, “Дикая жизнь в центре Европы”, “Планета Беларусь”. Гэтымі выданнямі я спрабую пераканаць і суайчыннікаў, і замежных гасцей, што наша краіна незвычайная і нават экзатычная. Я даю магчымасць паглядзець на дзікую прыроду, якая амаль недасягальная для звычайных людзей. Я даўно марыў зірнуць на сваю радзіму з вышыні птушынага палёту. Яшчэ падчас навучання ў Полацкім лясным тэхнікуме ў мяне ўзнікала жаданне звязаць свой лёс з небам — была магчымасць атрымаць спецыяльнасць лётчыка-назіральніка… Цяпер я зрабіў другое выданне фотальбома “Нечаканая Беларусь”, які ўпершыню выйшаў у 2005 годзе. У новай кнізе змешчаны краявіды Беларусі самага апошняга часу. Вельмі спадзяюся, што новы погляд на нашу Айчыну зацікавіць і, шаноўных чытачоў часопіса “Беларусь”. Шчаслівага палёту па-над цэнтрам Еўропы!


Дарэчы, кніга выдадзена не толькі па-беларуску, але і па-руску, па-англійску, па-нямецку. Таму можна разглядаць здымкі і чытаць падрабязную інфармацыю пра тыя мясціны, што на іх выяўлены, на зразумелых большасці мовах.

Альбом стаў плёнам працы не толькі Сяргея Плыткевіча, але і вядомага дызайнера Алены Дашкевіч. Яна прызнаецца, што старалася кнігу ператварыць у фільм. Задача незвычайная:

— Я хацела, каб атрымалася візуальнае апавяданне. Нібы вы гледзіце фрагменты фільма. Толькі перад вамі не бягучая стужка, а кадры. Мы рабілі гэтае “кіно” амаль цэлы год. Пачынаецца кніжнае “відэа” з выявы самалёта на тытульным аркушы, каб чытач адразу асацыяваў альбом з падарожжам над Беларуссю на вышыні птушынага палёту. Назва “Нечаканая Беларусь” чытачу падказвае, што ён адкрые для сябе такую краіну, якой ён і не спадзяваўся ўбачыць.



А Сяргей Плыткевіч працягвае свае вандроўкі і абяцае нас пазнаёміць са сваімі новымі рэпартажамі з незвычайных куткоў Беларусі.

Віктар Корбут, Сяргей Плыткевіч (фота)
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter