Ў Палац Незалежнасці запрасілі 260 журналістаў са 152 газет, 16 інфармагенцтваў, 3 інтэрнэт-выданняў, 26 тэлеканалаў, 41 радыёстанцыі.

Адбылася змястоўная сустрэча Прэзідэнта Беларусі з прадстаўнікамі нацыянальных і замежных СМІ

Усяго ў Палац Незалежнасці запрасілі 260 журналістаў са 152 газет, 16 інфармагенцтваў, 3 інтэрнэт-выданняў, 26 тэлеканалаў, 41 радыёстанцыі. У самым пачатку сустрэчы Аляксандр Лукашэнка заклікаў прэсу да адкрытага дыялогу, сказаўшы, што тэм закрытых няма і ён гатовы адказаць на ўсе пытанні. Размова, дзе кожны мог выказаць сваё меркаванне, атрымалася жывой, зацікаўленай і вельмі адкрытай. Тым больш што журналісты праявілі вялікі інтарэс да падзеі, рыхтаваліся, раіліся са сваімі чытачамі і слухачамі, выказвалі не толькі сваю пазіцыю, але і іх. Доўжылася сустрэча крыху больш за сем гадзін, што стала рэкордам для такіх мерапрыемстваў 

Аляксандр Лукашэнка адказвае на пытанні журналістаў



Сітуацыя ў эканоміцы

Прэзідэнт падчас сустрэчы заклікаў не ствараць залішняга шуму вакол пытанняў у эканоміцы і фінансах. Вядома, што ў канцы мінулага года краіна сутыкнулася з сур’ёзнымі выклікамі, абумоўленымі знешнімі прычынамі. Гаворка ідзе аб падзеях ва Украіне і дэвальвацыі нацыянальных валют у нашых суседзяў (так, у пачатку мінулага года моцна аслабеў казахстанскі тэнге, затым — расійскі рубель). З-за экспартаарыентаванасці  эканомікі гэтыя падзеі адбіліся і на нас. Плюс спрацаваў і псіхалагічны фактар, выліўшыся ў валютны ажыятаж з боку насельніцтва. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што першапачаткова пра дэвальвацыю беларускага рубля ў канцы года размовы не ішло. Каб не чакаць, пакуль спустошацца   золатавалютныя рэзервы, улады былі вымушаныя ў пэўнай ступені адпусціць нацвалюту ў свабоднае плаванне: “Мы пастараліся, як умелі, дзейнічаць хутка, правялі пэўныя мерапрыемствы, пра якія вы добра ведаеце, і паспрабавалі забяспечыць стабільнасць на фінансавым рынку краіны. На гэты момант, здаецца, атрымалася. Паглядзім, што будзе далей. Мы трымаем пад асаблівым кантролем пытанні інфляцыі, забеспячэння таварамі народнага спажывання нашага ўнутранага рынку”.

Стрымліванне цэн на ўнутраным рынку, на думку Прэзідэнта, абгрунтаванае: “Калі нехта плачацца, што вось улады Беларусі трымаюць цэны, не даюць скочыць у сувязі з дэвальвацыяй нацыянальнай валюты, я гавару, што сітуацыя не такая, як была раней. Раней нафта каштавала 120 долараў, і рэсурсы, і ўся сыравіна, якія мы куплялі, у тры разы даражэйшыя былі. Цяпер гэта ўсё ніжэй — значыць, сабекошт ніжэйшы. Дык чаго ж вы патрабуеце, каб мы вам далі магчымасць расперазацца і набіць кішэні больш, чым сёння ў Расіі і на Захадзе бізнесмены маюць?” Трэба адзначыць, што ў сувязі з паніжэннем сабекошту рэсурсаў цэны не зніжаліся. “Хоць можна было дзесьці націснуць. Мы просім: захавайце гэту цану. Ураду дадзена каманда. Мы гэтае пытанне вырашаем з тымі, хто хоча вырашыць”, — звярнуўся да бізнесу Прэзідэнт. Пры гэтым ён дадаў, што ёсць выключэнні — імпартныя тавары, аналагі якіх не вырабляюцца ў Беларусі. 

Закранаючы пытанне эканамічнай будучыні краіны, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: “Усё гэта робіцца спакойна, без усялякага надрыву. І наогул, паколькі пытанні датычацца грошай, фінансаў, хачу сказаць: грошы любяць цішыню. Псіхалогія ў так званай рыначнай эканоміцы значыць многае”. Праблем нямала, не хавае Прэзідэнт: ёсць пытанні і да работы эканомікі, дзяржаўнага апарату, аграпрамысловага і будаўнічага комплексаў. Кіраўніцтва краіны і абноўлены Урад у тым ліку займаюцца вырашэннем гэтых пытанняў. У прыватнасці, гаворка ідзе аб дыверсіфікацыі экспарту: сёння попыт на нашу прадукцыю ёсць у Венесуэле, Кітаі ды іншых краінах далёкага замежжа. Беларусь зможа пераадолець цяжкасці, упэўнены Прэзідэнт. 

Пытанні інтэграцыі

З 1 студзеня пачаў работу найважнейшы інтэграцыйны праект — Еўразійскі эканамічны саюз, да якога наша краіна разам са сваімі партнёрамі рухалася на працягу некалькіх гадоў. “Дзесьці мы ішлі, прабачце мне, навобмацак, ствараючы крытэрыі разлікаў размеркавання ўвазных пошлін, але мы гэта зрабілі. Мы пачалі гэты рух. Альтэрнатывы яму няма. Няма яшчэ і таму, што ўвесь свет сёння інтэгруецца”, — падкрэсліў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што інтэграцыйныя працэсы актыўна развіваюцца, напрыклад, паміж ЗША і Канадай, у Лацінскай Амерыцы. “Таму нам трэба захаваць гэтае адзінства”, — лічыць кіраўнік дзяржавы, маючы на ўвазе ЕАЭС. І, вядома, мы абавязаныя выкарыстаць магчымасці, якія адкрываюцца перад намі. 

Прэзідэнт запэўніў: краіна будзе ўсяляк садзейнічаць паглыбленню інтэграцыі, стварэнню раўнапраўнага саюза без выключэнняў і абмежаванняў. Тым больш што Беларусь у першы год работы новага інтэграцыйнага праекта старшынствуе ў ЕАЭС. Пры гэтым гандлёвых войнаў на агульнай прасторы быць не павінна, лічыць Прэзідэнт: “Эканоміка застанецца і будзе падмуркам далейшых нашых рухаў, магчыма, і ў плане палітычным, ваенна-палітычным”. У той жа час Аляксандр Лукашэнка прызнае, што катэгарычна патрабаваць узгодненасці, як у Еўрапейскім саюзе, не варта: “Мы гэтае ўтварэнне ствараем літаральна некалькі гадоў. Гэта вялікая нарматыўная база. Патрабаваць з нас таго, што нават у эканоміцы павінны быць вырашаныя многія пытанні, нельга”. 
Таму ў ЕАЭС трэба практыкаваць работу наднацыянальных органаў. Узяць, да прыкладу, сітуацыю з забаронамі на пастаўкі прадукцыі некаторых беларускіх прадпрыемстваў на расійскі рынак. Па вялікім рахунку, неабходна мець нейкі агульны орган або лабараторыю, якая б давала незалежнае заключэнне. Улічваючы гэтыя да­дзеныя, наднацыянальная структура (пытанне стварэння такой прапрацоўваецца) павінна прыняць канчатковае і незалежнае рашэнне. “Мы толькі пачалі працаваць. Вядома, узнікаюць пытанні. Уявіце: вялікая Расія, і яна вымушана была, як мы і Казахстан, у наднацыянальны орган аддаць пэўную колькасць паўнамоцтваў. І гэтая колькасць паўнамоцтваў роўная колькасці паўнамоцтваў Беларусі і Казахстана. Патрэбны пераходны перыяд для таго, каб мы абвыкліся, выпрацавалі новыя падыходы, напрамкі, структуры стварылі”, — лічыць Прэзідэнт.

Пры гэтым, на думку кіраўніка дзяржавы, Еўразійскаму эканамічнаму саюзу трэба развіваць супрацоўніцтва з Украінай, хоць аб яе членстве ў саюзе размовы не ідзе. Сёння выпрацоўваецца методыка супрацоўніцтва з паўднёвай суседкай. Бо не варта скідаць з рахункаў факт, што краіна пачне выконваць свае абавязацельствы ў сувязі з пагадненнем аб асацыяцыі з Еўрапейскім саюзам. Танная еўрапейская, украінская прадукцыя не павінна хлынуць на тэрыторыю ЕАЭС. 

Разам з тым Прэзідэнт не выключае выхаду краіны з інтэграцыйнай структуры ў выпадку парушэння дамоўленасцяў. Паколькі дагавор аб стварэнні аб’яднання падпісваўся з агаворкай. Сутнасць яе заключаецца ў тым, што, калі не будуць выконвацца дамоўленасці, у нас застаецца права аддзяліцца ад саюза. 

Знешняя палітыка

Прэзідэнт не дапускае “шарахання” ў знешняй палітыцы паміж Усходам і Захадам. “Расія — святое. На Захадзе я не хачу бачыць ворагаў, і цяпер я іх не бачу”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. І дадаў: “Ніколі амерыканцы, асабліва ў гэты час, не націскалі на нас. Наадварот, мы вядзём з імі размову, мы дамовіліся: хопіць нам паліваць адзін аднаго граззю ў сродках масавай інфармацыі. Мы гэтага не бачым з боку амерыканцаў. Няма той рыторыкі, якая была”. 

Прэзідэнт звярнуў асаблівую ўвагу: у існуючай няпростай палітычнай сітуацыі на міжнароднай арэне Беларусь ні на ёту не адышла ад свайго галоўнага прынцыпу ў знешняй палітыцы — шматвектарнасці. Сёння такую палітыку дыктуе наша геапалітычнае становішча: “На Усходзе жыве наш старэйшы брат, нашы родныя людзі. Там усё пераплецена так, што немагчыма разарваць”. Што датычыцца Украіны, то адной з асноўных прычын канфлікту і страты часткі тэрыторыі суседкай з’яўляецца перш за ўсё “бязглуздая нацыяналістычная палітыка”.

Кітайскі вектар 

Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы расказаў, што разлічвае на падтрымку Кітая, з якім Беларусь  мае добрыя адносіны, у дыверсіфікацыі экспарту. “Мы хацелі б прадаваць у Кітай больш таго, што ён купляе ў заходніх або іншых дзяржаў. У Кітая гэта сотні мільярдаў долараў. Але калі б мы выйшлі на продажы беларускіх тавараў прыкладна ў пяць мільярдаў — гэта было б вельмі добра. І мы ў гэтым напрамку з Кітаем вядзём прамы дыялог. У іншым у нас праблем няма”, — падзяліўся з журналістамі Аляксандр Лукашэнка.  

Як пацвярджэнне яго слоў — існаванне Кітайска-беларускага праекта “Індустрыяльны парк “Вялікі камень”, які можа прынесці краіне мільярдныя даходы за кошт будаўніцтва суперсучасных прадпрыемстваў. “Калі мы рэалізуем гэты праект, тады ў нас не будзе праблем ні з золатавалютнымі рэзервамі, ні з падтрыманнем курса нацыянальнай валюты”, — лічыць кіраўнік дзяржавы. 
Прэзідэнт нагадаў журналістам: і папярэдні кіраўнік КНР, і цяперашні Сі Цзіньпін падтрымлівае курс на развіццё сувязяў з нашай краінай. Дарэчы, Кітай выдзеліў Беларусі крэдытаў на суму каля 15 мільярдаў долараў для рэалізацыі сумесных праграм, пры­чым пад прымальныя працэнты. Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб заяве кітайскага кіраўніцтва, што Кітай не дасць у крыў­ду Беларусь, будзе яе падтрымліваць: “Я ўдзячны Кітаю за той узровень адносінаў, які ў нас склаўся”.

Кіраўнік дзяржавы неаднаразова наведваў КНР, у тым ліку  і да свайго прэзідэнцтва. Больш за тое, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў звярнуць увагу на кітайскі досвед яшчэ калі быў дэпутатам парламента, калі выбіралі курс развіцця краіны. Але тады гэтая прапанова была жорстка раскрытыкавана. “І што адбываецца больш як праз 20 гадоў? Кітай — гэта імперыя, гэта другая эканоміка ў свеце, гэта першая краіна па экспарце. Гэта дзяржава, якая сёння фактычна забяспечыла шматпалярнасць у свеце, і гэта вельмі важна, — лічыць Прэзідэнт. — Я заўсёды гаварыў аб тым, што Кітайская Народная Рэспубліка — гэта дружалюбная нам дзяржава. Беларусь ганарыцца сваімі адносінамі з такімі краінамі, як Расія, Кітай, Індыя ды іншымі. Гэта нашы сябры, якія заўсёды гатовы падставіць плячо”.

Тэрытарыяльная цэласнасць

Беларусь ніколі не прэтэндавала на чужыя землі і тэрыторыі. На гэтай  думцы Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу, адказваючы на пытанне аб адносінах паміж Беларуссю і Расіяй. “У мяне не ўкладваецца ў галаве, як гэта рускім ваяваць з рускімі? Калі мяне пачынаюць насцярожваць такім чынам або гаварыць аб тым, што пасля Крыма Пуцін прыйдзе ў Беларусь, я наогул уявіць сабе, дапусціць гэтага не магу. Ну як рускі чалавек прыйдзе ў Беларусь ваяваць — родны, на сваю родную зямлю... Трэба супакоіцца, выкінуць усё гэта з галавы. У нас вельмі шмат іншых праблем, якія трэба вырашаць”, — звярнуў увагу Прэзідэнт. 

Разам з тым, некаторыя людзі лічаць беларускую зямлю часткай расійскай тэрыторыі. Аляксандр Лукашэнка выказаўся даволі зразумела: усе павінны паважаць наш суверэнітэт і незалежнасць.

Братэрскія сувязі

Мінулы год быў адзначаны эскалацыяй міжнароднай напружанасці не толькі ў суседняй Украіне, але і ў многіх пунктах нашай планеты. “Тым не менш трагедыя брацкага народа прымусіла нас яшчэ раз задумацца аб тым, наколькі важна, каб у краіне былі мір, спакой і парадак”, — адзначыў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што Беларусь, Расію і Украіну аб’ядноўваюць цесныя гістарычныя, культурныя і эканамічныя сувязі. Разарваць іх нельга. “Мне хацелася б, каб год 70-годдзя Вялікай Перамогі, гэты год, стаў для нашых народаў напамінам аб тым, што толькі разам, плячо ў плячо мы можам перажыць цяжкія часы і процістаяць любым самым страшным пагрозам”, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. 

Ён упэўнены: дзеля забеспячэння бяспекі краіны важна ўлічваць шырокі спектр меркаванняў і спыняць тых, хто распальвае канфлікты ўнутры краін. “Калі на ўсходзе Украіны прадоўжацца ваенныя дзеянні, у гэтым балоце збярэцца дрэнь з усяго свету. А потым гэтыя наёмнікі папаўзуць у Расію і да нас — вось што мяне больш за ўсё хвалюе. Для мяне ўсё роўна, хто будзе ваяваць супраць Беларусі. Калі ён прыйдзе да нас з мячом, мы адкажам тым жа”, — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы. 

Пра Украіну

Падчас дыялогу з журналістамі Прэзідэнт падзяліўся меркаваннем і наконт мінскіх перагавораў па Украіне. У прыватнасці, што не бачыць эфектыўнай альтэрнатывы гэтаму фармату: “Тут як-ніяк, але многага дасягнулі”. Аляксандр Лукашэнка дадаў, што пункты заключанага мемарандума да нядаўняга часу заставаліся прыярытэтнымі для проціборствуючых бакоў.  

У выпадку перафарматавання перагавораў па Украіне, на думку кіраўніка дзяржавы, урэгуляванне канфлікту давядзецца пачынаць з нуля, што, адпаведна, негатыўна паўплывае на сітуацыю. “І самае галоўнае — прапануемы фармат, наколькі я ведаю, прадугледжваецца на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. Ужо столькі праведзена сустрэч на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, столькі зроблена заяў... На ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў агульныя падыходы і раздзяляльныя лініі паміж сіламі не вызначаюцца. Там будуць агульныя палітычныя заявы, іх і так хапае. Проста збяруцца, пагавораць, раз’едуцца, і што потым? Новую бу­дзеце кантактную групу ствараць?” — задаўся пытаннем Прэзідэнт. Паводле яго слоў, на захаванні мінскай пляцоўкі і захаванні дамоўленасцяў настойвае і Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка. “І калі лінія, якая вызначана ў мінскім мемарандуме, змянілася, яе трэба вызначыць нанава, як гэта было раней. Трэба дамовіцца аб лініі фронту, — упэўнены беларускі лідар. — І калі яна будзе ўзгоднена, ад гэтай лініі пачнецца адвод узбраення, ад якога гіне столькі людзей”.
Прэзідэнт лічыць: зацягванне вайны — не ў чыіх-небудзь інтарэсах. “І мінскі фармат, я чамусьці перакананы, будзе запатрабаваны літаральна ў бліжэйшы час. Іншага фармату няма, і шкодна пачынаць перафарматаванне. Страцім час і нічога не зробім”, — пера­кананы Аляксандр Лукашэнка. 
 
Сацыяльная  арыентаванасць

Асаблівую ўвагу падчас размовы з журналістамі Прэзідэнт звярнуў на  сацыяльна арыентаваную мадэль у развіцці дзяржавы, ад якой улада не будзе адмаўляцца: “Тая мадэль, якая была ў нас з вамі і існуе па гэты час, мы ад яе зусім не адмаўляемся. Мы называем яе сацыяльна арыентаванай, гэта значыць у цэнтры знаходзіцца чалавек. Я ад яе не адмоўлюся да канца свайго прэзідэнцтва. Мы гэту мадэль намацалі, мы гэту мадэль стварылі, мы гэты шлях вызначылі, і па ім трэба ісці, не шарахаючыся, асабліва ў перыяд крызісу”.  

Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб становішчы спраў у эканоміцы Беларусі пасля распаду СССР, калі людзі заходзілі ў магазін, як у пустыню, калі на руках былі прадуктовыя талоны, за якія складана было атрымаць тавар. “Мы тое, што лепшае засталося нам ад Савецкага Саюза, ад той эканомікі, паднялі з калень, таму што іншага ў нас не было. Рэфарматараў было шмат, якія заклікалі зрабіць так, як у Расіі, як цяпер ва Украіне. Але цяпер жа мы разумныя, цяпер жа многія разумеюць, што мы ні ў якім разе не павінны былі ісці тым шляхам абвальнай прыватызацыі, бо мы парадзілі б алігархічны капіталізм і мелі б усе вынікі гэтага капіталізму,  — упэўнены Прэзідэнт. — Ёсць праблемы і сёння. Але яны пароджаны не намі. Калі вы аб’ектыўныя, то разумееце, што цяперашні стан, ды і мінулы крызіс, былі знешнімі. Свет, дарэчы, не выйшаў з крызісу. Так, Амерыка “задыхала”, Кітай больш-менш. Усё астатняе ў нас яшчэ не паднялося. І дабавілася бяда, крызіс нашых сусе­дзяў, з якімі мы гістарычна, эканамічна і фінансава звязаны”.

Улада і кадры

У Беларусі немагчыма фарміраванне груповак ва ўладзе і прасоўванне сваіх людзей. Аляксандр Лукашэнка выказаўся наконт гэтага вельмі зразумела. Як і немагчыма лабіраванне ў плане падпісання ўказаў па кадрах. Закранаючы тэму кадравых рашэнняў, Прэзідэнт звярнуў увагу: нельга прымаць такія кадравыя рашэнні, ад якіх потым будуць пакутаваць і мільёны людзей, і краіна, і яе суседзі. Закранулі падчас прэс-канферэнцыі і апошнія кадравыя перастаноўкі. Аляксандр Лукашэнка падрабязна спыніўся на некаторых назначаных кіраванцах, расказаў, чым кіраваўся, прымаючы рашэнні, і прызнаў, што хацеў бы бачыць больш жанчын на высокіх пасадах. 

Што датычыцца стварэння розных кансультатыўных саветаў пры Прэзідэнце, Аляксандр Лукашэнка не ба­чыць у гэтым карысці:  “Я катэгарычна супраць фарміравання пры Прэзідэнце якіх бы там ні было органаў. Сёння пры Прэзідэнце існуе толькі адзін савет — па прадпрымальніцтве”.  А калі ўзні­кае неабходнасць нейкую праблему правентыляваць, правесці мазгавую атаку, то ствараюцца спецыяльныя рабочыя групы. У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў падрыхтоўку так званага дэкрэта аб барацьбе з дармаедамі: “Гэтым займаецца міністр. Гэта яго пытанне, ён вырашае, каго запрасіць у групу па стварэнні гэтага нарматыўна-прававога акта”.

Удзельнікі сустрэчы падчас размовы аб кіруючых кадрах выкарысталі і  тэрмін “кадравы голад”. На думку Прэзідэнта, яго ў краіне сёння не назіраецца. Іерархія выбудавана такім чынам, што ключавымі ў краіне з’яўляюцца, акрамя прэзідэнцкай, пасады Прэм’ер-міністра, міністраў і губернатараў. І людзі прасоўваюцца па службовай лесвіцы знізу ўверх. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, новыя прызначэнні не з’яўляюцца паказчыкам голаду на кадры, бо здольныя справіцца з работай на ключавых пасадах адзінкі. Дарэчы, сярод новых назначэнцаў ёсць і маладыя людзі, якія літаральна ўзляцелі наверх, звярнуў увагу Прэзідэнт. Разам з тым у дзяржапараце будзе працягнуты працэс аптымізацыі, які з’яўляецца бесперапынным. Гэта датычыцца ўсіх, хто на бюджэце, — не толькі дзяржслужачых, але і ваенных, міліцыі ды іншых.

Падчас сустрэчы журналісты агучы­лі прапановы, што для павышэння фінансавай матывацыі кіраўнікоў ім можна было б перадаваць у асабістую ўласнасць нейкую частку актываў прадпрыемства. Прэзідэнт такое меркаванне не падтрымлівае. “Цалкам прымальны варыянт, які існуе ў многіх дзяржавах, але я не думаю, што ў нас гэта дасць эфект, на які мы разлічваем, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Кіраўнікі ў нас не багатыя, але і не самыя бедныя. На прадпрыемствах, ад якіх хацелася б большай аддачы, у іх і так прыстойная зарплата”.

Карупцыя

Падчас дыялогу было закранута і такое балючае для многіх краін пытанне. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу: “Як чалавек, які займаўся шмат гэтымі пытаннямі, не скажу, што нельга ад яе пазбавіцца, але не скажу, што і можна”. Кіраўнік дзяржавы прызнаў, што, магчыма, маюць рацыю тыя людзі, якія гавораць, што карупцыю нельга перамагчы, але можна звесці да мінімуму. 
Тэма не павінна быць закрыта ад грамадзян. А таму Аляксандр Лукашэнка даручыў: Генпракурор павінен раз у квартал інфармаваць СМІ аб фактах карупцыі. Дарэчы, аб рабоце чыноўнікаў і журналістаў. Апошнія часам выказваюць незадаволенасць тым, што ад прадстаўнікоў улады цяжка атрымаць інфармацыю. Прэзідэнт звярнуў увагу: калі ведамасныя інструкцыі перашкаджаюць СМІ атрымліваць ад ведамстваў інфармацыю, то іх трэба “ўхіліць” праз указ або распараджэнне Прэзідэнта. “І наогул трэба выпрацаваць практыку: калі міністр або службовая асоба, да якой звярнуліся, беспадстаўна адмаўляецца мець зносіны з журналістамі і адказваць на іх пытанні — гэта не міністр, не службовая асоба. Звярнуўся журналіст — адкажы. Калі крытыка, у нас, па-мойму, указ ёсць, — павінен адрэагаваць... Гэта не першы раз я ўжо чую аб такім нежаданні мець зносіны з масмедыя”, — нагадаў кіраўнік дзяржавы.

Пра адукацыю

Прэзідэнт лічыць, што ў гэтай сферы трэба навесці парадак, а не то і рэфармаваць яе. Напрыклад, вызваліць выкладчыкаў і настаўнікаў ад неўласцівых ім функцый і даць ім магчы­масць займацца адукацыяй і выхаваннем. “Якія палітычныя, эканамічныя і фінансавыя справаздачы могуць быць у настаўнікаў?” — задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама закрануў тэму беларусізацыі адукацыі і заклікаў не навязваць настаўнікам, на якой мове ім гаварыць і выкладаць. “Цяпер беларускай мовы ў школе хапае. Я ўжо вам гаварыў, што аднойчы паглядзеў — англійскай мовы пяць гадзін у чацвёртым класе, а беларускай — тры або чатыры. Як так? Дабавілі”, — нагадаў кіраўнік дзяржавы. 

Што ж датычыцца пытання мовы, то яно ў нашай краіне вырашана раз і назаўжды — на рэферэндуме. У краіне да канца прэзідэнцтва застануцца дзве дзяржаўныя мовы — беларуская і руская. “Наш народ нямала ўнёс у скарбонку рускай мовы і нямала выпакутаваў, каб яна была роднай. Я і пераважная большасць беларусаў лі­чым рускую мову роднай. Гэта спадчына і багацце, ад якога мы адмаўляцца не павінны”, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. І дадаў, што падтрымлівае беларускую мову: “Яна робіць нас адметнымі ад расіян. Наяўнасць сваёй мовы — гэта прыкмета нацыі. Мы ні ў якім разе не павінны загубіць беларускую мову. Мы павінны ведаць яе, як і рускую.
Яна будзе найвялікшым здабыткам любога беларуса. Я не хачу, каб ён быў страчаны. Гэта даражэй за любыя крэдыты і мільярды”. Пры гэтым Прэзідэнт лічыць, што катэгарычна  не прымальны націск па моўнай прыкмеце. 


Форма вызначыла змест 

Калі журналісты рассаджваліся на свае месцы ў канферэнц-зале Палаца Незалежнасці, на вялікіх экранах засвяціўся надпіс: “Адкрыты дыялог Прэзідэнта з журналістамі”. Пачынаючы мерапрыемства, Аляксандр Лукашэнка адразу прапанаваў прадстаўнікам СМІ не саромецца — не проста задаваць пытанні, а дыскутаваць з ім, спрачацца і выказваць сваё меркаванне па вострых пытаннях сацыяльнага і эканамічнага развіцця краіны. Як адрэагавалі на змену фармату ўдзельнікі мерапрыемства? 

Лілія Ананіч, Міністр інфармацыі:

— У нашай дзяржаве — адкрытай, дэмакратычнай, якая дынамічна развіваецца — тон зносінам заўсёды задаецца Кіраўніком дзяржавы. І нават гэтая дыскусія, гэты фармат яшчэ раз паказалі грамадству вялікі патэнцыял нашай краіны. Галоўнае наша багацце — гэта людзі, а людзей трэба слухаць і чуць. І раз ужо ў цэнтры дзяржаўнай палітыкі ў нас знаходзіцца чалавек, значыць, ідэя наладзіць з журналістамі такі дыялог была вельмі правільнай. Усе мы працавалі на адну ідэю, каб была лепшай краіна, каб у нас было ўзаемаразуменне. 

А прэса сёння атрымала і дадатковую адказнасць. Таму што прэс-канферэнцыя Аляксандра Лукашэнкі паказала: усе СМІ рэальна далучаны да працэсу развіцця дзяржавы. Гэта вельмі адказна — гаварыць праўду. А з адным з каментарыяў прысутных, які я пачула па заканчэнні мерапрыемства, аб тым, што Прэзідэнт падчас сустрэчы быў нават празмерна адкрыты, я паспрачалася б. Наш Прэзідэнт адкрыты заўсёды. І за гэтую палітыку яго і любіць беларускі народ.

Іван Міхайлаў, намеснік дырэктара Агенцтва тэлевізійных навін:

— Спачатку стала нечаканасцю для журналістаў, калі нам прапанавалі дыялог, але гэта мела эфект. Пытанні былі вострыя, адказы, як, зрэшты, і заўсёды, — грунтоўныя, а дыялогі нярэдка заканчваліся нечаканымі развязкамі. Нягледзячы на тое, што быў пастаўлены абсалютны рэкорд — Прэзідэнт прагаварыў з журналістамі 7 гадзін, — час праляцеў непрыметна. Заўважу, Аляксандр Лукашэнка быў з намі адкрыты. Вельмі часта з яго вуснаў злятала фраза накшталт “можа быць, не варта было б вам гаварыць, але я ўсё-такі скажу”. Мне як журналісту ўсё было вельмі цікава.

Таццяна Зянько, каментатар Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё: 

— Сустрэча Прэзідэнта з журналістамі, наколькі я ў курсе, у фармаце адкрытага дыялогу праводзілася ўпершыню, і эксперымент апынуўся ўдалым. Для пішучай браціі досыць важна быць пачутымі, каб гутарка была ўзаемнай, цікавай і для аднаго, і для другога боку. Гэтым разам мы адышлі ад традыцыйнай формы, якая накладвала нейкія клішэ на зносіны. Звычайна на прэс-канферэнцыях журналісты больш заціснутыя. На гэты раз такога не было. Мне здалося, што Прэзідэнту было не толькі цікава пачуць нейкія пытанні, але і выслухаць чужыя праблемы, а таксама альтэрнатыўныя пункты гледжання на падзеі, якія адбываюцца ў краіне. Для яго гэта ж таксама дадатковая крыніца інфармацыі. 

Ігар Ганчаронак,  прарэктар па навучальнай рабоце, дырэктар Інстытута кіраўніцкіх кадраў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, прафесар:

— Прэзідэнт сказаў, што ўсе мы — грамадзяне Беларусі. Усё роўна, якія ў нас на сённяшні дзень памкненні, і, магчыма, мы не ва ўсім згаджаемся адзін з адным, але ў дадзеным выпадку інтарэсы і бяспека дзяржавы — прыярытэт нумар адзін. Мы жывём у няпростым свеце, многія праблемы навязваюцца нам звонку і ствараюць пэўныя пагрозы. У першую чаргу гэта сітуацыя ва Украіне, якая разгортваецца ў непасрэднай блізкасці ад на­шых межаў і можа разрасціся глабальна, ствараючы тым самым пагрозу нашай нацыянальнай бяспецы. Гэтага дапусціць нельга.

Прэзідэнт меў зносіны з усімі адкрыта, і гэта, як мне падаецца, падкупіла большасць апазіцыйных сродкаў масавай інфармацыі. Як я зразумеў, нават не было неабходнасці задаваць нейкія каверзныя пытанні, таму што Прэзідэнт у сваім выступленні расставіў усе кропкі над “i”. Па выніках зносінаў былі дадзены канкрэтныя даручэнні.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter