Адборачны «пасьянс»

Хто паедзе на «Еўрабачанне», стане ясна сёння позна ўвечары

Слухаем, глядзім, галасуем і выбіраем прадстаўніка Беларусі на “Еўрабачанне-2013”

Позна ўвечары раскрыецца інтрыга нацыянальнага адборачнага тура на “Еўрабачанне-2013” і стане вядома імя прадстаўніка нашай краіны на чарговым Міжнародным песенным конкурсе, які пройдзе ў маі будучага года ў шведскім горадзе Мальмё.

У 22.00 у прамым эфіры тэлеканалаў «Беларусь 1» і «Беларусь 24» пачнецца трансляцыя шоу са студыі “600 м” Белдзяржрадыёкампаніі, дзе адбудуцца выступленні фіналістаў юбілейнага — дзясятага па ліку — нацыянальнага адбору на “Еўрабачанне-2013”. Выпадкова ці не, але прэтэндэнтаў на паездку ў Мальмё сёлета таксама дзесяць. Сярод іх як артысты, чые імёны ўжо на слыху, так і тыя, хто пакуль не знаёмы шырокай публіцы.

У адпаведнасці з вынікам жараб’ёўкі першым пачуем Віталя Варанко. На сцэне ён не навічок і мае даволі шырокую канцэртную “геаграфію”. Студэнт акадэміі музыкі, баяніст-віртуоз, лаўрэат міжнародных конкурсаў, ён эксперыментуе ў самых розных стылях і жанрах — ад класікі і джаза да поп- і рок-музыкі. Яго майстэрскае выкананне карыстаецца нязменным поспехам у слухачоў. А тэлегледачам ён відавочна запомніўся як фіналіст тэлешоу “Акадэмія талентаў”, якога ўзяў пад сваю апеку вопытны прадзюсар Уладзімір Кубышкін, пасля чаго ў хлопца пачалося новае жыццё — у шоу-бізнесе.

Пад другім нумарам выступіць Макс Лорэнс. Аматары “Славянскага базару ў Віцебску”, канечне, памятаюць ураджэнца Гомеля Максіма Сапацькова — у 2003 годзе менавіта ён стаў першым з беларускіх выканаўцаў, хто атрымаў перамогу ў Міжнародным фестывальным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні. Пазней, ужо пад імем Макс Лорэнс, ён працаваў у камандзе свайго земляка, вядомага рэпера Сярогі ў Маскве, у 2009-м прадстаўляў Беларусь на конкурсе “Новая хваля”, а ў 2008-м стаў фіналістам расійскага адбору на “Еўрабачанне”. Дарэчы, у пары з яшчэ адным сёлетнім канкурсантам Сацурам, з якім зараз яны стануць ужо канкурэнтамі ў беларускім адборы.

Станіслаў Сацура таксама доўгі час быў бэк-вакалістам у Сярогі, але не пакідаў ідэі пра сольны праект. Упершыню пра сябе як самастойны артыст ён гучна заявіў у расійскім тэлеконкурсе “5 зорак”. Пра Сацуру гавораць, што ён валодае на рэдкасць прыгожым і правільным R’n’B-вакалам і, як ніхто іншы, адчувае гэты стыль і ведае ў ім толк. Музыкай Стас займаецца з дзяцінства, ён сын вядомага беларускага кампазітара, музычнага кіраўніка ансамбля “Сябры” Мікалая Сацуры. У фінале нацыянальнага адбору Сацуру выпала завяршаць шоу пад нумарам дзесяць.

Пад трэцім нумарам спяе Алёна Ланская — самая маладая заслужаная артыстка Беларусі, уладальніца Гран-пры конкурсу на “Славянскім базары ў Віцебску-2011”, прадстаўніца прадзюсарскага цэнтра “Спамаш”. Менавіта ёй давялося саступіць пуцёўку на “Еўрабачанне-2012” гурту “Lіtе-sоund” пасля гучнага скандалу з падлікамі галасоў у фінале нацыянальнага адбору.

На паездку ў Швецыю прэтэндуюць сёлета яшчэ двое выхаванцаў цэнтра “Спамаш”. Гэта малавядомы пакуль выканаўца Аляксей Грос і яго ўжо досыць вопытная калега спявачка Дарыя, колішняя фіналістка ра-сійскага тэлепраекта “Народны артыст-2” (тады, у 2004-м, яна была яшчэ Дар’яй Урызчанка), лаўрэат міжнародных конкурсаў, удзельніца тэлепраекта “Сярэбраны грамафон”, выканаўца галоўнай ролі ў нашумелым беларускім мюзікле “Байкер”. У фінале Дарыя і Аляксей Грос спяюць пад нумарамі шэсць і восем адпаведна.

Шчаслівая сямёрка дасталася Юзары, пад такім псеўданімам выступае Юрый Наўроцкі. Малады артыст, кампазітар, аранжыроўшчык і выканаўца прадстаўляў Беларусь на конкурсе “Новая хваля-2011”, а на “Еўрабачанні” гэтага ж года спяваў на бэк-вакале ў прадстаўніцы нашай краіны Анастасіі Віннікавай. Юзары працягвае сямейную музычную дынастыю. Яго маці Галіна Грамовіч — салістка Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі, кансерваторскую адукацыю мае бацька, дзед у свой час вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце культуры і мастацтваў, дарэчы, там жа, дзе і Юзары.

Чацьвёртым па ліку выступіць у фінале Яnkey, ён жа Ян Жанчак, — прафесійны скрыпач, таленавіты музыкант, вакаліст, аранжыроўшчык. З 2004-га па 2008 год выступаў у складзе ансамбля “Песняры” пад кіраўніцтвам Леаніда Барткевіча. У 2009 годзе пабываў на “Еўрабачанні”, спяваў на бэк-вакале ў Пятра Ялфімава. Дарэчы, разам яны выконвалі галоўныя ролі ў адноўленай версіі легендарнай песняроўскай рок-оперы “Гусляр”.

Група “Nutеkі” працуе ў Маскве, з поспехам гастралюе па Расіі, Украіне, Еўропе, але пачыналася яе музычная гісторыя ў Беларусі, заснавальнікі калектыву Міхаіл Накарашвілі і Кірыл Мацюшэнка — ураджэнцы на-шай краіны. У 2006 годзе яны далучыліся да беларускага рок-гурта “Kifa” і не без поспеху з ім выступалі. Але ўжо ў 2007-м з марай стаць камандай сусветнага ўзроўню хлопцы адправі-ліся ў Маскву, сабралі там новы калектыў і з новым імем пачалі ўзыходжанне ўжо на расійскі музычны алімп. “Nutеkі” пачуем пад нумарам дзевяць.

Каманда “Bеаvеr Bаnd”, якая выступіць пятай, шырокай публіцы практычна невядомая. Але, можа, толькі да сённяшняга вечара? І тым цікавей будзе назіраць, як жа на гэты раз складзецца адборачны “пасьянс”.

Свой голас за ўпадабанага выканаўцу беларускія тэлегледачы змогуць аддаць пасля выступлення апошняга ўдзельніка фінальнага раўнда, калі будзе адкрыта акно для галасавання. На працягу 10 хвілін можна будзе зрабіць тэлефонны званок або адправіць SMS па нумарах, паказаных на экране.

Званкі са стацыянарных тэлефонаў бясплатныя, з мабільных — згодна з тарыфамі, устаноўленымі мабільнымі аператарамі. Кошт аднаго SMS-паведамлення (без уліку падаткаў) для аператараў мабільнай сувязі складае: velcom — 4100 беларускіх рублёў, MTC і Life:) — 3500 беларускіх рублёў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter