Наш журналист встретился в любанский деревне Редьковичи с последней партизанкой острова Зыслов

Адам і Ніна

Бязмежныя палі і шырокія лугі акружаюць легендарны любанскі востраў Зыслаў. У даваенныя часы тут сцяною стаяў густы лес і навокал яго на дзясяткі кіламетраў цягнулася непраходная дрыгва. У першыя дні вераломнага нападу нямецка-фашысцкіх захопнікаў на нашу зямлю менавіта векавая твань паўплывала на выбар гэтай мясціны для дыслакацыі кіруючых органаў партызанскага руху на Міншчыне. Народныя мсціўцы, а гэта былі ў асноўным тутэйшыя, ведалі кожную патаемную сцяжынку да прыроднага вострава. За ўвесь час гітлераўскай акупацыі на гэту зямлю не ступіў варожы бот.

Час няўмольна бярэ сваё. Засталіся адзінкі жывых сведак ваенных часоў, 95-гадовай зыслаўскай партызанцы Ніне Рыгораўне Барысевіч пашчасціла сустракаць 75-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 

Разам з вясковымі сяброўкамі даіла партызанскіх кароў, удзельнічала ў «рэйкавай вайне», перавязвала параненых мсціўцаў, працавала на падрыхтоўцы ўзлётнай пляцоўкі зыслаўскага аэрадрома. У вайну выйшла замуж за адважнага партызана Адама Барысевіча.

Парадны строй Ніны Рыгораўны ўпрыгожваюць ордэн Айчыннай вайны II ступені, медалі «За баявыя заслугі» і «За адвагу», шматлікія юбілейныя ўзнагароды.

У пасляваенны час яна працавала ў легендарным любанскім калгасе «Чырвоная змена», якім кіраваў былы зыслаўскі партызан Герой Сацыялістычнай Працы Кузьма Іванавіч Шаплыка. На сялянскім доме Ніны Рыгораўны Барысевіч у вёсцы Рэдзькавічы красуюцца чырвоная зорачка і таблічка з надпісам, што тут жыве ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны.

Школьнікі Дар’я РАБАЯ і Яўген СЕМЯНЕНЯ віншуюць са святам ветэрана вайны і працы Ніну Рыгораўну БАРЫСЕВІЧ.

Ладны драўляны домік Ніны Рыгораўны прыхаваны за высокай бярозай на шырокай вуліцы любанскай вёскі Рэдзькавічы. Буйства кветак у палісадніку і акуратна дагледжаны агарод. Мурожнай травою высцелены ўтульны дворык. Даглядаць састарэлую маці вярнулася з горада дачка Ірына Адамаўна. Яна на заслужаным адпачынку. У вольны час рукадзельнічае. Увесь дом застаўлены лялькамі-абярэгамі, рукатворнымі цацкамі, па-майстэрску вырабленымі Ірынай Адамаўнай. У доме ідэальная чысціня і парадак. Сцены ўвешаны партрэтамі дзяцей, унукаў і праўнукаў аўдавелай Ніны Рыгораўны, з якою мы прыселі на канапу, і пачаліся ўспаміны пра перажытае за доўгі век. Падчас нашай размовы завіталі ў дом бібліятэкар Ніна Слівец са школьнікамі. Яны часта наведваюцца ў дом партызанкі. Усе разам мы і слухалі, як кажуць, з першых вуснаў пра зыслаўскіх партызан.

Свой расповед Ніна Рыгораўна пачала з успамінаў пра дзяцінства. Сіратою яна расла ў сялянскай сям’і. Бацька рана памёр, і маці адна гадавала трох дачушак і сына. Як кажуць, адна бяда не ходзіць, за сабою другую водзіць. Згарэла іх хата. Выхоўваць чацвярых падлеткаў дапамагалі старэнькія матуліны бацькі. Разам з бабуляй і дзедам палолі кок-сагыз на калгасным полі, нарыхтоўвалі сена для каровы, апрацоўвалі агарод.

Нядзельным чэрвеньскім вечарам у Загаллі пад гарэзлівы гармонік і нястомны бубен гуло вяселле. Тут жа і моладзь сабралася. Разам з сяброўкамі прыйшла паглядзець на свята і камсамолка Ніна Падбярозная. Доўга не затрымалася, бо ў панядзелак чакала праца на полі. Раненька ў іх хату ўскочыла заплаканая суседка і паведаміла, што гітлераўскія войскі бамбяць нашы гарады і вёскі. Тут жа пачалася мабілізацыя мужчын на абарону Радзімы. Многія вясковыя падворкі апусцелі без гаспадароў. Камсамольцам з раёна паведамілі, што ў лясным гушчары арганізуюцца атрады народных мсціўцаў. Моладзь і тыя мужчыны, каго не прызвалі ў армію, падаліся ў лес.

Добра памятае Ніна Рыгораўна, як на пачатку ліпеня 1941 года ў суседніх з Загаллем вёсках з’явіліся акупанты. Яна з сяброўкамі сачыла за іх дзеяннямі. Паасобку і па некалькі сябровак разам хадзілі ад вёскі да вёскі быццам наведваць сваякоў. Звесткі пра ўбачанае перадавалі ў партызанскі атрад. Па некалькі дзён не бывалі дома. Начавалі дзе давядзецца. Дайшлі да мястэчка Слаўкавічы, што непадалёку ад Глуска. Там адзін з паліцаяў пераняў дзяўчат і зачыніў у склепе. Некалькі дзён сядзелі там. Адзін з вяскоўцаў даведаўся пра палонных і ноччу незаўважна выпусціў іх. Перапужаныя, яны вярнуліся дамоў. Партызанскаму камандаванню падпольшчыцы паведамілі шмат каштоўнай інфармацыі пра размяшчэнне акупантаў і іх паслужнікаў.

Так паступова ў вёсцы згуртавалася падпольная група. І сёння помніць Ніна Рыгораўна, як трымцела сэрца ад хвалявання, калі яе залічылі ў падпольшчыкі. Употайкі збіралі важную інфармацыю пра варожыя фарміраванні, занатоўвалі пачутыя па радыё звесткі Саўінфармбюро і распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі. Дзяўчаты вязалі з воўны цёплыя рукавіцы для байцоў Чырвонай Арміі. У густых любанскіх пушчах мацаваўся партызанскі рух.

Цікава было слухаць пра ваенныя аперацыі зыслаўскіх партызан. Восенню 1941 года яны вырашылі разграміць варожы гарнізон у Любані. Аперацыя нялёгкая, вельмі небяспечная. Да яе рыхтаваліся старанна, загадзя. Разведчыкі выявілі, што ў гітлераўскай камендатуры ёсць радыё і тэлефонная сувязь з суседнімі гарнізонамі. Акупанты маглі кінуць падмацаванне. Камандаванне партызанскага атрада дэталёва прадумала ход аперацыі.

Ноччу 7 лістапада байцы падышлі да Арэсы, дзе яна працякае найбліжэй да Любані. Тут быў мост, ён служыў адзінай пераправай цераз раку. Гітлераўцы пільна ахоўвалі яго. У Любань адправілі некалькіх партызан пад выглядам сялян, і ў вызначаны час яны падышлі да моста, па сігнале рынуліся на ахову і перабілі яе. Дарога была ачышчана, і аперацыя па знішчэнні гарнізона ўдалася.

Ніна Рыгораўна ўзгадвае, як яны пасля аперацыі раніцай у вёсцы Рэдзькавічы сустракалі байцоў. Сяляне радаваліся, віншавалі іх. А калі даведаліся, што партызаны слухалі Маскву, абступілі іх і прасілі паведаміць, што чулі яны пра ваенныя дзеянні. Паспяховая аперацыя па разгроме гітлераўскага гарнізона паскорыла ўтварэнне Любанскай партызанскай зоны. Цэнтр яе размяшчаўся каля Загалля, і гэта тэрыторыя знаходзілася пад кантролем партызан.

Фашысты па-зверску лютавалі. Моладзь забіралі і адпраўлялі ў Нямеччыну. Зведала нямецкае рабства і малодшая сястра Маня. Толькі восенню 1946 года яна вярнулася дамоў. І цяпер жыве ў Загаллі. Нядаўна ёй споўніўся 91 год.

Гаспадыня дома, узгадваючы страшэнны момант, калі азвярэлыя фашысты за сувязь з партызанамі сагналі амаль усіх жыхароў вёскі ў хлеў, куды трапіла і яна, на момант змоўкла і з вялікім болем расказала, што стаяў страшэнны людскі крык. Полымя ахапіла будыніну. Людзі душыліся ад дыму. Пякучы агонь абпальваў цела. У гэты момант дзверы расчыніліся. Перапужаныя сяляне сталі выскокваць з полымя. Але іх тут жа спыняў узброены аўтаматам гітлеравец. Ён загадаў раздзяліць натоўп на жанчын і мужчын. Кожнага дзясятага мужчыну ставілі тварам да сцяны. Два родныя браты апынуліся ў шэрагу выстаўленых, і старэйшы з іх стаў тлумачыць катам, што меншы брат непаўналетні, аб чым сведчаць метрыкі, што засталіся ў хаце. Яму дазволілі іх прынесці. Падлетка адпусцілі, а старэйшага брата разам з іншымі мужчынамі раз’юшаныя акупанты расстралялі. У той дзень ворагі доўга лютавалі ў Загаллі. Шмат пабудоў спалілі.

Мы слухалі ўспаміны Ніны Рыгораўны. Сэрца перахоплівала хваляванне ад пачутага. Семнаццацігадовай дзяўчынкай яна з сяброўкамі штораніцы даіла калгасных кароў, якіх з першых дзён вайны перагналі ў лес. Малаком харчаваліся народныя мсціўцы. Пасля дойкі байцы праводзілі дзяўчат да вёскі. Сярод іх быў і малады Адам Барысевіч.



З прыемнай усмешкай на твары Ніна Рыгораўна ўзгадала, як у Піліпаўку адзначылі партызанскае вяселле. Пасля замужжа развіталася з роднымі і падалася да мужа ў атрад. Разам з групай байцоў, у якой змагаўся і Адам, удзельнічала ў баявых заданнях. У той час актыўна ішла «рэйкавая вайна». Паміж Асіповічамі і Слуцкам, Жыткавічамі і Мікашэвічамі часта пад адхон ляцелі варожыя эшалоны.

— Кіраўніцтва атрада адправіла нашу групу ва Урэчча падарваць чыгуначнае палатно, — працягвае свой расповед былая партызанка. — Ноччу натрапілі на варожую засаду. Завязаўся цяжкі бой, у якім нам з Адамам пашчасціла выжыць. Праз балоты прабіраліся назад у атрад, і Адам мне заявіў, што не жаночая справа скакаць па купінах з вінтоўкай на плячах у мужчынскіх ботах.

Ледзьве выжыла пасля таго няўдалага паходу. Доўга хварэла на тыф. Вылечыў партызанскі доктар. Побач увесь гэты час быў і малады муж. Пасля выздараўлення зноў падалася ў лес. Новыя баявыя заданні, рызыкоўныя паходы праз пушчы і балоты.

Памятае Ніна Рыгораўна, як яна моцна пасябравала з Марыяй, жонкаю камандзіра атрада Васіля Статкевіча. Выходжвалі параненых байцоў, гатавалі ім ежу. Цяжкахворы на тыф Міхась Семяненя з Рэдзькавіч вельмі прасіў кіслых журавін. Пра яго просьбу расказала Адаму і намервалася адправіцца на балота за ягадамі. Муж запярэчыў, баяўся адпускаць яе, кругом шнырылі фашысты і паліцаі. Але ад сваёй думкі не адступіла і раніцай употайкі дабралася да балота. Назбірала журавін і прынесла хвораму. Яму стала лягчэй, і баец хутка падужэў.

Успаміны, успаміны, колькі іх вярэдзіць сэрца былой партызанкі. Праз дзесяцігоддзі памятае, як выходжвала цяжкапараненага партызанскага разведчыка Івана, які згараў ад высокай тэмпературы. На распухлай чорнай назе пачыналася гангрэна. Партызанскі ўрач загадаў прынесці звычайную двухручную пілу. Змачыў яе самагонам, які здабылі ў суседняй вёсцы. Каб знізіць адчувальнасць, хвораму далі выпіць шклянку гарэлкі. Немагчыма было глядзець, як па жывым пілавалі нагу. Хлапец ад болю зубы сціскаў і вытрымаў аперацыю. 

Успомнілася, як да апошніх месяцаў цяжарнасці яна не пакідала палявы шпіталь. Перавязвала параненых, даглядала іх. У атрадзе нарадзілася дачушка. Тамарай назвалі. Праглынуўшы горкі ком, Ніна Рыгораўна і цяпер не можа дараваць сабе, што не ўратавала дачушку ад прастуды. Немаўляткам яна памерла...

Сцішана стала ў доме. Перадыхнуўшы, Ніна Рыгораўна разважліва адзначыла: каб не трапіць у рукі ворагу, іх партызанскі атрад пастаянна мяняў месца дыслакацыі. Памяць жанчыны моцна трымае тыя падзеі. Успомніла яна, як аднойчы на лясной дарозе сустрэла падазроную незнаёмку. Хуценька вярнулася ў Загалле. Старшыні Загальскага сельсавета Сцяпану Карнееву паведаміла пра кабету. Яе вылавілі, і аказалася, што гэта пераапрануты нямецкі шпіён.

Кіраўніцтва атрада імя Труцікава, у якім змагалася Ніна Рыгораўна з акупантамі, падтрымлівала сувязь з іншымі партызанамі. Усе атрады падпарадкоўваліся падпольнаму Мінскаму абкаму партыі, які знаходзіўся на тэрыторыі Любанскага раёна, кіраваў ім Васіль Казлоў.

Давялося ёй бачыцца і з легендарным партызанскім камандзірам Васілём Каржом у час рэйду на поўдзень Беларусі. Тады разграмілі нямецка-паліцэйскі гарнізон на чыгуначнай станцыі непадалёк ад Жыткавіч. Там выраблялі шпалы і брусы для дзотаў. Вораг не чакаў рашучага нападу. Аперацыя ўдалася. Як радаваліся тады ў атрадзе, што не толькі разбілі ворага, але і папоўнілі свае харчовыя запасы і баявы арсенал.

Шмат баявых сяброў засталіся ляжаць у зямлі навечна маладымі. Дзесяцігоддзі не сціраюць памяць тых цяжкіх дзён вайны. Штодня даводзілася рызыкаваць жыццём. Успомніла Ніна Рыгораўна, як каля вёскі Верачагошч перапраўляліся на пароме праз раку Арэсу. Боязна было ступаць на хісткія дошкі парома. Адам працягнуў ёй сваю шырокую моцную далонь і сказаў, што самае страшнае наперадзе. Так і сталася. Доўга марнаваліся сярод балотнай сырасці і пранізлівага холаду, пакуль выбраліся з дрыгвы і дабраліся да партызанскага вострава Зыслаў.

Ніна Рыгораўна ажывае пры ўспаміне, як з сябрамі рыхтавала ўзлётную паласу на востраве. Пляцоўка была недастатковай даўжыні. Каб павялічыць яе, раўнялі паверхню, карчавалі лес, засыпалі ямы. Побач пабудавалі зямлянкі для вартавых з роты абслугоўвання.

У верасні 1942 года першы самалёт з Вялікай зямлі сеў на лясным аэрадроме. З усіх бакоў вострава збегліся людзі. За лінію фронту адпраўлялі цяжкапараненых і дзяцей. Аэрадром дзейнічаў да вызвалення Любаншчыны летам 1944 года ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 

Сярод удзельнікаў партызанскага парада 3 ліпеня 1944 года ў Мінску быў і муж Ніны Рыгораўны Адам Барысевіч. Яго прозвішча яна атрымала толькі ў мірны час, калі афіцыйна зарэгістравалі шлюб. Разам пражылі амаль 60 гадоў. Муж за старанную працу на трактары адзначаны ордэнам Леніна. Ніна Рыгораўна даглядала калгасных свіней. Сваімі рукамі збудавалі драўляны дом, у якім у святочныя дні цесна, калі збіраюцца сыны Аляксандр, Мікалай і Валянцін з сем’ямі, прыязджаюць дзеці і ўнукі дачкі Ірыны. Восем унукаў і шаснаццаць праўнукаў працягваюць род слыннай партызанскай сям’і.

За накрытым сталом закончылася наша сустрэча з партызанкай з вострава Зыслаў. Мне пашчасціла ўзняць келіх з Нінай Рыгораўнай за яе велічную годнасць.

Любанскі раён

Фота аўтара і Аляксея ВЯЗМІЦІНАВА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter