Ад золку і да першых зор...

ВУЗКАЯ шэрая стужка асфальтавай дарогі з Жыткавічаў на Тураў пятляе сярод ускрайку сасняку, выходзіць на шырокую, залітую вадой прыпяцкую пойму і ўздымаецца да бетоннага маста праз галоўную водную артэрыю Палесся. Прыбярэжная вёска Чэрнічы яшчэ зусім нядаўна ўглядалася ў прыпяцкую плынь, але пасля ўзвядзення маста рака адступіла ад вясковых падворкаў амаль на паўкіламетра. А далей прасціраюцца слынныя тураўскія чарназёмы, заўжды шчодрыя на ўраджаі. Тут даўно ўжо стала нормай намалочваць па 70 і болей цэнтнераў пшаніцы з гектара. Як жа сёлета перазімавала збажына на гэтых палях пасля такой снежнай і працяглай зімы? Разам з першым намеснікам генеральнага дырэктара НПЦ па земляробству НАН Беларусі, прафесарам Міхаілам Кадыравым аглядаем тураўскую рунь. Расліны яшчэ толькі-толькі абуджаюцца пасля сыходу снегу. Каля вёскі Бярэжцы, што за ракой Сцвігай, на пасевах азімага трыцікале працуе магутны «Джон Дзір».

Як ратаваць аслабленыя пасля доўгай зімоўкі пасевы? Адказ на гэта пытанне мы шукалі ў «Сялянскай гаспадарцы М. Шруба» і ААТ «Тураўшчына» Белаграпрамбанка Жыткавіцкага раёна

ВУЗКАЯ шэрая стужка асфальтавай дарогі з Жыткавічаў на Тураў пятляе сярод ускрайку сасняку, выходзіць на шырокую, залітую вадой прыпяцкую пойму і ўздымаецца да бетоннага маста праз галоўную водную артэрыю Палесся. Прыбярэжная вёска Чэрнічы яшчэ зусім нядаўна ўглядалася ў прыпяцкую плынь, але пасля ўзвядзення маста рака адступіла ад вясковых падворкаў амаль на паўкіламетра. А далей прасціраюцца слынныя тураўскія чарназёмы, заўжды шчодрыя на ўраджаі. Тут даўно ўжо стала нормай намалочваць па 70 і болей цэнтнераў пшаніцы з гектара. Як жа сёлета перазімавала збажына на гэтых палях пасля такой снежнай і працяглай зімы? Разам з першым намеснікам генеральнага дырэктара НПЦ па земляробству НАН Беларусі, прафесарам Міхаілам Кадыравым аглядаем тураўскую рунь. Расліны яшчэ толькі-толькі абуджаюцца пасля сыходу снегу. Каля вёскі Бярэжцы, што за ракой Сцвігай, на пасевах азімага трыцікале працуе магутны «Джон Дзір».

— Спяшаемся падкарміць тукамі, — адзначае галоўны інжынер «Сялянскай гаспадаркі М. Шруба» Жыткавіцкага раёна Іван Серада і дадае: — Глеба вельмі пераўвільготненая, не на кожнае поле заедзе тэхніка. Працуем выбарачна, карэкціруючы работу механізатараў. Бо часу мала, а клопатаў процьма. На суседнім полі, што за дарогай, механізатар Леанід Кацэвіч на новым МТЗ-1221 падкормлівае азімую пшаніцу. Пасевы перазімавалі няблага, пашкоджанні мінімальныя.

— Працэнтаў да дзесяці давядзецца перасяваць, — лічыць кіраўнік гаспадаркі Міхаіл Шруб, і паказвае на рэдкія выпрэлыя плямы на полі. — Падкормку азімых пачалі адразу пасля сыходу снегу. Зямлі ў нас мала, таму імкнемся максімальна эфектыўна выкарыстоўваць кожны гектар. Так, у гэтай фермерскай гаспадаркі 1800 гектараў ворыва. Чацвёртую частку займаюць азімыя пшаніца і трыцікале. Амаль столькі ж будзе пасеяна і яравых збожжавых. Астатнія плошчы адведзены пад кармавыя культуры і агародніну.

— Калі аналізаваць сітуацыю па рэспубліцы, то амаль пятая частка азімых збожжавых пашкоджана снегавой цвіллю, — адзначае Міхаіл Кадыраў. — Асабліва пацярпелі ад яе пасевы азімага рапсу. Канчатковы вынік будзе вядомы пасля трывалага ўсталявання тэмпературнага рэжыму звыш 5 градусаў цяпла. Звычайна лічыцца нормай перасеву каля 7 працэнтаў агульнай плошчы. Але сёлета, пэўна, давядзецца перасяваць больш. Важна хутка вызначыцца з перасевам ў кожнай гаспадарцы і аператыўна завезці неабходны насенны матэрыял.

— Міхаіл Анатольевіч, а як ратаваць пасевы, што выйшлі аслабленымі з зімоўкі?

— Такія ўчасткі неабходна тэрмінова азотнымі ўгнаеннямі падкормліваць. Азот актывізіруе адрастанне новых лісткоў.

Штодня ў тураўскіх гаспадарках карэкціруюць план палявых работ з улікам надвор’я. Над палямі ва ўсю звіняць жаўрукі, птушыным шматгалоссем запоўнены выспы славутага тураўскага лугу, большая частка якога заліта вадой. Літаральна па гадзінах вывяраюць хлебаробы стан глебы, каб не ўпусціць ні хвіліны.

— Пачнем з сяўбы віка-аўсяных сумесяў, — адзначае галоўны інжынер гаспадаркі Іван Серада. — Поле з восені падрыхтавалі. Заправілі арганікай. Асаблівасць сёлетняй запозненай вясны — дэфіцыт часу. Ад золку і да першых зор агрэгаты будуць у полі. Ніякіх затрымак не павінна быць.

Таму і вынік штогод радуе фермерскіх гаспадароў. Толькі летась тут сабралі на круг больш як па 70 цэнтнераў трыцікале. Добра ўрадзіла і азімая пшаніца. Мінулай восенню ўсе азімыя пасеяны элітным насеннем.

— Летась мы таксама позна выйшлі ў поле. Амаль да мая чакалі з-за дажджоў, — ўзгадвае Міхаіл Шруб. — Справіліся. Як толькі выдалася добрае надвор’е, тут жа закіпела работа. Пасевы дружна пайшлі ў рост, дагледзелі іх, таму і вынік радаваў.

Амаль у такіх жа ўмовах і хлебаробы суседняй вялікай гаспадаркі — ААТ «Тураўшчына» Белаграпрамбанка, створанага некалькі гадоў таму на базе аб’яднання былых СВК тураўскай зоны. Цяпер «Тураўшчына» — бадай што самая большая гаспадарка не толькі ў Жыткавіцкім раёне, а і на Гомельшчыне.

Значная частка ўгоддзяў «Тураўшчыны» аддамбавана ад рэк, і там ужо на больш высокіх палях вядзецца догляд пасеваў. Механізатар Мікалай Кадоліч агрэгатам «Раса» падкарміў большую частку рапсу і азімай пшаніцы ў аддзяленні «Верасніца». Актыўна вядуць гэтую работу і механізатары аддзялення «Азяраны». Спяшаюцца, бо да канца тыдня плануецца распачаць масавую сяўбу ранніх яравых. Толькі збожжавых неабходна пасеяць звыш паўтары тысячы гектараў, кукурузы — больш за 4 тысячы. Значныя плошчы ў «Тураўшчыне» адведзены пад зялёны гарошак, салодкую кукурузу. Машынна-трактарны парк сёлета папоўніўся сучаснай тэхнікай. У аддзяленні «Верасніца» новы трактар «Беларусь-3022» даверылі лепшаму механізатару Івану Кошкіну, а пагрузчык «Амкадор» — Васілю Жыгановічу. Пад веснавы клін у гаспадарцы плануецца ўнесці 95 тысяч тон арганікі. Пакуль толькі пятая частка яе ўнесена, так што гэтай работы яшчэ шмат.

Тураўскі каравай заўсёды быў багаты. Сёлета палескія хлебаробы імкнуцца зрабіць усё, каб восень таксама парадавала добрым ураджаем. Сведчанне таму — высокая дысціпліна і адметны парадак у гаспадарках, чаго і патрабаваў у мінулую пятніцу на нарадзе кіраўнік краіны.

Уладзімір СУБАТ

НА ЗДЫМКУ: агрэгат для ўнясення вадкіх угнаенняў  «Раса» на падкормцы яравога трыцікале на палях падсобнай гаспадаркі  ОАО «Жыткавічыхімсэрвіс».

 Фота БЕЛТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter