Ад вёскі роднай, ад хаты бацькоўскай адбіліся...

ВЫРАШЫЎ падзяліцца сваімі разважаннямі пра самае святое і адвечнае для кожнага беларуса — пра... ХАТУ. Нездарма ж трапна і па-філасофску засяроджана мой народ-паэт заўважыў: «Усе мы родам з хат»... І сапраўды: менавіта адтуль нашы карані! Ад вясковых хат пачыналіся дарогі-вандроўкі ў вялікі свет.

Навошта многія з нас здрадзілі малой радзіме?

ВЫРАШЫЎ падзяліцца сваімі разважаннямі пра самае святое і адвечнае для кожнага беларуса — пра... ХАТУ. Нездарма ж трапна і па-філасофску засяроджана мой народ-паэт заўважыў: «Усе мы родам з хат»... І сапраўды: менавіта адтуль нашы карані! Ад вясковых хат пачыналіся дарогі-вандроўкі ў вялікі свет.

І як крыўдна, балюча, што многія з нас здрадзілі сваёй хаце — і, такім чынам, малой радзіме. Як горка, што ў некаторых вёсачках засталося ўсяго некалькі хат. Чаму? Адказаў шмат. Можна доўга разважаць пра неперспектыўнасць населеных пунктаў, пра эканоміку, пра савецкую спадчыну, шмат яшчэ пра што… Але мне думаецца, праблема ў іншым: у мітуслівых вандроўках-пошуках лепшай долі мы адвярнуліся ад бацькоўскай хаты, свайго роду. Пачалі шукаць шчасця ў шматпавярховых дамах у гарадах, але і там не знайшлі запаветнай папараць-кветкі. Ад вёскі многія адбіліся, а ў гарадской духоўнасці сябе так і не знайшлі. Многія дзесяцігоддзі мы ўцякалі ў гарады, сталіцу, але і там засталіся з вясковай псіхалогіяй.

Неяк у Мінску я разгаварыўся з адным такім «сталічным» жыхаром, што родам з усё той жа вясковай хаты.

— Чаму збег з вёскі? — пытаюся ў Сяргея.

— Там сумна…

— А як сябе пачуваеш у сталіцы?

— Тут таксама не надта. Цэны «кусаюцца». У выхадныя толькі п’яныя кампаніі ў інтэрнаце...

— А чаму ў тэатр, філармонію, оперу  не ходзіш?

— Мне гэта нецікава…

Каментарыі, як кажуць, лішнія...

А гэта ўжо жыццёвая драма, калі чалавеку адзінока і няўтульна ў вялікім горадзе. Скажу больш: беларусы згубілі культ ХАТЫ! А менавіта яна з даўніх часін для нашых продкаў і ўвасабляла сямейны ачаг, яго святасць. Хата сапраўды разумелася многімі як асобная сям’я. (Гэта потым ля многіх нашых хат вырастуць бур’ян ды чартапалох.)

Для нашых папярэднікаў хата — гэта цэлы свет! Прыгожы і паэтычны, гарманічны і разумны. Традыцыйна — жылая сялянская пабудова, зрубленая з бярвення.

Некалі прарок нацыі, слынны пясняр Янка Купала пісаў:

Дзе была адна пустыня —

Елкі ды бярозкі, —

Поле будзе, пушча згіне,

Стануць хаты, вёскі.

Хаты стараліся не ставіць на месцы, дзе раней пралягала дарога, было папялішча, дзе пралілася кроў. Пад пабудову не бралі дрэвы, паваленыя бурай, рыпучыя. Будаваць пачыналі ў пэўныя гадзіны, згодна са станам Месяца. У першы дзень клалі толькі адзін вянок, цэлы год не дакрывалі страху ў сенцах. У асобны рытуал разгортвалася і наваселле...

...У спрадвечнай беларускай хаце  суіснавалі чалавек і Сусвет, унутранае і вонкавае. Сам Сусвет нашымі продкамі асэнсоўваўся як велізарны дом з належнымі яму атрыбутамі: небам-столлю, цэнтрам, які часцей уяўляўся ў выглядзе Сусветнага дрэва, падмуркам. Своеасаблівай воссю хаты выступала печ, якая адным канцом паказвае на святло, усход, божы бок, а другім — на захад, цемру. Супраць печы каля ўваходу месціўся гаспадарчы («бабін») кут, дзе стаялі вёдры, кадушкі…

У хатах беларусаў спрадвеку прыемна пахла свежым хлебам, напаленай печкай. Сялянскі дом ніяк нельга ўявіць без печкі, у якой патрэскваюць і страляюць чырвонымі вугельчыкамі дровы…

Беларускі народ хату нярэдка называў хаткай, хацінкай — і не таму, што яна была малой па памерах, а таму, што так, памяншальна-ласкальна, хацеў выказаць свае сардэчныя адносіны да асяродку. Пра хату народ складаў прыказкі, прымаўкі. Такія: дзе багата гаспадыняў, там хата не мецена; свая хатка — як родная матка; мая хата з краю — нічога не знаю... І, канешне ж, адна з форм ветлівага запрашэння — «Чым хата багата!». Нават культурна-асветніцкага работніка на вёсцы, загадчыка хаты-чытальні, раней называлі... хатнікам.

Яшчэ казалі: вёска на дзвесце хат, на сто… Сёння, у ХХІ стагоддзі, у такія лічбы маладое пакаленне ўжо нават і не паверыць. І ўсё ж хочацца спадзявацца: культ Хаты зноў залунае над Беларуссю. Людзі! Будуйце хаты на роднай зямлі, шануйце хаты свайго роду — гэта аснова для захавання такой нацыі, як беларусы...

Канстанцін КАРНЯЛЮК, педагог, краязнаўца

Фота Іны ГАРМЕЛЬ, «БН»

г. Віцебск

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter