Ад «Вестак» да «Маяка»

Быхаўская газета «Маяк Прыдняпроўя» адзначыла сваё 95-годдзе

Быхаўская раённая газета адзначыла сваё 95-годдзе

Павіншаваць калектыў «Маяка Прыдняпроўя» з гэтай знамянальнай датай прыйшлі прадстаўнікі ўлады, калегі, ветэраны, шматлікія героі публікацый. А для самой раёнкі юбілей стаў яшчэ адной нагодай, каб успомніць усю багатую гісторыю станаўлення.

— Першы нумар газеты выйшаў з друку 25 снежня 1918 года. Тады выданне называлася «Весткі Быхаўскага рэўкома», — расказаў рэдактар Мікалай Леўчанка.

Свае радкі ў біяграфію выдання ўпісалі многія яго кіраўнікі. Сярод іх асобае месца займае былы рэдактар, франтавік, заснавальнік музея «Маяка Прыдняпроўя» Георгій Барысаў. Займаючыся пошукавай работай, ён устанавіў імёны першых супрацоўнікаў, дэталі існавання газеты ў ваенныя гады. Пачатую ім добрую справу напісання гісторыі свайго краю супрацоўнікі газеты працягваюць і зараз.

Адным з лепшых летапісцаў быхаўскай зямлі можна назваць сённяшняга кіраўніка выдання Мікалая Леўчанку, які прысвяціў гераічнаму мінуламу і слаўнаму сённяшняму дню раёна сем сваіх кніг. Дасягненні журналіста адзначаны шматлікімі ўзнагародамі. Але найбольшай для сябе пашанай Мікалай Уладзіміравіч лічыць магчымасць займацца любімай справай.

Газетчыкі і сёння на старонках «Маяка Прыдняпроўя» па-ранейшаму сумленна, таленавіта, дакладна расказваюць аб буднях і святах, дасягненнях і праблемах роднага краю. Шчырая размова з чытачом, плённае супрацоўніцтва са сваім заснавальнікам — раённым выканаўчым камітэтам даюць свае вынікі. Зараз тыраж раёнкі складае звыш 6 тысяч экзэмпляраў. «Маяк Прыдняпроўя» сам акупляе свае расходы. А жадаючыя яго выпісаць ёсць нават за межамі раёна.

P.S. Рэдакцыя «Рэспублікі» далучаецца да шматлікіх віншаванняў і жадае калегам далейшых поспехаў, новых таленавітых артыкулаў і цікавых адкрыццяў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter