Пятнаццаты год кіруе аддзяленнем паштовай сувязі ў стаўбцоўскай Новай Вёсцы Таццяна Райская

Ад Стаўбцоў да Сочы

Пятнаццаты год кіруе аддзяленнем паштовай сувязі ў стаўбцоўскай Новай Вёсцы Таццяна Райская. Разам з мужам Мікалаем Іванавічам і сынам Іванам прыехала сюды з далёкай Кустанайскай вобласці Казахстана. Сваякі цёпла прынялі іх. Таццяна Мікалаеўна працавала сакратаром, а потым землеўпарадкавальнікам у Варацішчанскім сельвыканкаме. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак начальніка аддзялення паштовай сувязі Новая Вёска Тэрэзы Шчатнюк замяніла яе.


Тры паштальёны абслугоўвалі жыхароў Новай Вёскі і навакольных населеных пунктаў. Пасля аптымізацыі з гэтымі абавязкамі паспяхова спраўляецца Алена Гекола. Не толькі дастаўляе перыядычныя выданні, выплачвае пенсіі, паштовыя пераводы, але і прымае ад вяскоўцаў заказы на тавары першай неабходнасці. Багаты асартымент харчовых і прамысловых тавараў у аддзяленні сувязі. Акрамя паштовых паслуг, тут прымаюцца і камунальныя плацяжы.

Паважаюць вяскоўцы Таццяну Мікалаеўну за яе ветлівасць і прафесіяналізм. Падтрымлівае яна сувязь са сваімі студэнцкімі сябрамі. На пачатку лета яны вырашылі сустрэцца ў расійскім курортным горадзе Сочы. Таццяна Мікалаеўна ўзяла чарговы адпачынак і адправілася на поўдзень. Будзе што расказаць ёй пра сваю цікавую працу і жыццё ў Прынямонні, якое стала ёй родным.

subbat50@mail.ru

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter