Млын. У культуры многіх народаў млын стаў сімвалам лёсу, боскага пакарання. Нездарма ўзнік такі выраз: “усё пройдзе, усё перамелецца”, бо лічылі, што “млын” жыцця дробніць зерне дабрыні і зла, а таму ўраўнаважвае падзеі лёсу.
- У народнай культуры млын заўсёды лічыўся “нячыстым” месцам, з якім звязвалі цэлы шэраг павер’яў. Лічылася, што ўдзень на млыне мелюць муку людзі, а ўначы — чэрці. Побач з вадзяным млыном заўсёды знаходзіцца вадзянік, а млынара ў народнай творчасці неаднаразова папракалі тым, што ён наведваецца ў госці да нячыстай сілы і карыстаецца яе павагай.
- Паўсюдна лічылася: каб млын спраўна працаваў, млынар павінен быў перыядычна прыносіць нячыстай сіле, якая знаходзілася (жыла) побач, ахвяраванні: лусту хлеба, зерне ці муку, парсюка, шмат сала, а ў святы — гуску або куру, у ваду ліць гарэлку.
- Лічылася, што з кожнага новага млына вадзянік ахвяру возьме, г.зн. утопіць чалавека, таму неабходна было прынесці ахвяраванне і тады, як пачыналі яго будаўніцтва. Млынар павінен быў утапіць у рацэ жывую курыцу. Калі млынар не рабіў гэтага, то лічылася, што вада зацягне яго самога.
- ”На Лаўрына спяшайся до млына” — 23 жніўня ў беларускім народным календары пазначана як свята млынара. Святочнымі днямі для млынароў лічылі таксама 3 і 25 кастрычніка. У гэтыя дні ніколі не працавалі: давалі млыну адпачыць, а млынароў запрашалі ў госці, надзялялі падарункамі.