Ад сонца запальваюцца ліхтарыкі

Наведваючы розныя куткі свайго райцэнтра — у тым ліку прыватны сектар, — заўсёды назіраю, як людзі выкарыстоўваюць прысядзібныя ўчасткі. Вельмі па-рознаму. Адны, напрыклад, ад самай агароджы да дзвярэй жылога дома пакідаюць толькі вузкія сцежкі, а ўсю плошчу выкарыстоўваюць для вырошчвання бульбы, морквы, буракоў, капусты, фасолі і іншай агародніны. Яны ёю стараюцца забяспечыць сябе на ўсю зіму, каб не купляць у магазінах. Іншыя саджаюць ягадныя кустарнікі і пладовыя дрэвы: найперш яблыні, грушы, чарэшні, вішні, слівы і нават вінаград. Зразумела, што на невялікім участку, які выдзяляецца мясцовай уладай пад індывідуальнае будаўніцтва, дужа не разгонішся, а хочацца вырошчваць на свае патрэбы многае.

Сячкарню амерыканскай вытворчасці, вырабленую ў 1816 годзе, можна пабачыць у Іўі.

Наведваючы розныя куткі свайго райцэнтра — у тым ліку прыватны сектар, — заўсёды назіраю, як людзі выкарыстоўваюць прысядзібныя ўчасткі. Вельмі па-рознаму. Адны, напрыклад, ад самай агароджы да дзвярэй жылога дома пакідаюць толькі вузкія сцежкі, а ўсю плошчу выкарыстоўваюць для вырошчвання бульбы, морквы, буракоў, капусты, фасолі і іншай агародніны. Яны ёю стараюцца забяспечыць сябе на ўсю зіму, каб не купляць у магазінах. Іншыя саджаюць ягадныя кустарнікі і пладовыя дрэвы: найперш яблыні, грушы, чарэшні, вішні, слівы і нават вінаград. Зразумела, што на невялікім участку, які выдзяляецца мясцовай уладай пад індывідуальнае будаўніцтва, дужа не разгонішся, а хочацца вырошчваць на свае патрэбы многае.

Апошнім часам, асабліва на новых вуліцах, можна ўбачыць многа двароў, якія так і прыцягваюць увагу сваёй прыгажосцю і  эстэтыкай. Гаспадары іх адводзяць месцы пад клумбы, кветнікі, ставяць прыгожыя альтанкі, высаджваюць дэкаратыўныя дрэвы і кустарнікі.

Але такой прыгожай і арыгінальнай сядзібы, што на вуліцы Лясной, дом № 9, якую стварыў гаспадар Вацлаў Віктаравіч Сільвановіч, больш нідзе сустракаць не даводзілася. На ўчастку вакол свайго дома ён абсталяваў музей пад адкрытым небам. На травяным газоне тут размешчана былая сельскагаспадарчая тэхніка і прылады працы. Ён збіраў яе не толькі ў сваёй роднай вёсцы Вікшняны, але і па ўсім раёне і нават за яго межамі. Уся плошча, адведзеная пад своеасаблівую выставу, абсаджана кітайскімі і польскімі туямі і кветкамі. А перад уваходам у дом расце цэлы шэраг пладовых дрэваў, пад якімі таксама размешчаны экспанаты. Гэта воз на драўляных колах, вазок, ці брычка, як звалі ў народзе ў мінулым, на якой у зімовы час ездзілі ў святочныя дні сяляне ў госці, на вяселлі. Тут таксама выстаўлены чатыры віды сячкарняў, адна з якіх амерыканскай вытворчасці аж 1816 года, калаўроты, на якіх жанчыны пралі лён, кудзелю, воўну, часальні для апрацоўкі лёну і іншае.

Вацлаў Віктаравіч уласнымі рукамі пабудаваў макет паветранага млына, прыгожы вадзяны дзеючы фантан, правёў электрычнасць і ўстанавіў не толькі электралямпачкі, але і тыя, што працуюць ад сонечных батарэй. А падтрымліваць музей у належным стане гаспадару сядзібы дапамагаюць яго жонка Алена Іванаўна з сынам і дачкой, вучаніцай Іўеўскай СШ.

Ахоўваюць сядзібу і музей аматара-краязнаўцы сямейства буслоў і Маці Божая, статуя якой устаноўлена ад вуліцы.

Варта дадаць, што сям’я Вацлава Віктаравіча жыве ў Іўі ўжо дзевятнаццаты год.

Іван ГОВАР, ветэран педагагічнай працы

НА ЗДЫМКУ: музей сельскагаспадарчых прылад пад адкрытым небам.

Фота Сяргея ЗЯНКЕВІЧА

 

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter