«Ад слова свеціцца жыццё»

У Мінску прайшла вечарына «Сяргей Грахоўскі. Я ўсё спазнаў»

Вечарына «Сяргей Грахоўскі. Я ўсё спазнаў», прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння вядомага паэта, празаіка, публіцыста, перакладчыка, адбылася ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Акрамя бібліятэкі, арганізатарам мерапрыемства, у якім удзельнічалі родныя пісьменніка, блізкія сябры, калегі па пяру, даследчыкі творчасці, выступіў таксама Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры.

Як падкрэслівалася на вечарыне, жыццё паэта — вялікае, трагічнае і прыгожае, знітаванае з жыццём і выпрабаваннямі Бацькаўшчыны на нялёгкіх, пакручастых шляхах нашай гісторыі. Двойчы кіданы ў пекла ГУЛАГа, Сяргей Грахоўскі, нягледзячы ні на што, застаўся беларусам, чалавекам і паэтам. Зона маўчання асабіста для паэта цягнулася больш за трыццаць гадоў, бо свой першы верш ён напісаў у 1926 годзе, а першая кніга выйшла толькі ў 1958-м. Тым не менш паэзія Грахоўскага — жыццесцвярджальная, напоеная дабрынёй, цяплом і чысцінёй.

Да імпрэзы была падрыхтавана выстаўка «…Ад слова свеціцца жыццё». У яе экспазіцыі — лепшыя творы Сяргея Грахоўскага: кнігі лірыкі, аповесцей і апавяданняў, публіцыстыкі, нарысаў і ўспамінаў, мастацкіх перакладаў, твораў для дзяцей. Асобным раздзелам прадстаўлена літаратура аб жыцці і творчасці паэта.

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры ўпершыню прадставіў экспазіцыю з фондаў музея і сямейнага архіва Грахоўскіх, якую складаюць фотаздымкі, рукапісы, асабістыя рэчы Сяргея Іванавіча Грахоўскага.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter