Карэспандэнт «Р» пабываў ва ўнікальным музеі і назіраў, як выпякаюць хлеб новага ўраджаю

Ад скарынкі да скарынкі

На палях поўным ходам ідзе ўборка ўраджаю, традыцыйны сімвал якога — хлеб. У вёсцы Батвінава Чачэрскага раёна да яго асаблівае стаўленне. Тут дзейнічае адзіны ў краіне Музей хлеба, у якім пабываў карэспандэнт «Р».


— Жанчына, якая сустракае нас на ганку, апранутая ў нацыянальны касцюм і размаўляе выключна па-беларуску. — Праходзьце, госці шаноўныя. У нас тут не шыкоўна, затое душы багата. Таму і едуць адусюль. Адзін аднаму расказваюць, а гэта лепшая рэклама.

Дырэктар Батвінаўскага культурна-спартыўнага цэнтра Ірына Нікішова працуе тут каля 30 гадоў. Па сваёй ініцыятыве яна стварыла Музей хлеба. Экспанаты збірала ў навакольных вёсках і нават у суседніх раёнах. Даведаўшыся пра тое, навошта патрэбныя рэчы, людзі ахвотна неслі тое, што дзесяцігоддзямі пылілася на гарышчах або валялася без патрэбы ў двары.

Ірына НІКІШОВА ведае старадаўнія рэцэпты прыгатавання хлеба.

Сёння музей размешчаны ў невялікіх, але з любоўю абсталяваных пакойчыках. Цэнтральная частка экспазіцыі — прылады земляробства і іншы інвентар хлебаробаў. Узрост многіх рэчаў перасягнуў векавую мяжу. Жорны, якія падарыў адзін дзядуля, па самых сціплых падліках, зроблены не менш за 130 гадоў таму. А вось утыканае цвікамі прыстасаванне — як быццам карыкатурны трэнажор для ёгаў. На самай справе гэта часалка для лёну. Побач — выдзеўбанае з кавалка дрэва карыта, якое нагадвае казку пра Залатую рыбку. З дрэва зроблены і дзежкі — кадкі, у якіх мясілі цеста. Сярод гаспадынь яны лічыліся прадметам асабістага карыстання, які не прынята пазычаць. Бо калі ў адной цеста не атрымаецца, «праклён» можа перайсці на дзежку.

Цікавасць юных наведвальнікаў выклікае і «транспарт Бабы-ягі» — ступа і прыстасаванне для нарэзкі капусты. Праўда, хлопцам і дзяўчатам, якія выраслі сярод разнастайнай бытавой тэхнікі, прызначэнне гэтага прадмета незразумелае.


Наогул дзеці — галоўная мэтавая аўдыторыя, якой паказваюць шлях хлеба ад зерня да булкі на стале. Пры гэтым наведванне музея менш за ўсё нагадвае стандартную экскурсію. Хутчэй — рэаліці-шоу. Яго ўдзельнікі могуць паспрабаваць усё сваімі рукамі. Напрыклад, пацягаць барану-сукаватку, памахаць цэпам або запаліць агонь у печы. І, зразумела, далучыцца да выпечкі хлеба. Звычайныя ў сельскім жыцці справы выклікаюць захапленне ў гарадской дзятвы. Бо ў сацсетках і на Ютубе пра гэта амаль нічога няма.

— Нядаўна паведаміла ім, што хутка тут усё па-новаму будзе, дык яны нават засмуціліся, — з усмешкай апісвае рэакцыю малых Ірына Нікішова. — Кажуць: «Дык гэта ўжо музей будзе, дзе нічога чапаць нельга, а мы хочам, як да бабулі прыходзіць, хлеб пячы».

Ёсць «атракцыён» і для дарослых. Спярша надзімаюць паветраны шар, які імітуе цяжарнасць на познім тэрміне. А затым прапануюць у такім цікавым становішчы паспрабаваць жаць сярпом. Менавіта так яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя працавалі ў полі нашы прабабкі. Дэкрэтных адпачынкаў у той час не было.

Ірына Міхайлаўна частуе гасцей толькі што спечаным духмяным хлебам

Унікальнасць задумы атрымала прызнанне на міжнародным узроўні. У прамым і ў пераносным сэнсе. У кнізе водгукаў наведвальнікаў ёсць запісы ад гасцей з далёкага замежжа — Галандыі, Італіі, Германіі. А нядаўна музей атрымаў перамогу ў конкурсе праектаў па лініі ПРААН. На яго развіццё выдзелены грант каля 30 тысяч долараў. За гэтыя грошы абновяць інтэр'ер, пабудуюць веранду, а прылеглую тэрыторыю добраўпарадкуюць у стылі сельскага падворка. Галоўная ж задумка — абсталяваць невялікую пякарню. Розных старадаўніх рэцэптаў выпечкі хлеба сабрана ўжо нямала. У некаторых прысутнічаюць такія нетыповыя кампаненты, як мёд і піва. А спецыяльна для першых страў выпякаўся шэры хлеб з салёным салам.

Але ў дзень нашага візіту ў Ірыны Міхайлаўны асаблівая місія — выпечка пшанічнага хлеба з мукі новага памолу. Для тых, хто зараз у полі, — камбайнераў мясцовай гаспадаркі.

— Новая мука — свежая, нязлеглая, насычаная кіслародам, — рукі Ірыны Нікішовай без стомы месяць цеста. — Таму і хлеб атрымліваецца вельмі смачны. Сам падымаецца добра, і скарыначка храбусткая запякаецца.

Глядзець на гэта можна таксама доўга, як на агонь і ваду. Фармаваныя «цаглінкі» адпраўляюцца ў печ.

Камбайнеры каштуюць хлеб, які ўбралі сваімі рукамі.

Праз гадзіну яшчэ цёплы хлеб камбайнерам вязуць наўпрост у поле. У іх якраз перапынак. Не абедзенны, а вымушаны — механізатары чакаюць, пакуль зерне прасохне пасля дажджу. Дэгустацыя праходзіць пад акардэон і песні калектыву мастацкай сама-     дзейнасці. Камбайнеры не чакалі такога сюрпрызу, збянтэжана пасмейваюцца. Духмяны хлеб, які яны беражліва адломваюць невялікімі кавалачкамі, яшчэ зусім нядаўна быў тут — у выглядзе густой сцяны пшаніцы.

Ірына Міхайлаўна дае наказ хлебаробам паэтычна:

— Каб вашы рукі не стамляліся, а камбайны не ламаліся. У добры шлях!

Зерне падсохла. Заводзяцца рухавікі — камбайны чарадой ідуць у поле. Час жаць.

proleskovskiy77@mail.ru 

Фото автора
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter