Пазнаёміцца са спадчынай беларускіх мастакоў сусветнага ўзроўню цяпер можа любы жадаючы

Ад Рушчыца да Шагала

Галерэя нацыянальнага гісторыка-культуралагічнага праекта “Арт-Беларусь” распачала работу на пастаяннай аснове ў Палацы мастацтваў у Мінску. У адной экспазіцыі прадстаўлена больш за 50 шэдэўраў беларускіх майстроў з карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка. Якія імёны: Марк Шагал, Хаім Суцін, Леон Бакст, Валенцій Ваньковіч, Фердынанд Рушчыц, Абрам Маневіч, Восіп Цадкін...

Доўгія гады мы маглі толькі марыць, каб хоць невялічкая частка шэдэўраў нашых знакамітых суайчыннікаў аказалася ў Беларусі. Мара пачала ажыццяўляцца каля сямі гадоў таму, калі Белгазпрамбанк набыў некалькі твораў сусветна вядомых мастакоў Парыжскай школы родам з Беларусі. Сёння ў карпаратыўнай калекцыі банка налічваецца больш за 100 артэфактаў, створаных з пачатку XVI стагоддзя. У першую чаргу гэта творы мастакоў, якія нарадзіліся ў межах сучаснай Беларусі, праславіліся на ўвесь свет, але іх творчая спадчына ў сілу аб’ектыўных прычын амаль не прадстаўлена ў музейных зборах краіны.

У межах праекта “Арт-Беларусь” праведзена больш чым дзесяць мастацкіх выстаў, у тым ліку перасоўных. З каштоўнай калекцыяй банка маглі пазнаёміцца не толькі мінчане, але і жыхары Гомеля, Віцебска, Брэста, Гродна і іншых гарадоў. Аднак да гэтага часу ў карцін не было сталага дому, у які б былі адчынены дзверы для шырокага кола наведвальнікаў. Такім домам стала галерэя ў Палацы мастацтваў. Плануецца, што тут будуць не толькі выстаўляцца карціны, але таксама чытацца адукацыйныя лекцыі, прэзентавацца фільмы, праводзіцца дыскусіі і гэтак далей. Паколькі галерэя прызвана далучыць да нацыянальнай культуры ў першую чаргу маладое пакаленне, у ёй прадугледжаны і максімальны інтэрактыў — ад бясплатнага Wi-Fi да ратацыі калекцыі ў залежнасці ад каментарыяў і колькасці сэлфі з работамі майстроў.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter