Ад родных ніў

200-годдзе Іосіфа Гашкевіча ўключана ў каляндар дат ЮНЕСКА

Двухсотгадовы юбілей нашага знакамітага земляка Іосіфа Гашкевіча ўключаны па рашэнні ЮНЕСКА ў каляндар памятных дат гэтай арганізацыі на 2014—2015 гады.

Пасольства Японіі ў Беларусі пачало цыкл культурных мерапрыемстваў, прысвечаных гэтай падзеі. Як вядома, Іосіф Антонавіч быў першым расійскім консулам у Японіі, з’яўляўся аўтарам першага ў свеце Японска-рускага слоўніка. Ён нарадзіўся ў сакавіку 1814 года ў Рэчыцкім павеце Мінскай губерні (зараз — Гомельская вобласць). Закончыў Мінскую духоўную семінарыю і Пецярбургскую духоўную акадэмію. Прымаў удзел у Рускай духоўнай місіі ў Пекіне (1839—1848 гг.), служыў у Азіяцкім дэпартаменце Міністэрства замежных спраў Расіі. У 1855 годзе ў якасці перакладчыка і саветніка дыпламатычнай місіі ў Японіі ўдзельнічаў у падрыхтоўцы і падпісанні Сімодскага трактата — першага дыпламатычнага дагавора паміж Расіяй і Японіяй. У час службы консулам Расійскай імперыі ў горадзе Хакадатэ Іосіф Гашкевіч стаў ініцыятарам адкрыцця рускай школы і бальніцы, а таксама выдання рускай азбукі для японцаў. Пасля завяршэння сваёй дыпламатычнай місіі ён вярнуўся ў родную Беларусь, дзе і памёр у 1875 годзе.

У рамках святкавання юбілею нашага земляка ўжо сёння ў Нацыянальным гістарычным музеі адбудзецца адкрыццё выставы «Іосіф Гашкевіч — дыпламат, вучоны, арыенталіст». Затым яна працягне сваю работу ў Санкт-Пецярбургу, Парыжы і Хакадатэ (Японія). А заўтра на факультэце міжнародных зносін БДУ адбудуцца Міжнародныя чытанні, прысвечаныя гэтай даце. Увогуле, асобныя мерапрыемствы ў гонар Іосіфа Гашкевіча будуць праходзіць таксама восенню гэтага года ў час фестывалю японскай культуры «Японская восень у Беларусі-2014».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter