Ад рэпрадукцый Радзевічаў да бульбяных холдзінгаў

НА СТАЎБЦОЎШЧЫНЕ стала традыцыйным правядзенне Дня поля, а дакладней — бульбы, якой апошнім часам, дзякуючы і такім мерапрыемствам, пачалі надаваць увагу. Сёлета сялянская фермерская гаспадарка «Сула» ў чарговы раз запрасіла прыняць удзел у мерапрыемстве ўсіх, хто хоча атрымліваць высокія ўраджаі гэтай культуры. Адгукнуліся звыш 270 чалавек з усёй рэспублікі. Госці сабраліся на дэманстрацыйным полі, дзе, акрамя сартоў бульбы нямецкай кампаніі, афіцыйным прадстаўніком якой у Рэспубліцы Беларусь і з’яўляецца фермерская гаспадарка «Сула», рэкламаваліся таксама сучасная сельскагаспадарчая тэхніка вядучых еўрапейскіх кампаній і фірмаў, што прымяняецца на розных этапах вырошчвання бульбы, а таксама новыя эфектыўныя прэпараты для яе апрацоўкі, мікраўгнаенні.

Чаму Дзень поля, які прайшоў у сялянскай фермерскай гаспадарцы «Сула» Стаўбцоўскага раёна, прадоўжыўся рабочым візітам сюды старшыні Гродзенскага аблвыканкама Сямёна Шапіры?

НА СТАЎБЦОЎШЧЫНЕ стала традыцыйным правядзенне Дня поля, а дакладней — бульбы, якой апошнім часам, дзякуючы і такім мерапрыемствам, пачалі надаваць увагу. Сёлета сялянская фермерская гаспадарка «Сула» ў чарговы раз запрасіла прыняць удзел у мерапрыемстве ўсіх, хто хоча атрымліваць высокія ўраджаі гэтай культуры. Адгукнуліся звыш 270 чалавек з усёй рэспублікі. Госці сабраліся на дэманстрацыйным полі, дзе, акрамя сартоў бульбы нямецкай кампаніі, афіцыйным прадстаўніком якой у Рэспубліцы Беларусь і з’яўляецца фермерская гаспадарка «Сула», рэкламаваліся таксама сучасная сельскагаспадарчая тэхніка вядучых еўрапейскіх кампаній і фірмаў, што прымяняецца на розных этапах вырошчвання бульбы, а таксама новыя эфектыўныя прэпараты для яе апрацоўкі, мікраўгнаенні.

Удзельнікаў семінара вітаў старшыня райвыканкама Уладзімір Місько. Ён падкрэсліў: кіраўніцтва раёна будзе і надалей падтрымліваць працавітых людзей, якія прыкладаюць намаганні для таго, каб вярнуць бульбе былую славу. З прывітальным словам да прысутных звярнуўся і пасол Германіі ў Рэспубліцы Беларусь Крыстоф Вайль. Ён адзначыў немалы ўклад кіраўніка СФГ «Сула» Уладзіміра Радзевіча ў развіццё эканамічных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Германіяй.

Уладзімір Радзевіч давёў да ведама, што ў гаспадарцы налічваецца 325 гектараў ворыўнай зямлі, плошчы пад бульбай сёлета расшыраны да 180 гектараў, бо пад яе пасадку арандавалі землі і ў іншых гаспадарках. Фермерская гаспадарка заснавана адзінаццаць гадоў таму. Пачыналі справу бацька і сын Радзевічы. Менавіта дзякуючы Уладзіміру Піліпавічу, які ажыццявіў уласную ідэю стаць фермерам і прыцягнуў да работы на зямлі свайго сына, і дасягнуты сённяшнія неблагія вынікі. А плённае супрацоўніцтва з заходнееўрапейскімі фірмамі і аграпрадпрыемствамі дазваляе ўдасканаліць працэс вырошчвання другога хлеба. Летась фермерская гаспадарка прадала ў Татарстан паўтары тысячы тон якаснай таварнай бульбы, ёсць адтуль заяўкі і сёлета, заключаны дагаворы аб пастаўках таксама з Масквой і Пецярбургам.

Для тых, хто прыехаў у Ячонку на Дзень поля, а гэта ў асноўным кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў і фермерскіх гаспадарак, прэзентавалі дзесяць лепшых гатункаў бульбы нямецкай селекцыі, якія вырошчваюцца на палетках «Сулы». Для таго каб ацаніць смакавыя якасці клубняў, арганізавалі іх дэгустацыю.

Усе фірмы, якія прымалі ўдзел у мерапрыемстве, мелі ў «полі» дэманстрацыйныя палаткі-экспазіцыі, дзе кожны мог атрымаць неабходную кансультацыю спецыялістаў па той ці іншай прадукцыі і дадатковую інфармацыю, выкладзеную ў спецыяльных праспектах. Побач была прадстаўлена тэхніка для вырошчвання бульбы, якая належыць СФГ «Сула». Удзельнікам мерапрыемства тут жа была прадэманстравана работа сепаратара па выдаленні з поля камення вытворчасці нямецкай кампаніі. Выкарыстоўваецца ён  на палетках другі год і працуе надзейна. Паглядзелі госці і на работу бульбаўборачных камбайнаў. Затым усе наведаліся на механізаваны сартавальна-фасовачны пункт. Сабраны ён з машын замежнай і айчыннай вытворчасці, прычым самых танных па цане, сярод якіх і тыя, што былі ў карыстанні, але даволі якасныя.

Уладзімір Радзевіч адказаў на пытанні, якія былі зададзены яму пасля дэманстрацыі работы тэхнікі. У прыватнасці, удзельнікаў мерапрыемства цікавіла, чаму фермер не вырошчвае айчынныя гатункі бульбы. Ён патлумачыў, што яшчэ пазалетась высаджвалі 28 айчынных і замежных гатункаў, але вырашылі абмежавацца імпартнымі. Беларускія гатункі добрыя, аднак фермера не задавальняе насенны матэрыял. Еўраплантаўскія ж гарантуюць высокую рэпрадукцыю і праходзяць двайны фітасанітарны кантроль — пры вывазцы з Германіі і на мяжы Рэспублікі Беларусь.

Як падкрэсліў генеральны дырэктар рэспубліканскай асацыяцыі «Бульбасадавінаагародніна» Аляксандр Яраховіч, да канца пяцігодкі ставіцца задача атрымліваць у рэспубліцы з кожнага гектара ў сярэднім па 300 цэнтнераў бульбы. Асноўны накірунак дзейнасці — пераход на мэтавае вырошчванне гэтай культуры. А гэта значыць, патрэбна ўкамплектаваць гаспадаркі, якія спецыялізуюцца на яе вырошчванні, наборам сучаснай тэхнікі. Другі накірунак — выкарыстоўваць еўрапейскую сістэму насенняводства. Трэці — абавязкова будаваць агародніна- і бульбасховішчы. Чацвёрты — арганізацыя ў Беларусі 16 сучасных холдзінгаў, дзе будзе наладжана вытворчасць бульбы, яе фасоўка, упакоўка, перапрацоўка і пастаўка ў гандлёвую сетку. Пяты — збыт на ўнутраным рынку і экспарт культуры. Дзеля гэтага неабходна пабудаваць у кожнай вобласці гандлёва-аналітычныя цэнтры.

Для ўдзельнікаў Дня поля была арганізавана латарэя. Галоўны прыз — пуцёўка ў Гановер на выставу «Агратэхніка-2011» — дастаўся КСУП «Каплічы» Магілёўскай вобласці.

ДЗЕНЬ поля меў шырокі рэзананс: праз тры дні пасля яго правядзення фермерскую гаспадарку наведаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра разам са старшынямі райвыканкамаў вобласці. Госці азнаёміліся з тэхналогіяй вырошчвання, сарціравання і фасавання бульбы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter