«Краязнаўчая газета» объединяет всех неравнодушных к культурному наследию

Ад радзiмазнаўства да радзiмалюбства

У кожным беларускiм мястэчку i горадзе, у вёсцы i на хутары здаралiся незвычайныя гiсторыi, жылi выдатныя людзi, iснавалi адметныя традыцыi. Недаравальна, калi гэта забываецца. На шчасце, паўсюль ёсць неабыякавыя краязнаўцы, якiя i захоўваюць народную памяць. Яны вось ужо шаснаццаць гадоў аб’ядноўваюцца вакол «Краязнаўчай газеты», заснаванай у красавiку 2003 года Беларускiм фондам культуры. Пра сённяшнi дзень «Краязнаўчай» мы гаворым з намеснiкам старшынi фонду, сябрам рэдакцыйнай рады вядомым пiсьменнiкам Анатолем Бутэвiчам.

— Выйшла ўжо 769 нумароў газеты. Увесь гэты час яе ўзначальвае заснавальнiк, нядаўнi старшыня Беларускага фонду культуры Уладзiмiр Гiлеп. Мэта стварэння была зразумелай: падтрымаць краязнаўцаў, якiя працуюць на месцах, даць магчымасць назапашанаму iмi ўнiкальнаму матэрыялу дайсцi да шырокага чытача. 

— Але ваша газета — больш, чым публiкацыi, гэта яшчэ i шматлiкiя акцыi…

— Так. Напрыклад, нядаўняя акцыя фонду культуры i «Краязнаўчай газеты» «Мой род, мая радзiма», калi мы запрашалi ў Мiнск краязнаўцаў дзялiцца творчымi набыткамi. Другая акцыя, якую ў гэтым годзе мы праводзiлi разам з газетай «Звязда», — конкурс «Славутыя iмёны маёй малой радзiмы». У вынiку з’явiлася шмат маладых аўтараў, якiя зацiкавiлiся гiсторыяй сваёй мясцовасцi. Усе праекты фонду культуры становяцца праектамi «Краязнаўчай газеты». Гэта i штогадовы конкурс «Бiблiятэка — асяродак нацыянальнай культуры», i тэатральны конкурс, якi мы праводзiм разам з музеем гiсторыi музычнай культуры, i фестываль «Берагiня». Знаходзiць месца на старонках праблема знiкнення вёсак. Мы правялi рэспублiканскую акцыю разам з газетай «Звязда», у вынiку ў Вiлейскiм раёне сёння створаны мемарыял‑помнiк знiклым вёскам. Сочым за праблемай вяртання культурных каштоўнасцей. 

— А як быць тым, хто хацеў бы далучыцца да краязнаўства, але не валодае методыкай?

— Для такiх — рубрыка «Малая краязнаўчая энцыклапедыя». На жаль, не давялi да канца iншы праект, калi памёр яго iнiцыятар, вядомы архiвiст Вiталь Скалабан: не выдалi энцыклапедыю пра тых, хто займаецца пачэснай справай краязнаўства. Бо ўсё залежыць ад людзей, энтузiястаў. Зараз фонд культуры i «Краязнаўчая газета» разам з Нацыянальным гiстарычным музеем рыхтуюць Першы рэспублiканскi краязнаўчы форум, якi пройдзе ў наступным годзе. Яшчэ адзiн кiрунак газеты — прапаганда агратурызму. Многiя, дарэчы, з гэтай сферы займаюцца i краязнаўствам, напрыклад, ладзяць у сваiх сядзiбах зборы даўнiх гiстарычных рэчаў. 

— Сёння папяровыя выданнi саступаюць рынак лiчбавым. 

— Так, маладыя чытачы аддаюць перавагу электронным версiям. Такая версiя, мо, яшчэ не надта дасканалая, у нашай газеты ёсць. Хочацца мець сайт, дзе зможам размяшчаць тое, што не змясцiлася на паперы, бо матэрыялаў дасылаюць вельмi шмат. На жаль, усё ўпiраецца ў грашовае пытанне. 
Публiкацыi «Краязнаўчай газеты» спрыяюць аднаўленню помнiкаў i папулярызацыi агратурызму. 
— Тым не менш вы маеце свайго чытача?

— На жаль, многiя нашы патэнцыйныя чытачы i аўтары проста пра нас не ведаюць. Ёсць раёны Беларусi, дзе бiблiятэкi альбо музеi не выпiсваюць нiводнага нашага асобнiка. А мiж тым нават той, хто добра ведае гiсторыю, можа знайсцi для сябе незвычайныя факты. Пагартайце хоць бы апошнi нумар… Артыкул навуковага супрацоўнiка Клiчаўскага краязнаўчага музея Лiдзii Ачыновiч пра Аркадзя Смолiча, аўтара першых беларускiх падручнiкаў па геаграфii, артыкул навуковага супрацоўнiка Дзятлаўскага краязнаўчага музея Алены Абрамчык пра Iрэну Бохвiц‑Радван, аўтара кнiгi пра Дзятлаўшчыну, чарговы выпуск рубрыкi «Царкоўнае краязнаўства», у якiм настаўнiца з Навагрудка Аксана Чысцякова распавядае пра гiсторыю Свята‑Варварынскай царквы ў вёсцы Суляцiчы. Дарэчы, у гэтай рубрыцы мы пiшам не толькi пра праваслаўныя святынi, але пра святынi ўсiх канфесiй, якiя ёсць у краiне. Прыемна, што часам нашы публiкацыi спрыяюць таму, каб зацiкавiлася дзяржава i помнiк архiтэктуры пачаў аднаўляцца. Перакананы, кожны знойдзе ў газеце нешта карыснае для сябе. Друкуем каляндар падзей, змяшчаем i лiтаратурныя творы адпаведнай тэматыкi. Многiя публiкацыi дапамагаюць, напрыклад, мне як старшынi грамадскай назiральнай камiсii пры Мiнiстэрстве культуры па ахове гiсторыка‑культурнай спадчыны. 
Каб далучыцца да краязнаўства, можна пачаць з вывучэння гiсторыi сваёй сям’i.
— Хто можа стаць аўтарам газеты?

— Усе, каму ёсць што расказаць пра сваю малую радзiму, хто хоча звярнуць увагу на стан нейкага гiсторыка‑культурнага помнiка цi распавесцi пра свой род, сваiх продкаў, пра дзейнасць мясцовых краязнаўцаў i шматлiкiх (недзе каля 1.500!) школьных музеяў. Наш дэвiз — «Праз радзiмазнаўства да радзiмалюбства».

cultura@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter