У Верхнядзвінскім раёне прайшлі спаборніцтвы лепшых аратых

Ад плугоў шумелi Гаi

ПРАВОДЗІЛІСЯ яны ў сельгаспрадпрыемстве «Верхнядзвінскі», на ўскрайку поля каля вёскі Гаі, куды прыехалі не толькі ўдзельнікі спаборніцтваў і суддзі,  але  і  кіраўнікі  ўсіх  гаспадарак з галоўнымі спецыялістамі. А яшчэ — вучні старэйшых класаў сельскіх школ раёна, каб бліжэй пазнаёміцца з хлебаробскай прафесіяй.


Пераможца конкурсу аратых механізатар з КУП СГП «Дрысенскі» Віктар МАЦКЕВІЧ.

Спачатку ўсе праспявалі гімн трактарыстаў. Потым намеснік начальніка райсельгасхарчу Люцыя Грэсько правяла ўрок, на якім расказала пра гісторыю плуга — з даўніх пор і да сучаснасці. А старшыня райвыканкама Ігар Марковіч, начальнік райсельгасхарчу Уладзімір Быкаў, а таксама кіраўнікі гаспадарак паказалі сваё ўменне запрагаць каня і хадзіць за плугам.


За плугам старшыня Верхнядзвінскага райвыканкама Ігар МАРКОВІЧ.

У спаборніцтве аратых удзельнічалі 16 механізатараў. Па аднаму з кожнага сельгаспрадпрыемства, а таксама з райаграсэрвісу і льнозавода. Лепшых вызначалі па якасці ворыва. Перамог прадстаўнік КУП СГП «Дрысенскі» Віктар Мацкевіч. Прызёры, а іх было шасцёра, узнагароджаны дыпломамі і грашовымі прэміямі. Адзначаны асобна самы малады араты — дваццацідвухгадовы механізатар  КУП СГП «Верхнядзвінскі» Дзмітрый Гласка.

Вырашана зрабіць свята аратых у раёне традыцыйным.


Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

saulich@bk.ru

Фота Валерыя САЛАЎЁВА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter