В Национальном художественном музее экспонируются уникальные произведения Яна Дамеля

Ад палоцен да лічбы

Выстава «Ян Дамель. Палатно, папера, лічба» прымеркавана да 240-годдзя з дня нара­джэння і 180-годдзя з дня смерці знакамітага аўтара партрэтаў, батальных сцэн і алтарных палотнаў.


Ян Дамель пакінуў значны след у мастацтве адразу некалькіх краін — сучасных Латвіі, Літвы, Расіі і Беларусі. Нарадзіўся на тэрыторыі Курляндыі, пазней пераехаў у Жмудзь, вучыўся ў Віленскім універсітэце, быў несправядліва асуджаны і сасланы ў Сібір, пасля высылкі пасяліўся ў Мінску, дзе і пражыў да канца жыцця.

Мастак пісаў пераважна на гістарычныя тэмы: «Хрышчэнне княгіні Вольгі», «Смерць князя Юзафа Панятоўскага», «Разбітыя войскі Напалеона ў Вільні» і іншыя. Добра вядомы яго творы на рэлігійныя тэмы: «Хрыстос і самарыцянка», «Святы Іосіф з Дзіцяткам Ісусам», «Святы Тадэвуш» і гэтак далей. Ян Дамель быў і таленавітым партрэтыстам. На яго палотнах — князь Дамінік Радзівіл, граф Канстанцін Тышкевіч, мінскі губернскі маршалак Атон Ігнатавіч Горват і многія іншыя. Захаваліся яго малюнкі і замалёўкі на тэмы побыту народаў Сібіры. Сёння мастацкая спадчына Яна Дамеля раз'яднана паміж музейнымі і прыватнымі калекцыямі Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны і ЗША. На жаль, месцазнаходжанне шматлікіх твораў, пра якія ўзгадвалі сучаснікі мастака, невядома.

На выставе «Ян Дамель. Палатно, папера, лічба» ў Нацыянальным мастацкім музеі экспануюцца арыгінальныя палотны майстра, яго настаўнікаў і калег па Віленскім універсітэце, архіўныя дакументы з малюнкамі самога мастака і лічбавыя копіі твораў, што захоўваюцца па-за межамі Беларусі. Наведаць экспазіцыю можна да 27 студзеня 2021 года.

mila@sb.by

Фота artmuseum.by


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter