Чым збіраюцца здзівіць у новым сезоне беларускія тэатры?

Ад “Паўлінкі” да “Лаўрэнсіі”

Для рэжысёраў і акцёраў восень — гарачая пара. Кожны з тэатраў стараецца запаліць новы сезон ярка і запамінальна. Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, да прыкладу, разам з народным артыстам Расіі Андрысам Ліепам рыхтуе балет Ігара Стравінскага “Жар-птушка” — яна павінна прызямліцца на сцэне тэатра ў пачатку кастрычніка. У лістападзе тут збіраюцца парадаваць балетам “Лаўрэнсія” Аляксандра Крэйна. Яго рэжысуе народная артыстка Грузіі і Расіі Ніна Ананіяшвілі. Усяго ў новым сезоне Вялікі тэатр прадставіць на суд гледачоў восем новых спектакляў.


павлинка.jpg



Тэатралаў Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра ў пачатку сезона будуць забаўляць, як ні дзіўна, артысты з Казахстана. З 26 верасня па 5 кастрычніка тут пройдуць гастролі Карагандзінскага акадэмічнага тэатра музычнай камедыі, які прывязе свае версіі “Баядэры”, “Сільвы”, “Марыцы”, “Цыганскага барона” і іншых шэдэўраў сусветнай класікі.

Купалаўцы восеньскі сезон вырашылі наогул пачаць за мяжой. У Томску артысты паказалі спектаклі “Офіс”, “Ноч на Каляды” і “Паўлінку”. Сімвалічна, што менавіта ў гэтым расійскім горадзе семдзесят гадоў таму і была ўпершыню пастаўлена вядомая купалаўская п’еса.

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі ў новым сезоне вырашыў дзейнічаць не па фармаце. Ужо ў лістападзе тут адбудзецца прэм’ера, якая, абяцае кіраўніцтва тэатра, уразіць уяўленне крытыкаў і тэатралаў, — дакументальны праект-спектакль з папярэдняй назвай “Напэўна” Аляксандра Марчанкі. У бліжэйшы час тут збіраюцца таксама паставіць “Вялікае перасяленне вырадкаў” па п’есе Мікалая Рудкоўскага і спектакль “Каханне людзей” па творы Дзмітрыя Багаслаўскага. Такім чынам, сумаваць беларускім тэатралам у новым сезоне не давядзецца.

mila@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter