Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Акадэмік Валянцін Пармон, які святкуе 70-гадовы юбілей, мае моцныя родавыя карані ў Беларусі

Ад Нёмана да Новасібірска

Фото: Юлия Позднякова
Хоць біяграфія вучонага пачалася 18 красавіка 1948 года ў сям’і вайскоўца ў нямецкім Брандэнбурзе, але ж ён беларус. Такое прызнанне Валянціна Мікалаевіча, які “па крыві на 100 працэнтаў з’яўляецца беларусам”, мы знайшлі ў аўтабіяграфічным нарысе “Путь в научную Сибирь”: змешчаны ў кнізе “Сибирью связанные судьбы” (рэдактар-складальнік Людміла Бяляўская, 2008). Акадэмік пісаў: “З вялікай упэўненасцю можна гаварыць пра тое, што прозвішча Пармон — спрадвечна беларускае. Прычым знаходзяцца яго карані, гняздо паблізу радзімы майго бацькі — у вярхоўях рэчкі Нёман, дзе раскінуўся Уздзенскі раён Мінскай вобласці. Сапраўды, там прынамсі ў дзвюх суседніх вёсках — Касцешы і Пясочнае — амаль палавіна жыхароў мае аднафамільцы. А ў тэлефоннай кнізе Мінска амаль два дзясяткі нумароў тэлефонаў прыпісаны да прозвішча Пармон”.

У біяграфіях акадэміка значыцца спачатку Брандэнбург, а потым адразу й Масква: у 1972-м наш зямляк закончыў факультэт малекулярнай ды хімічнай фізікі Маскоўскага фізіка-тэхнічнага інстытута. Між тым сам беларус піша, што “з канца трэцяга класа і да заканчэння адзінаццацігодкі я жыў ужо ў Мінску і лічу сябе паўнапраўным мінчанінам”.

Летась Валянцін Пармон быў абраны старшынёй Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук, віцэ-прэзідэнтам РАН. Днямі яго павіншаваў з юбілеем Прэзідыум Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Далучаемся да віншаванняў!

Голас Радзімы № 15 (3567), субота, 21 красавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter