Ад Мядовага Спаса — да Першай Прачыстай

Сёння ў праваслаўных пачынаецца Успенскі пост

Сёння ў праваслаўных пачынаецца Успенскі пост

Гэты пост пачынаецца за два тыдні да вялікага двунадзесятага свята — Успення Маці Божай. Устаноўлены ён у першых стагоддзях хрысціянства ў гонар Багародзіцы, якая правяла сваё жыццё ў посце і малітве. Нягледзячы на тое што Спажынкі (так называюць гэты пост у народзе) кароткія — усяго два тыдні, па строгасці яны не саступаюць Вялікаму посту. Вернікі прытрымліваюцца сухаядзення па панядзелках, серадах і пятніцах, у аўторак і чацвер можна ўжываць вараную ежу без алею, а па выхадных — алей і нават віно. Хоць пост і строгі, але лічыцца самым лёгкім і нават прыемным: паспявае садавіна і агародніна, збіраюцца ў лесе грыбы, капаецца маладая бульба, качаецца першы мёд. (Дарэчы, свята, з якога пост сёння пачынаецца, завецца ў народзе Мядовым Спасам). Да таго ж падчас посту, 19 жніўня, мы адзначаем яшчэ адзін Спас — Яблычны (па рэлігійным календары — вялікае свята Праабражэння Гасподняга). З гэтага дня дазваляецца есці яблыкі новага ўраджаю, а ў сам дзень можна дазволіць сабе рыбу, алей і віно. Апошні дзень посту — 27 жніўня, а назаўтра адзначаецца Успенне Прасвятой Багародзіцы (Першая Прачыстая). У гэты дзень можна разгаўляцца, але, калі свята выпадае на сераду або пятніцу, лепш рабіць гэта не мясам, а рыбай.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter